Плантатар у апошні раз бачыў сына за вячэрай і меркаваў, што пасля гэтага той пайшоў спаць.
Адказ Калхаўна быў ухілістым. Ён гутарыў са сваім кузенам некалькі пазней, і ў яго склалася ўражанне, што пасля таго, як яны развіталіся, юнак пайшоў да сябе.
Чаму Калхаўн утаіў тое, што сапраўды адбылося? Чаму ён нічога не сказаў пра сцэну ў садзе, сведкам якой быў?
Ці не таму, што баяўся аказацца ва ўніжальным становішчы, калі б расказаў пра тую ролю, якую адыграў у ёй?
Як бы там ні было, але ён утаіў праўду, – і адказ, які ён даў, выклікаў у прысутных сумненне.
Хлусня стала б больш відавочнай, калі б у іх былі падставы для падазрэнняў або калі б было больш часу для роздуму. Але нечакана справа атрымала зусім іншы кірунак. Гаспадар таверны, Абердофер, не чакаючы запрашэння, сам прыйшоў на гэту 'нараду. Прабраўшыся праз натоўп, ён аб’явіў, што хоча паведаміць важныя звесткі, якія, напэўна, дапамогуць адказаць на пытанне, калі ў апошні раз бачылі Генры Пойндэкстэра і ў якім напрамку ён выехаў.
На ломанай англійскай мове немец расказаў наступае. Морыс-мустангер, які пасля дуэлі з капітанам Калхаўнам жыў у яго гасцініцы, у гэты вечар кудысьці паехаў, што было ўжо не першы раз за апошні час. Вярнуўся ён вельмі позва. Гаспадар яшчэ не клаўся спаць, бо ў бары гуляла моладзь. Мустангер папрасіў рахунак, чаго ён даўно ўжо не рабіў, і, на здзіўленне гаспадара, заплаціў па ім усё да апошняга цэнта.
Дзе ён дастаў гэтыя грошы і чаму так спешна паехаў, аднаму Богу вядома. Ён жа. Абердофер, ведае толькі, што Морыс Джэральд, пакідаючы гасцініцу, прыхапіў з сабой увесь свой рыштунак, нібы адпраўляўся паляваць на дзікіх мустангаў.
Па гэтаму гаспадар таверны вырашыў, што мустангер адправіўся на паляванне.
Але якое ж дачыненне ўсё гэта мела да справы? Вельмі вялікае. Хаця высветлілася гэта толькі ў самым канцы тлумачэння, калі сведка перайшоў нарэшце да больш істотных фактаў, а іменна: праз дваццаць хвілін пасля таго, як паехаў мустангер, у дзверы пастукаў Генры Пойндэкстэр – ён хацеў бачыць містэра Морыса Джэральда. Калі яму сказалі, што той паехаў, і растлумачылі, у які бок, тады малады Пойндэкстэр хутка паскакаў на ўказаным напрамку як бы з намерам дагнаць мустангера.
Гэта было ўсё, што ведаў Абердофер, і ўсё, што ён мог расказаць.
Хаця ў атрыманых звестках і былі некаторыя няяснасці, усё ж з іх можна было зыходзіць, прыступаючы да пошукаў. Калі Генры Пойндэкстэр паехаў разам з Морысам-мустангерам або следам за ім, то, значыць, яго трэба шукаць на той жа дарозе, па якой павінен быў ехаць мустангер.
Ці ведае хто-небудзь, дзе дом Морыса-мустангера?
Ніхто дакладна гэтага не ведаў; некаторыя меркавалі, што гэта, мабыць, дзесьці ў наваколлі Нуэсес, на яе прытоку Аламо.
Такім чынам, каб знайсці сляды прапаўшага юнака або яго труп, вырашана было рушыць у бок Аламо: можа, там знойдуць і труп Морыса-мустангера. I тады трэба будзе помсціць за зверскае забойства двух, а не аднаго.
Нягледзячы на тое, што гэты атрад быў больш шматлікі за звычайны атрад памежных жыхароў, якія адшукваюць заблудзіўшага суседа, ён прасоўваўся з надзвычайнай асцярожнасцю.
Для гэтага былі сур’ёзныя падставы: індзейцы на сцежцы вайны.
Уперад былі высланы разведчыкі і следапыты, абавязкам якіх было адшукваць сляды і разгадваць іх.
У прэрыі, якая распасціраецца амаль на дзесяць міль на захад ад Ляоны, яны не знайшлі ніякіх слядоў. Зямля там была такая цвёрдая, што на ёй пакінуў бы адбіткі капытоў толькі конь, які скача галопам. Але такіх слядоў там не было.
За дзесяць міль ад форта раўніну перасякалі лясныя зараснікі, якія цягнуліся далёка на паўночны захад і паўднёвы ўсход – сапраўдныя тэхаскія джунглі, дзе дрэвы скрозь абвіты ліянамі, што робіць гэты лес амаль непраходным.
Праз гэтыя зараснікі, якраз па прамой ад форта, ішла прасека – найбольш кароткі шлях да ракі Нуэсес. Акаймаваная правільнымі радамі дрэў, прасека рабіла ўражанне сапраўднай алеі. Магчыма, гэта была старая ваенная сцежка каманчаў, пракладзеная ў час іх паходаў на Тамауліпас, Каауілу і Нуэва Леон.
Следапыты ведалі, што гэта прасека выходзіць на Аламо, і павялі атрад па ёй.
Неўзабаве коннікі заўважылі, што адзін са следапытаў, які адправіўся ўперад пеша, стаіць на ўзлеску, чакаючы іх.
– У чым справа? – спытаў маёр, абагнаўшы астатніх і пад’язджаючы да яго. – Сляды?
– Так, маёр, і вельмі шмат. Паглядзіце сюды! Вось тут, дзе зямля мяккая, бачыце?
– Сляды каня.
– Двух канёў, маёр, – сказаў следапыт, пачціва папраўляючы маёра.
– Правільна, двух.
– Далей як быццам чатыры сляды, але яны пакінуты ўсё тымі ж двума канямі. яны ідуць спярша ўверх па гэтай прасецы і затым вяртаюцца назад.
– Добра, Спенглер. Што ты пра гэта скажаш?
– Я па прасецы далёка не хадзіў, і многае яшчэ застаецца загадкавым, – адказаў Спенглер, які служыў разведчыкам у форце, – але тым не менш відавочна, што тут забілі чалавека.
– Якія ў цябе доказы? Хіба ты знайшоў труп?
– He.
– Дык што ж ты знайшоў?