– Няўжо гэта жаўтаротае птушаня гаварыла сур’ёзна? – мармытаў ён сам сабе, уваходзячы ў двор. – Няўжо ён збіраецца прасіць прабачэння ў чалавека, які абдурыў яго сястру? Гэта было б вельмі смешным, калі б не было такім сумным. Мяркуючы па шуму ў канюшні, ён сапраўды паскача прасіць прабачэння… Так і ёсць – ён сядлае свайго каня.
Дзверы канюшні, як гэта было прынята ў мексіканскіх маёнтках, выходзілі на брукаваны двор. Яны былі напаўадкрытыя; але ў той момант, калі Калхаўн глянуў на іх, нехта штурхнуў іх знутры і шырока адчыніў. На парозе з’явіўся чалавек, які вёў за сабой асядланага каня.
На галаве ў гэтага чалавека была панама, на плячах – плашч. Калхаўн адразу пазнаў свайго дваюраднага брата і яго варанога каня.
– Дурань! Дык, значыць, ты выпусціў яго! – злосна прабурчаў капітан, калі юнак наблізіўся. – Вярні мне нож і рэвальвер. Гэтыя цацкі не для тваіх пяшчотных ручак. Чаму ты не пусціў іх у ход, як я табе сказаў? Чаму ты зрабіў такое глупства?
– Так, я сапраўды дапусціў глупства, – спакойна адказаў малады плантатар. – Я гэта ведаю. Я груба і незаслужана абразіў прыстойнага чалавека.
– «Абразіў прыстойнага чалавека»! Ха-ха-ха! Ты звар’яцеў!
– Я сапраўды быў бы вар’ятам, калі б зрабіў так, як ты раіў, Касій. На шчасце, я не зайшоў так далёка. Але ўсё-такі паспеў нарабіць столькі глупства, што сапраўды заслугоўваю назвы дурня; і ўсё ж, я спадзяюся, ён зразумее, што я пагарачыўся, даруе мне. Ва ўсякім выпадку, я еду зараз, не губляючы ні хвіліны.
– Куды ты едзеш?
– Наўздагон за Морысам-мустангерам, каб папрасіць у яго прабачэння за мой недастойны ўчынак.
– «Недастойны ўчынак»! Ха-ха-ха! Ты, канешне, жартуеш?
– He. Я кажу зусім сур’ёзна. Паедзем разам, і ты сам гэта ўбачыш.
– Тады я яшчэ раз скажу, што ты сапраўды вар'ят. I не толькі вар’ят, але круглы ідыёт!
– Ты не вельмі ветлівы, кузен Касій; хаця пасля таго, што я сам нагаварыў, ахвотна дарую табе тваю рэзкасць. Можа, калі-небудзь і ты возьмеш з мяне прыклад і папросіш прабачэння за сваю грубасць.
З гэтымі словамі высакародны юнак ускочыў на каня і хутка выехаў за вароты асьенды.
Калхаўн стаяў нерухома, пакуль тупат конскіх капытоў не замёр удалечыні.
Потым, нібы прачнуўшыся, ён рашучым крокам накіраваўся цераз веранду ў свой пакой; хутка ён выйшаў у старым плашчы, прайшоў у канюшню і асядлаў свайго каня. Ён правёў яго па брукаваным двары асцярожна, нібы злодзей. Толькі за варотамі асьенды, дзе пачыналася мяккая трава, Калхаўн ускочыў у сядло і прышпорыў каня.
Мілю ці дзве ён ехаў па той жа дарозе, што і Генры Пойндэкстэр, але яўна не збіраўся даганяць яго: тупату капытоў каня Генры ўжо даўно не было чуваць, а Калхаўн ехаў павольнай рыссю.
Адстаўны капітан ехаў уверх па рацэ. На паўдарозе да форта ён спыніў каня і, акінуўшы ўважлівым позіркам зараснікі, крута збочыў на сцежку, што вяла да берага.
– He ўсё яшчэ страчана, толькі цяпер гэта абыдзецца даражэй, – мармытаў ён сам сабе. – Гэта будзе мне каштаваць тысячу долараў. I няхай! Трэба, нарэшце, адчапіцца ад гэтага праклятага ірландца, які атручвае мне жыццё! Па яго словах, раніцай ён будзе на шляху да сваёй хаціны. А якой гадзіне, цікава ведаць? Для жыхароў прэрый, здаецца, устаць на досвітку – гэта ўжо позна. Нічога, у нас яшчэ хопіць часу! Каёт паспее апярэдзіць Морыса. Гэта, відаць, тая дарога, па якой мы ехалі паляваць на дзікіх коней. Ён гаварыў пра сваю хаціну на Аламо. Так называецца рэчка, на беразе якой мы ладзілі пікнік. Яго халупа, мабыць, недалёка адтуль. Эль-Каёт павінен ведаць, дзе яна стаіць; прынамсі, ён ведае, як туды дабрацца. Для нас гэта ўжо дастаткова. Навошта нам халупа? Гаспадар проста да яе не даедзе: па дарозе ж яму могуць сустрэцца індзейцы – і нават напэўна сустрэнуцца.
У гэту хвіліну адстаўны капітан пад’ехаў да хаціны, але не да той, пра якую думаў, а да хакале мустангера-мексіканца – яна якраз і была мэтай яго падарожжа.
Саскочыўшы з сядла і прывязаўшы аброць да галіны дрэва, ён падышоў да дзвярэй.
Яны былі адчынены насцеж. Знутры даносіўся гук, у якім няцяжка было пазваць храп.
Але гэта быў не храп чалавека, які спіць спакойным, глыбокім сном. Ён то замаўкаў, то зменьваўся нейкім рохканнем, што пераходзіла ў нечленараздзельныя воклічы, у якіх з пэўнай цяжкасцю можна было распазнаць лаянку. He заставалася сумненняў, што гаспадар хакале добра выпіў.
– Сілы пякельныя! Тысяча чарцей! – мармытаў спячы і зараз жа пачынаў клікаць амаль увесь каталіцкі пантэон: – Ісус! Святая Дзева! Святая Марыя! Маці Божая!
Калхаўн спыніўся на парозе і прыслухаўся.
– Пра-пра-кля-цце! – пачуў ён. – Добрыя навіны, клянуся кроўю Хрыстовай! Так, сеньёр амерыкана! Навіны цудоўныя! Індзейцы… Гэтыя… каманчы на сцежцы вайны. Хай благаславіць Бог каманчаў!
– Гэты паскуднік ушчэнт п’яны! – сказаў Калхаўн услых.
– Эй, сеньёр! – усклікнуў мексіканец, напалову разбуджаны гукам чалавечага голасу. – Каму такі гонар?.. He, не тое! Я рады вас бачыць, я, Мігуэль Дыяс, Эль-Каёт, як мяне называюць бадзягі. Ха-ха-ха! Каёт! A, а як вас завуць? Ваша імя, сеньёр? Тысяча чарцей, хто вы такі?