Звон Каса-дэль-Корва адзін раз празваніў, запрашаючы на снеданне, а яшчэ раней пратрубіў ражок, склікаючы нявольнікаў з далёкіх куткоў плантацыі.
Тыя, хто працаваў паблізу, размясціліся каля сваіх хацін на траве або на бярвеннях і ўзяліся за яду.
Сям’я плантатара, сабраўшыся ў сталовай, ужо гатова была сесці за стол, але аказалася, што не ўсе яшчэ ў зборы.
He было Генры.
Спачатку гэтаму не надалі ніякага значэння, і ўсе чакалі, што ён вось-вось з’явіцца.
Але прайшло некалькі хвілін, а Генры ўсё не было. Плантатар з некаторым здзіўленнем сказаў, што сын не мае звычкі спазняцца да стала.
На паўднёвым захадзе Амерыкі заведзена, што на ранішняе снеданне ўся сям'я збіраецца ў пэўны час. і ўсе разам садзяцца за стол. Гэты звычай узнік у сувязі з некаторымі асаблівасцямі мясцовага меню. «Віргінскі бісквіт», вафлі, грэцкія аладкі – усё гэта смачна толькі прама з агню. I час, калі снедаюць у сталовай, – час пакут для кухаркі ля гарачай пліты.
Гультаі, якія любяць паспаць і спазняюцца на снеданне, рызыкуюць атрымаць халодныя аладкі або застацца без вафляў – вось чаму на паўднёвых плантацыях такіх гультаёў мала.
Па гэтаму і на самай справе магло здацца дзіўным, што Генры Пойндэкстэра ўсё яшчэ не было за сталом.
– Куды ж прапаў хлопчык? – ні да каго не звяртаючыся, спытаў бацька ўжо ў чацвёрты раз.
Ні Калхаўн, ні Луіза нічога не адказалі. Луіза і сама задала такое ж пытанне. Аднак у яе поглядзе і ў тоне заўважалася нешта дзіўнае, але гэта можна было прымеціць, толькі ўважліва ўгледзеўшыся ў яе твар.
Наўрад ці гэта тлумачылася адсутнасцю яе брата на снеданні. Такая дробязь мала каго магла ўсхваляваць, а Луіза ў гэту хвіліну, безумоўна, была моцна ўсхвалявана.
Чым жа? Ніхто не спытаў яе. Бацька не заўважыў нічога дзіўнага ў яе поглядзе, і тым болей кузен, які сам стараўся ўтаіць нейкую непрыемную думку пад маскай напускнога спакою.
З таго часу як Калхаўн увайшоў у сталовую, ён не вымавіў яшчэ ніводнага слова і, наперакор сваёй звычцы, ні разу не паглядзеў на Луізу.
Седзячы за сталом, ён прыметна нерваваўся і, калі з’яўляўся слуга, раз ці два нават здрыгануўся.
He заставалася сумненняў, што ён нечым моцна ўсхваляваны.
– Вельмі дзіўна, што Генры спазніўся на снеданне, – амаль ці не ў дзясяты раз паўтарыў плантатар. – Няўжо ён яшчэ спіць?.. He, Генры ніколі не ўстае так позна. Але калі ён нават куды-небудзь пайшоў, то ён павінен быў пачуць ражок… Можа, ён усё-такі ў сваім пакоі… Плутон!
– Я тут, маса Вудлі! Вы мяне звалі?
На Плутона, акрамя абавязкаў фурмана, былі ўскладзены таксама абавязкі лакея, які прыслужвае за сталом.
– Пайдзі ў спальню Генры і, калі ён там, скажы яму, што мы ўжо канчаем снедаць.
– Яго там няма, маса Вудлі.
– Хіба ты быў у яго ў пакоі?
– Так… не, я хацеў сказаць – не. Я не быў у яго ў пакоі, але я быў у канюшні – хацеў накарміць яго каня, маса Вудлі. Няма яго там, не было ўвесь ранак – я ўстаў на досвітку. I сядла няма, і аброці няма, і масы Генры таксама няма. Ён выехаў, калі яшчэ ўсе ў доме спалі.
– Ты ў гэтым упэўнены? – спытаў плантатар, сур’ёзна ўсхваляваны такім паведамленнем.
– Вядома, маса Вудлі! Там, у канюшні, толькі конь масы Калхаўна. Крапчастая бегае ў загоне, варанога масы Генры нідзе не відаць.
– Гэта яшчэ не азначае, што містэра Генры няма ў яго пакоі. Ідзі зараз жа і паглядзі.
– Зараз жа іду, маса! Убачыце, Плутон праўду кажа. Маладога джэнтльмена там няма. Маса Генры там, дзе яго конь.
– Нічога не магу зразумець… – сказаў плантатар, калі Плутон выйшаў з пакоя. – Генры паехаў з дому, ды яшчэ ўначы. Куды ж ён паехаў? Я не магу сабе ўявіць, да каго б ён мог паехаць у такі позні час. Ён адсутнічаў, як кажа негр, усю ноч. Напэўна, быў у форце з моладдзю. Спадзяюся, не ў бары…
– О не, ён, канешне, туды не паедзе, – умяшаўся Калхаўн, азадачаны як быццам не меней самога плантатара. Аднак ён не стаў выказваць ніякіх меркаванняў і ні слова не сказаў пра сцэну, што разыгралася ў садзе.
«Спадзяюся, Касій пра гэта нічога не ведае, – падумала Луіза. – Калі так, то ўсё можа застацца тайнай паміж мною і братам. Я заўсёды здолею ўгаварыць Генры… Але чаму ж яго да гэтай пары няма? Я не клалася ўсю ноч, чакаючы яго. Ён, мабыць, дагнаў Морыса, і яны пабраталіся. Я спадзяюся, што гэта так, хаця месцам іх прымірэння мог аказацца і бар. Генры вельмі ўстрыманы, але пад уплывам такіх перажыванняў ён мог здрадзіць сваім прывычкам. I яго нельга за гэта асуджаць, тым больш што ў такой кампаніі з ім не здарыцца нічога благога».
Цяжка сказаць, як далёка зайшоў бы роздум Луізы, калі б ён не быў перарваны з’яўленнем Плутона.
Выгляд у яго быў такі засяроджаны, нібы ён збіраўся паведаміць нешта вельмі важнае.
– Ну што, – закрычаў плантатар, не даючы яму загаварыць, – там ён?
– He, маса Вудлі! – усхвалявана адказаў негр. – Там яго няма, масы Генры няма. Але… – працягваў ён нерашуча, – Плутону сумна сказаць гэта… Яго конь там…
– Яго конь там? Спадзяюся, не ў яго спальні?
– He, маса. I не ў канюшні. Ён каля варотаў.
– Яго конь каля варотаў? Але чаму табе сумна гаварыць пра гэта?
– Таму што, маса Вудлі, таму што… конь гэты масы Генры… таму што вараны…