Іншымі словамі, выпадкова ён заўважыў закаханых ці дзейнічаў па загадзя абдуманаму плану?
Справядлівым было першае – чыстая выпадковасць або, дакладней, выпадковасць разам з месячнай ноччу дапамаглі адстаўному капітану адкрыць тайну, якая паліла цяпер яго душу пякельным агнём.
Апоўначы ён падняўся, сам не ведаючы навошта, на асатэю, і, атручваючы дымам сваёй цыгары начное паветра, напоенае водарам дэрэўса, відаць, нічым асабліва не быў устрывожаны. Равы, нанесеныя яму мустангерам, ужо загаіліся; праўда, думка аб паражэнні ўсё яшчэ мучыла яго, але горыч успамінаў некалькі змякчалася надзеяй на помсту.
Калхаўн, як і бацька Луізы, быў вельмі задаволены тым, што яна адмовілася ад сваіх далёкіх прагулак вярхом, – іменна па яго парадзе Пойндэкстэр забараніў дачцэ ездзіць адной. Як і бацька Луізы, ён не падазраваў, чым было выклікана яе захапленне стральбой з лука, і глядзеў на гэта, як на нявінную забаву. Ён нават стаў цешыць сябе надзеяй, што раўнадушнасць Луізы да яго магла быць у рэшце рэшт прытворай або створанай яе фантазіяй. У апошні час яна была менш рэзкая з ім, і ён ужо гатовы быў усумніцца ў сваіх раўнівых меркаваннях.
Да гэтага часу ў яго не было ніякіх доказаў яе прыхільнасці да маладога ірландца; а наколькі за апошні час нічога, што выклікала б новыя падазрэнні, не адбылося, то ён вырашыў, што гэта была толькі дарэмная трывога.
Супакоены гэтымі думкамі, Калхаўн падняўся на асатэю; ён нядбайна запаліў цыгару і курыў яе з бесклапотным выглядам, які пераконваў, што ён прыйшоў сюды ў гэты позні час без усялякай справы. Магчыма, што яму захацелася выйсці са свайго душнага пакоя і падыхаць свежым паветрам або, можа, палюбавацца цудоўным месяцам, хаця такія рамантычныя жаданні былі не ў яго характары.
Як бы там ні было, ён запаліў цыгару, абапёрся аб парапет асатэі і стаяў, павярнуўшыся тварам да ракі.
Ён не ўстрывожыўся, убачыўшы на процілеглым беразе ракі конніка, які толькі што выехаў з зараснікаў і працягваў свой шлях па адкрытай раўніне. Гэта дарога была яму добра вядомая. Ён падумаў, што нейкі падарожжы хоча выкарыстаць начную прахалоду, а такая ноч магла паклікаць у дарогу нават самага стомленага чалавека. Гэта мог быць сусед-плантатар, які вяртаецца дамоў з пасёлка, дзе ён затрымаўся на лішнюю гадзіну, зайшоўшы ў бар гасцініцы.
Днём, можа, ён пазнаў бы конніка, але пры месячным святле гэта не ўдалося.
Адстаўны капітан машынальна сачыў за ім поглядам, як часам, задумаўшыся аб нечым, сочаць за трэскай, якую хваляй зносіць уніз па цячэнню.
Толькі калі коннік, наблізіўшыся да гаю, збочыў у яго, Калхаўн зацікавіўся яго паводзінамі.
– Што б гэта магло азначаць? – прамармытаў ён, хутка кінуўшы недакурак цыгары. – Чорт вазьмі! Ён спешыўся! – працягваў ён, калі незнаёмец, ужо без каня, з’явіўся на ўзлеску бліжняга гаю. – Накіроўваецца сюды, прама да лукавіны… Спусціўся з абрыву, і так хутка, што, відаць, добра ведае дарогу. Няўжо ён думае забрацца ў сад? Але як?.. Уплаў? Баюся, што аўчынка не варта вырабу. Ці не злодзей гэта?
Гэта была першая здагадка Калхаўна, але ён адмовіўся ад яе амаль тады ж, як яна прыйшла яму ў галаву. Праўда, у іспана-амерыканскіх краінах нават жабракі ездзяць вярхом, тым больш мог сабе гэта дазволіць злодзей.
I ўсё ж здавалася малаверагодным, што чалавек апоўначы прыскача на кані красці фрукты або агародніну.
«Але што ж яму тут трэба?»
Тое, што ён пакінуў каня ў гаі, а сам прабіраўся да ракі пеша – і вельмі асцярожна, наколькі можна было разглядзець пры няпэўным месячным святле, – прымушала сумнявацца ў яго добрых намерах і гаварыла, хутчэй за ўсё, аб нейкай злоснай задуме.
Што гэта за задума?
Чалавек знік пад абрывам, і Калхаўн ужо не мог больш яго бачыць з асатэі. Зараснікі, якія акружалі процілеглы бераг, схавалі невядомага.
«З якой мэтай ён там ходзіць?»
Адстаўны капітан ужо ў дзясяты раз задаваў сабе гэта пытанне, усё больш і больш трывожачыся, калі раптам ён пачуў пляск, нібы хтосьці нырнуў у ваду. Гук быў не моцны, але вельмі выразны.
– Усплёск вясла… – прамармытаў ён. – Клянуся ўсімі святымі, ён перацягнуў човен і перапраўляецца прама ў сад! Што ж, нарэшце, яму тут спатрэбілася?
He жадаючы болей заставацца на даху і ламаць сабе галаву здагадкамі, Калхаўн вырашыў паціхеньку спусціцца ўніз, пабудзіць мужчын і пайсці ўсім разам на аблаву.
Ён падняў руку з парапета і сабраўся ісці, калі да яго даляцеў новы гук, які заставіў яго зноў нахіліцца і паглядзець у сад. Гэты гук зусім не быў падобны на ўдар вясла і даносіўся не з ракі. Пачуўся скрып не то дзвярных, не то аконных завесаў. Скрып пачуўся ўнізе, амаль пад тым месцам, дзе стаяў Калхаўн.
Калі ён перагнуўся цераз парапет, каб даведацца, у чым справа, твар яго стаў бледным, як месяц, які асвяціў яго; сэрца балюча сціснулася.
Акно было адкрыта ў спальні яго кузіны Луізы. Ён ведаў гэта акно. Дзяўчына ўжо стаяла на прыступках лесвіцы, якая вяла ў сад, і, мабыць, збіралася спусціцца…
У белай сукенцы, якая спадала свабоднымі складкамі, з празрыстай хусткай на галаве, яна нагадвала чароўную німфу ночы, якую месяц ахутаў серабрыстым ззяннем.