Калхаўн адразу зразумеў, што яе з’яўленне неяк звязана з чалавекам, які пераправіўся цераз раку.
А кім мог быць гэты чалавек? Кім, як не Морысам-мустангерам! Тайнае спатканне! У гэтым не можа быць ніякіх сумненняў – белая сукенка бясшумна мільганула ў садзе і знікла ў цені дрэў на беразе.
Нібы ўдараны громам, Калхаўн стаяў на асатэі ў нейкім здранцвенні. Толькі пасля таго як белая сукенка знікла ў садзе і пачулася ціхая гаворка, якая далятала з-за дрэў, ён апрытомнеў і вырашыў, што трэба дзейнічаць.
Ён ужо не збіраўся нікога будзіць – ва ўсякім выпадку, не зараз. Ён першы павінен стаць сведкам ганьбы кузіны – і тады… і тады…
У гэту хвіліну ён не быў у стане строіць нейкія пэўныя планы; і, слепа паддаючыся свайму агіднаму парыву, ён у спешцы спусціўся з асатэі, прайшоў праз увесь дом і выйшаў у сад.
Яго ахапіла нечаканая слабасць – у яго нават падкошваліся ногі, калі ён спускаўся па каменнай лесвіцы. Яны працягвалі дрыжаць і калі ён спяшаўся па дарожках саду, і калі ён, пракраўшыся за ствол дрэва, нікім не заўважаны, назіраў сцэну, якая раніла яго ў самае сэрца.
Ён чуў іх клятвы, іх любоўныя прызнанні, рашэнне мустангера паехаць заўтра на досвітку, яго абяцанне хутка вярнуцца і напаўвыказаныя мары аб будучыні.
З горыччу слухаў ён, як Луіза спрабавала ўгаварыць мустангера не ехаць і як, нарэшце, Морыс пераканаў яе ў неабходнасці яго ад’езду.
Ён быў сведкам іх апошніх пяшчотных абдымкаў, якія прымусілі яго са злосцю тупнуць нагой па гравію, з-за чаго і замоўклі спалоханыя цыкады.
Чаму ў гэту хвіліну ён не рвануўся ўперад і не палажыў канец пакутліваму для яго спатканню, чаму не ўсадзіў нож у свайго саперніка, кінуўшы яго безжыццёвым да сваіх ног і да ног яго каханай? Чаму ён не зрабіў гэтага з самага пачатку? Хіба яму патрэбны былі яшчэ якія-небудзь доказы? Ці не таму, што пры святле месяца ён заўважыў, як бліснуў за поясам мустангера шасцізарадны рэвальвер Кольта?
Як бы там ні было, нягледзячы на пякучае жаданне адпомсціць, штосьці не толькі ўтрымлівала капітана ад помсты, але і заставіла пайсці ў самы пакутлівы для яго міг – міг апошніх абдымкаў; ён кінуўся дамоў, пакінуўшы закаханых у няведанні, што за імі сачылі
Куды ж накіраваўся Касій Калхаўн?
Канешне, не ў сваю спальню. Хіба мог спаць чалавек, якога раздзіралі такія пакуты!
Ён спяшаўся ў пакой свайго дваюраднага брата Генры Пойндэкстэра.
He губляючы часу, каб узяць свечку, ён ішоў хуткімі крокамі па звілістых калідорах.
Свечка, зрэшты, і не спатрэбілася.
Аканіцы не былі закрыты, і месячныя промні, пранікаючы скрозь вокны, даволі добра асвятлялі пакой.
Юнак спаў тым бестурботным сном, які бывае толькі ў людзей з чыстым сумленнем. Яго прыгожая галава спакойна ляжала на падушцы, па якой раскінуліся ў беспарадку яго бліскучыя кучары. Калхаўн прыўзняў кісяю, і месячны прамень упаў на твар юнака, асвяціўшы яго мужныя, высакародныя рысы.
– Прачніся, Генры, прачніся! – будзіў кузена Калхаўн, трасучы яго за плячо.
– А? Гэта ты, Каш? Што такое? Спадзяюся, не індзейцы?
– Горш, намнога горш! Хутчэй! Уставай і паглядзі… Хутчэй, a то будзе позна! Уставай і паглядзі на сваю ганьбу, на ганьбу сваёй сям’і. Хутчэй жа, інакш імя Пойндэкстэраў стане пасмешышчам усяго Тэхаса!
Пасля такога папярэджання, канешне, нікому з членаў сям’і Пойндэкстэраў не захацелася б спаць. Юнак адразу ўскочыў і з неўразуменнем паглядзеў на кузена.
– He губляй часу на адзяванне! – заявіў усхваляваны Калхаўн. – Зрэшты, надзень штаны – і хопіць. Навошта адзенне – зараз яе да гэтага. Хутчэй! Хутчэй!
Праз секунду Генры быў ужо адзеты ў свой звычайны немудрагелісты касцюм з баваўнянай тканіны і ўжо спяшаўся за кузенам у сад, усё яшчэ не разумеючы, дзеля чаго той разбудзіў яго так бесцырымонна.
– У чым справа, Касій? – спытаў ён, калі Калхаўн знакам даў яму зразумець, што трэба спыніцца. – Скажы, што ўсё гэта азначае?
– Паглядзі сам… Стань бліжэй да мяне. Зірні праз гэты прасвет паміж дрэвамі, туды, дзе звычайна стаіць твая лодка. Бачыш там што-небудзь?
– Штосьці белае… Як быццам жаночая сукенка… Гэта жанчына?
– Твая праўда – гэта жанчына. Як ты думаеш, хто яна?
– He ведаю. Ну, хто ж гэта?
– Побач з ёю другая фігура, цёмная.
– А гэта як быццам мужчына… Так, мужчына.
– А хто ён, як ты думаеш?
– Адкуль мне ведаць, Каш? А ты ведаеш?
– Так, ведаю, той мужчына – Морыс-мустангер.
– А жанчына?
– Луіза, твая сястра, у яго абдымках.
Нібы паранены ў сэрца, юнак пахіснуўся, а затым кінуўся ўперад.
– Стой! – сказаў Калхаўн, стрымліваючы яго. – Ты забываеш, што ты бяззбройны, а мустангер узброены. Вазьмі вось гэта і гэта, – працягваў ён, перадаючы яму свой нож і рэвальвер. – Я хацеў бы сам пусціць іх у ход, але падумаў, што будзе лепш, калі гэта зробіш ты як брат і абаронца сваёй сястры. Уперад, Генры! Толькі глядзі не пападзі ў яе! Падкрадзіся ціхенька. I як толькі яны разыдуцца, страляй яму ў жывот. А калі ўсе шэсць куль не прыкончаць яго, тады закалі нажом! Я буду паблізу і прыйду да цябе на дапамогу, калі спатрэбіцца. Уперад! Падкрадзіся да гэтага паскудніка і адпраў яго ў пекла!