Амаль у тую самую хвіліну, калі першы коннік прапаў з вачэй, на ўскраіне пасёлка з’явіўся другі і паехаў па той жа дарозе – нібы яны змовіліся.

Мяркуючы па яго адзенню, ён, напэўна, таксама адправіўся ў далёкую дарогу.

На ім быў цёмны шырокі плашч, які спадаў ззаду свабоднымі складкамі на крыж каня.

У адрозненне ад першага гэты коннік яўна кудысьці спяшаўся і ўвесь час падганяў свайго каня плёткай і шпорамі.

Здавалася, ён хацеў кагосьці дагнаць. Напэўна, ён даганяў першага конніка… Мяркуючы па яго паводзінах, гэта было зусім магчыма. Час ад часу ён нахіляўся ўперад і ўважліва ўглядаўся ў далячынь, як быццам чакаў, што ўбачыць сілуэт, які вырысоўваецца на фоне неба.

Неўзабаве другі коннік таксама знік, і якраз у тым жа месцы, дзе прапаў з вачэй яго папярэднік. Так здалося б таму, хто назіраў бы за ім з форта ці пасёлка.

* * *

I, па дзіўнаму супадзенню – калі гэта было супадзеннем, – якраз у той момант, калі знік другі коннік, на ўскраіне маленькага тэхаскага сяла паказаўся трэці; ён стаў рухацца ў тым жа напрамку, што і два першыя.

Як і яны, ён быў адзеты так, нібы адправіўся падарожнічаць. На ім быў ярка-чырвоны плашч, які зусім хаваў яго фігуру. 3-пад шырокага крыса віднелася кароткая паляўнічая стрэльба, якая ляжала ўпоперак сядла.

Як і першы коннік, ён ехаў павольна – нават для чалавека, якога чакае яшчэ доўгі шлях. Тым не менш ён выяўляў вялікую занепакоенасць і гэтым нагадваў конніка, які ехаў непасрэдна ўперадзе яго.

Аднак у паводзінах гэтых двух людзей была і вялікая розніца. У той час як коннік у цёмным плашчы, здавалася, даганяў кагосьці, коннік у чырвоным, на> адварот, пастаянна абарочваўся, як быццам яго цікавіла тое, што адбывалася ззаду.

Часам ён азіраўся, прыўзнімаючыся ў страмёнах, часам паварочваў каня, уважліва ўглядаючыся ў дарогу, па якой толькі што праехаў, і ўвесь час прыслухоўваючыся, як быццам чакаў, што вось-вось хтосьці яго дагоніць…

Працягваючы раз-пораз паварочвацца, і гэты коннік хутка прапаў удалечыні; ён не дагнаў нікога, але і яго ніхто не дагнаў.

* * *

Раздзеленыя амаль аднолькавай адлегласцю, тры коннікі рухаліся па прэрыі, не бачачы адзін аднаго.

I ніхто не мог бы адразу ахапіць вокам усіх трох ці нават двух, хіба толькі сава з вяршыні якога-небудзь высокага ўзгорка ці казадой, што палюе ў нябёсах на начных матылькоў.

* * *

Гадзінай пазней, калі тры падарожнікі ад’ехалі ад форта Індж на дзесяць міль, іх узаемнае становішча значна змянілася.

Першы коннік толькі што пад’ехаў да доўгай прасекі, што ўразалася накшталт алеі ў гушчар лясных зараснікаў, якія распасціраліся направа і налева, як вокам акінуць. Прасеку можна было б параўнаць з шырокім пралівам: яе зялёную паверхню абрамляла больш цёмная зеляніна дрэў, нібы паверхню вады, што мяжуе з берагам. Месяц на захадзе асвятляў яе прыкладна на паўмілі. Далей прасека крута збочвала ў чорны цень дрэў.

Перш чым уехаць у гэту прасеку, першы з трох коннікаў яўна выявіў нерашучасць: ён стрымаў свайго каня і секунду ці дзве ўглядаўся ў далячынь. Яго ўвага была засяроджана на дарозе сярод лясных зараснікаў, назад ён не абарочваўся. Але ён вагаўся нядоўга.

Прыняўшы рашэнне, ён прышпорыў каня і паехаў уперад.

I якраз у гэты момант яго заўважыў коннік у чорным плашчы, які ехаў за ім па той жа дарозе; цяпер ён быў ад яго на адлегласці толькі паўмілі.

Убачыўшы яго, коннік у чорным плашчы злёгку ўскрыкнуў. Здавалася, ён быў задаволены, што нарэшце даганяе чалавека, за якім едзе ўжо дзесяць міль. Пагнаўшы каня яшчэ хутчэй, ён таксама ўехаў у прасеку. Але першы коннік ужо знік у чорных ценях на павароце.

Другі коннік без ваганняў паехаў за ім і хутка прапаў з вачэй.

Прайшло даволі шмат часу, перш чым гэтага месца дасягнуў трэці коннік.

Ён не ўехаў у лес, як першыя Два коннікі, а павярнуў убок, да ўзлесся; тут ён прывязаў свайго каня і праз зараснікі наўскасяк выйшаў на прасеку.

Па-ранейшаму ён азіраўся назад, нібы тое, што рабілася там, цікавіла яго значна больш таго, што адбывалася ўперадзе. Ён падышоў да зацененага месца прасекі і знік у цемнаце, як і першыя два коннікі.

* * *

Прайшла гадзіна, а несціханы хор начных галасоў у зарасніках, які двойчы перарываўся стукам конскіх капытоў і адзін раз крокамі чалавека, усё яшчэ працягваў гучаць.

Але вось лясныя галасы зноў змоўклі; на гэты раз яны абарваліся ўсе адразу і надоўга. Гук, які заставіў іх змоўкнуць, не быў падобны ні на тупат конскіх капытоў, ні на шорах крокаў чалавека, што ступае па мяккай траве. Гэта быў сухі трэск ружэйнага стрэлу.

Перастала мяўкаць тыгравая кошка ў зарасніках, не стала чутна завыванняў каёта, што хадзіў па ўзлеску, і нават ягуар перастаў рыкаць.

Але за стрэлам не пачулася ні стогнаў раненага чалавека, ні віску падстрэленай жывёліны, і ягуар зноў пачаў пужаць насельнікаў лесу сваім хрыплым рыкам.

Сябры і ворагі – птушкі, звяры, насякомыя, паўзуны, – не звяртаючы ўвагі на яго роў, які даносіўся здалёк, зноў завялі свой аглушальны канцэрт. I хутка ў зарасніках усталяваўся звычайны шум, і, нават стоячы побач, трэба было крычаць, каб пачуць адно аднаго.

<p>37. Загадкавае знікненне</p>
Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже