Генры Пойндэкстару не патрэбны былі гэтыя подлыя настаўленні. Забыўшы пра ўсё, ён кінуўся ўперад і праз некалькі секунд ужо быў каля сястры.
– Мерзкі нягоднік! – закрычаў ён, стаўшы перад мустангерам. – Выпусці маю сястру з тваіх брудных абдымкаў!.. Луіза, адыдзі ўбок і дай мне забіць яго! Адыдзі, сястра, адыдзі!
Калі б Луіза паслухалася, Морыса Джэральда праз імгненне, напэўна, не было б у жывых; ён змог бы пазбегнуць смерці, толькі калі б у яго паднялася рука на Генры: пры тым майстэрстве, з якім мустангер валодаў сваім рэвальверам, ён паспеў бы стрэліць першым.
Замест таго каб выняць рэвальвер з кабуры ці наогул як-небудзь абараняцца, Морыс-мустангер паспрабаваў вызваліцца з абдымкаў дзяўчыны, якая працягвала стаяць, прытуліўшыся да яго, – толькі за яе жыццё ён баяўся.
Генры разумеў, што, калі ён выстраліць у мустангера, ён рызыкуе забіць сястру; асцерагаючыся гэтага, юнак марудзіў спускаць курок.
Гэта прамаруджванне выратавала ўсіх траіх. Маладая крэолка, хутка ацаніўшы становішча, раптам пакінула каханага і схапіла брата за рукі. Яна ведала, што Морыс не будзе страляць, трэба было толькі спыніць Генры.
– Бяжы, бяжы! – закрычала яна мустангеру, стараючыся стрымаць брата, які не помніў сябе ад гневу. – Генры памыляецца, я яму ўсё растлумачу. Хутчэй, Морыс, хутчэй ратуйся!
– Генры Пойндэкстэр, – сказаў малады ірландзец, ужо гатовы падпарадкавацца ёй, – вы дарэмна лічыце мяне нягоднікам. Дайце мне час, і я дакажу, што ваша сястра больш правільна зразумела мяне, чым яе бацька, брат або кузен. Калі праз шэсць месяцаў вы не пераканаецеся, што я дастойны яе даверу, яе кахання, то можаце забіць мяне пры першай сустрэчы, як баязлівага каёта, які трапіўся вам на шляху. А пакуль бывайце!
Слухаючы мустангера, Генры паступова перастаў вырывацца з рук сястры – бадай, больш моцных, чым яго ўласныя.
Яго спробы вызваліцца станавіліся ўсё слабейшымі і нарэшце зусім спыніліся ў той момант, калі з ракі данёсся пляск вады; ён сведчыў, што чалавек, які парушыў спакой Каса-дэль-Корва, вяртаецца ў дзікую прэрыю, што стала яго другой радзімай.
Упершыню мустангер вяртаўся са спаткання такім спосабам. Два папярэднія разы ён пераплываў раку ў чоўне, і надзейная жаночая рука з дапамогай маленькага ласо, якое ёй падарылі разам з мустангам, затым падцягвала кволае суднейка да месца яго пастаяннага прычалу.
– Брат, ты несправядлівы да яго! Павер мне, ты несправядлівы! – усклікнула Луіза, як толькі мустангер знік з вачэй. – О, Генры, дарагі, калі б ты толькі ведаў, які ён высакародны! У яго ніколі і ў думках яе было пакрыўдзіць мяне; вось толькі зараз ён расказаў мне, што збіраецца зрабіць, каб папярэдзіць плёткі,– я хачу сказаць, каб зрабіць мяне шчаслівай. Павер мне, брат, ён джэнтльмен! Але ўсё роўна, кім бы ён ні быў – хай нават прасталюдзінам, за якога ты яго прымаеш, – я не магу не кахаць яго!
– Луіза, скажы мне праўду. Гавары са мной так, як калі б ты гаварыла сама з сабой. З таго, што я бачыў тут, я больш, чым з тваіх слоў, зразумеў, што ты кахаеш яго. Скажы, ці не злоўжыў ён тваім даверлівым каханнем?
– He! He! He! Клянуся табе. Ён занадта высакародны. Навошта ты так незаслужана абразіў яго, Генры?
– Я абразіў яго?
– Так, Генры, груба, несправядліва.
– Я гатовы прасіць прабачэння ў яго. Я даганю яго і папрашу дараваць мне за маю нястрыманасць. Калі ты кажаш праўду, сястра, я павінен гэта зрабіць. Я неадкладна даганю яго. Ты ж ведаеш, што ён спадабаўся мне з першай сустрэчы. А цяпер, дарагая Луіза, я правяду цябе ў дом. Ідзі да сябе і кладзіся. А сам я неадкладна адпраўлюся да гасцініцы і, можа, яшчэ застану яго там. Я не знайду сабе спакою, пакуль не папрашу прабачэння ў яго за маю грубасць.
Вяртаючыся дамоў, Генры беражліва вёў сястру пад руку; ён шкадаваў аб сваім учынку, і гнеў яго знік бясследна. Юнак спяшаўся вярнуцца ў асьенду, разлічваючы зараз жа адправіцца наўздагон за мустангерам і папрасіць прабачэння за тое, што, пагарачыўшыся, незаслужана пакрыўдзіў яго.
Калі брат і сястра ўвайшлі ў дом, трэці чалавек, які да гэтага крадучыся прабіраўся праз кусты, выпрастаўся і пайшоў услед за імі па каменных прыступках. Гэта быў іх кузен Касій Калхаўн.
Ён таксама задумаў адправіцца ўслед за мустангерам.
«Нікчэмны баязлівец! Дурань! Сам я таксама дурань, што паспадзяваўся на яго. Я павінен быў прадбачыць, што яна здолее ўгаварыць гэтага шчанюка і дасць нягодніку магчымасць збегчы. Я мог бы сам выстраліць у яго з-за дрэва, забіць, як пацука, не рызыкуючы нічым, нават сваім імем! Дзядзька Вудлі толькі падзякаваў бы мне за гэта, усе апраўдалі б мой учынак. Мая кузіна, дзяўчына са знатнай сям’і, падманута нейкім валацугам – гандляром коньмі! Хто б асудзіў мяне? Такі выпадак, чорт бы яго ўзяў! I як я прапусціў яго? А цяпер невядома, калі ён выпадзе.
Так разважаў адстаўны капітан, ідучы на некаторай адлегласці за Луізай і Генры, якія накіроўваліся к дому.