– Ды гавары ж ты толкам, коснаязыкі! Што «таму што»? Спадзяюся, галава у каня цэлая? Ці, можа, ён згубіў хвост?
– О, маса Вудлі, негр не гэтага баіцца! Хай бы конь згубіў галаву і хвост. Плутон баіцца, што ён згубіў свайго конніка.
– Што? Конь скінуў Генры? Глупства, Плутон! Немагчыма, каб конь скінуў такога наезніка, як мой сын. Немагчыма!
– Я і не кажу, што скінуў. Я баюся горшай бяды. Дарагі стары маса, я больш нічога не скажу! Выйдзіце, калі ласка, да варотаў і паглядзіце самі.
Блытаныя словы Плутона і асабліва яго тон і жэсты ўстрывожылі ўсіх: не толькі плантатар, але і яго дачка і пляменнік хутка ўсталі са сваіх месцаў і паспяшаліся да варотаў асьенды.
Тое, што яны ўбачылі, магло выклікаць толькі самыя змрочныя здагадкі.
Адзін з неграў-нявольнікаў стаяў, трымаючы за аброць асядланага каня. Ён быў зусім мокры ад начной расы, і, відавочна, рука грума яшчэ не дакраналася да яго. Конь біў капытом і хроп, нібы ён толькі што ўратаваўся ад нейкай страшнай небяспекі. Ён быў запырсканы нечым цёмным – цямнейшым за расу, цямнейшым за яго шэрсць: плечы, пярэднія ногі, сядло былі ў цёмных плямах запечанай крыві.
Адкуль прымчаўся гэты конь?
З прэрыі. Негр злавіў яго на раўніне, калі ён, валочачы паміж ног павады, інстынктыўна бег дамоў – да асьенды.
Каму ён належаў?
Гэтага пытання ніхто не задаў. Усе ведалі, што гэта конь Генры Пойндэкстэра.
Ніхто не спытаў, чыёй крывёю запэцканы конь. Усе трое падумалі пра аднаго чалавека: пра сына, пра брата, пра кузена.
Бурыя плямы, на якія яны глядзелі разгубленымі, поўнымі адчаю вачамі, былі плямамі крыві Генры Пойндэкстэра. Яны не сумняваліся ў гэтым.
Хутка, але, відаць, правільна вытлумачыўшы змрочныя сведчанні, звар’яцелы ад гора бацька ўскочыў у скрываўленае сядло і паскакаў да форта.
Калхаўн паехаў за ім.
Вестка аб здарэнні хутка абляцела ўсю аколіцу. Быстрыя коннікі разнеслі яе ўверх і ўніз па рацэ, да самых аддаленых плантацый.
Індзейцы выйшлі на сцежку вайны – яны здымаюць скальпы, ужо зусім паблізу, – Генры Пойндэкстэр стаў іх першай ахвярай.
Генры Пойндэкстэр – высакародны і велікадушны юнак, у якога не было ніводнага ворага на ўсім Тэхасе. Хто ж яшчэ, акрамя індзейцаў, мог праліць гэту нявінную кроў? Толькі каманчы маглі быць такімі жорсткімі.
Ніхто з коннікаў, якія сабраліся на плошчы форта Індж, не сумняваўся, што гэта злачынства ўчынена каманчамі. He ведалі толькі – як, калі і дзе.
Кроплі крыві ясна адказвалі на першае пытанне. Гаспадар каня быў застрэлены або пранізавы кап’ём. Крывавых плям больш за ўсё было з правага боку, дзе яны выглядалі так, нібы штосьці іх змазала; тое ж было прыметна і на плячы каня, і на крыле сядла: відаць, гэты след пакінула цела конніка, калі яно саслізнула на зямлю.
Некаторыя з прысутных, умудроныя вопытам памежнага жыцця, даволі ўпэўнена вызначалі нават час, калі было ўчынена злачынства.
З іх слоў, кроў была праліта не болей дзесяці гадзін назад.
Быў ужо поўдзень. Такім чынам, забойства было ўчынена ў дзве гадзіны вочы.
Трэцяе пытанне было, бадай, самым важным, ва ўсякім выпадку цяпер, калі злачынства ўжо было ўчынена.
Дзе яно было ўчынена? Дзе шукаць труп?
I, нарэшце, дзе шукаць забойцаў?
Гэтыя пытанні абмяркоўвала рада ваенных і плантатараў, спешна скліканая ў форце Індж; старшынёй быў абраны камендант форта; прыбіты горам бацька маўкліва стаяў побач з ім.
Дзе ж шукаць злачынцаў і месца злачынства?
На компасе прэрый, таксама як і на компасе, які ўказвае шлях мараплаўцам, трыццаць два румбы; па гэтаму экспедыцыя, што адпраўляецца на пошукі ваеннага атрада каманчаў, павінна выбіраць сярод трыццаці двух магчымых напрамкаў, з якіх толькі адзін правільны.
Усе ведалі, што каманчы жывуць на захадзе. Але гэта было занадта няпэўна, бо яны вандравалі на прасторы ў сотні міль.
Акрамя таго, індзейцы выйшлі на сцежку вайны, і на такое ізаляванае паселішча, як на Ляоне, яны маглі напасці і з усходу: гэта была звычайная стратэгічная хітрасць каманчаў – спрактыкаваных воінаў.
Ехаць наўздагад было б проста неразумна, а як даведацца, каторы з трыццаці двух магчымых шляхоў правільны?
Прапанова раздзяліцца на невялікія групы і паехаць у розныя бакі не сустрэла адабрэння, і маёр яе адхіліў.
Індзейцаў магла быць цэлая тысяча, а супраць іх удалося б выслаць атрад чалавек у сто – не болей: пяцьдзесят драгунаў іх форта і прыкладна столькі ж коннікаў з плантацый. Неабходна было трымацца ўсім разам, інакш, у выпадку нападу, атрад лёгка знішчаць па частках.
Довад палічылі грунтоўным. Нават прыбіты горам бацька і кузен, які, здавалася, быў яе менш засмучаны, пагадзіліся падпарадкавацца разумнай думцы большасці, падтрыманай самім маёрам.
Такім чынам, было вырашана, што на пошукі трэба адправіцца адным моцным атрадам.
Але ў якім жа напрамку? Аб гэтым усё яшчэ працягвалі спрачацца.
Разважлівы капітан Слоўмен прапанаваў распытаць, у якім кірунку паехаў у апошні раз чалавек, які, як мяркуюць, забіты. Хто ж апошні бачыў Генры Пойндэкстэра?
Перш за ўсё звярнуліся з роспытамі да яго бацькі і дваюраднага брата.