Прыпадняўшыся на сваёй трысняговай пасцелі, Эль-Каёт некаторы час тупа глядзеў на нечаканага госця, які перарваў яго п’яныя сны.

Але гэта працягвалася нядоўга. Мармычучы штосьці незразумелае, мексіканец зноў выцягнуўся на пасцелі. Гучны раскацісты храп абвясціў, што гаспадар болей не ўсведамляе прысутнасці свайго госця.

– Вось і яшчэ адна магчымасць страчана! – расчаравана прашыпеў Калхаўн, паварочваючыся, каб выйсці.– Цвярозы дурань і п’яны нягоднік – нічога не скажаш, цэнныя памочнікі для ажыццяўлення маіх планаў. Пракляцце! Усю ноч мне не шанцуе! Пройдзе па крайняй меры тры гадзіны, пакуль гэта свіння праспіцца! Цэлых тры гадзіны! Тады будзе занадта позва, занадта позва…

З гэтымі словамі Калхаўн узяў свайго каня за аброць і спыніўся, нібы ў нерашучасці.

– Тут заставацца няма ніякага сэнсу. Ужо пачне світаць, калі ён апамятаецца. З такім жа поспехам я магу вярнуцца дамоў і чакаць там або… Ён не выказаў услых новай думкі, якая прыйшла яму ў галаву. Але, якой бы яна ні была, яго ваганні закончыліся. Рэзкім рухам сарваўшы аброць з галіны, Калхаўн ускочыў у сядло і паскакаў у бок, процілеглы таму, адкуль ён прыехаў да хакале Эль-Каёта.

<p>36. Трое на адным шляху</p>

Ніхто не стане адмаўляць, што паездка вярхом па прэрыі – адно з найпрыемнейшых задавальненняў у свеце.

Калі ў вас добры конь, ззаду да сядла прывязаны туга набіты мяшок з прыпасамі, ля лукі боўтаецца поўная біклага, а з сядзельнай кабуры тарчыць туга набіты партсігар, вы можаце быць упэўнены, што такое падарожжа вам не надакучыць.

А друг, які скача побач з вамі, калі ён, таксама як і вы, любіць прыроду, ператворыць гэта цяжкае падарожжа ў незабыўнае задавальненне.

Але калі з вамі будзе тая, каму вы аддалі сваё сэрца, вы зведаеце радасць, якая застанецца ў вашай памяці на ўсё жыццё.

О, калі б такая мілая кампанія чакала ўсіх падарожнікаў па прэрыі, то глухія прасторы заходняга Тэхаса былі б запоўнены турыстамі! Неабсяжная дзікая раўніна пакрылася б незлічонымі сцежкамі, а ў саванне тоўпіліся б ганарыстыя франты.

Але лепш, каб усё заставалася так, як ёсць. Калі вы накіроўваецеся ў прэрыю, варта вам выехаць за мяжу паселішчаў і збочыць ад «вялікай дарогі», абазначанай слядамі пяці-шасці коней, якія прайшлі тут раней за вашага, – і вы будзеце ехаць гадзінамі, тыднямі, месяцамі, а можа, і цэлы год, не сустрэўшы ні аднаго чалавека.

Толькі той, хто сам падарожнічаў па вялізнай раўніне Тэхаса, можа ацаніць усю яе неабдымнасць.

Нават акіян не стварае ўражання такой шырокай прасторы. Падарожнічаючы па акіяне, вы не заўважаеце, што прасоўваецеся ўперад. Бясконцая блакітная паверхня з перакуленым над ёю купалам, таксама блакітным, але толькі крыху святлейшым, увесь час вакол вас і над вамі, і вы не бачыце перамен. Вам пачынае здавацца, што вы стаіце нерухома ў цэнтры вялізнага круга, пад вялізным купалам, і ў вас няма магчымасці ўспрыняць цалкам усю грандыёзнасць бясконцай воднай прасторы.

Іншая справа – у прэрыі. Астраўкі лесу, узгоркі, дрэвы, нібы вехі, змяняюцца адно адным і гавораць вам аб тым, што вы пераадольваеце неабдымны прастор.

Падарожнікі па прэрыі – а асабліва ў паўднёва-заходнім Тэхасе – рэдка любуюцца яе дзікай прывабнасцю ў адзіноце; звычайна ездзяць удвох, утрох, але часцей кампаніямі па дзесяць-дваццаць чалавек.

Аднак і тут часам можна сустрэць адзінокага падарожніка. Так, напрыклад, у тую ноч, калі разыгралася драма ў садзе Каса-дэль-Корва, сама меней тры падарожнікі па аднаму перасякалі раўніну, якая распасціралася на паўднёвы захад ад берагоў Ляоны.

У тую хвіліну, калі Калхаўн, злуючыся на няўдачу, пакідаў хакале мустангера-мексіканца, можна было бачыць, як першы падарожнік выязджаў з пасёлка ў напрамку да ракі Нуэсес ці аднаго з яе прытокаў.

Бадай, залішне будзе дадаваць, што ён ехаў вярхом, бо ў Тэхасе пешаходы сустракаюцца толькі ў гарадах і на плантацыях.

Коннік сядзеў на цудоўным кані; яго роўны, пругкі шаг сведчыў аб тым, што ён здольны вытрымаць доўгае падарожжа.

Прадугледжвалася такое падарожжа ці не, цяжка было сказаць. Коннік быў адзеты так, як звычайна адзяваецца любы тэхасец, які збіраецца праехаць дзясятак ці два міль. Відавочней за ўсё, ён вяртаўся дамоў. Наўрад ці ў такі позні час ён выехаў з дому. Серапе, абыякава накінутае на плечы, можа, прызначалася толькі для абароны ад начной расы.

Але паколькі ў гэту ноч расы не было, то магчыма, што коннік сапраўды сабраўся ў далёкую дарогу, тым больш што ў тым напрамку, куды ён ехаў, паблізу не было ні адной сялібы.

Нягледзячы на гэта, ён зусім не спяшаўся, нібы яму было ўсё роўна, калі ён дасягне мэты свайго падарожжа. Наадварот, здавалася, ён быў паглыблены на ўспаміны, якія так моцна захапілі яго, што ён не звяртаў ніякай увагі на ўсё навакольнае.

Конь быў пакінуты на самога сябе, павады віселі свабодна, але ён яе спыняўся, а ішоў упэўненым шагам, нібы па знаёмай сцежцы.

Так ехаў першы падарожнік, не падганяючы свайго каня ні плёткай, ні шпорамі, пакуль не знік у туманнай далечыні, ледзь асветленай месяцам.

* * *
Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже