– Кроў – цэлую лужу крыві, нібы яе выпусцілі з жылаў бізона. Ідзіце і паглядзіце самі. Але, – працягваў ён шэптам, – калі вы хочаце, каб я як след разабраўся ў слядах, загадайце астатнім не пад’язджаць бліжэй. Асабліва тым, хто наперадзе.

Відавочна, гэта заўвага адносілася да плантатара і яго пляменніка, таму што следапыт крадком паглядзеў на іх.

– Добра! – адказаў маёр. – He турбуйцеся, Спенглер, ніхто не перашкодзіць… Джэнтльмены! Я прашу вас некалькі хвілін не кранацца з месца. Далей ехаць нельга, таму што Спенглеру трэба разабрацца ў слядах. Ён можа ўзяць з сабой толькі мяне.

Загад маёра быў выказаны ў ветлівай форме просьбы, таму што ён гаварыў з людзьмі, яму непасрэдна не падпарадкаванымі. Але ўсе без пярэчанняў выканалі гэта распараджэнне і засталіся на сваіх месцах, у той час як сам маёр адправіўся следам за разведчыкам.

Праехаўшы крокаў пяцьдзесят, Спенглер спыніўся.

– Бачыце, маёр? – сказаў ён, паказваючы на зямлю.

– Тут і сляпы ўбачыць, – адказаў афіцэр. – Лужа крыві, і твая праўда – такая вялікая, што можна дадумаць, быццам тут зарэзалі бізона. Калі ж гэта кроў чалавека, то можна не сумнявацца, што яго ўжо няма ў жывых.

– Ён памёр раней, чым гэта кроў пацямнела, – сказаў следапыт.

– Як ты думаеш, Спенглер, чыя гэта кроў?

– Гэта кроў таго, каго мы адшукваем: сына старога плантатара. Па гэтаму я не хацеў, каб бацька ішоў з намі.

– Мне здаецца, ад яго не трэба ўтойваць праўду. Усё роўна ён з часам пра яе дазнаецца.

– Гэта правільна, маёр. Але ўсё-такі нам трэба спачатку высветліць, як забілі хлопца, а вось у гэтым я і не магу разабрацца.

– He можаш разабрацца? Ён забіты індзейцамі, канешне! Яго ж забілі каманчы?

– Толькі не явы, – упэўнена адказаў следапыт.

– Чаму ты так думаеш, Спенглер?

– Калі б тут былі індзейцы, то мы знайшлі б сляды не двух, а сарака коней.

– Гэта правільна. Сумніўна, каб каманчы рызыкнулі напасці ў адзіночку.

– Ніводзін з каманчаў, маёр, і наогул ніхто з індзейцаў не ўчыняў гэтага забойства. На прасецы відаць сляды толькі двух канёў. Вы бачыце, гэта сляды падкоў, гэтыя ж адбіткі вядуць і назад. Каманчы не ездзяць на падкаваных конях, хіба толькі на крадзеных. I на тым і на другім кані былі белыя коннікі, а не чырванаскурыя. Адзін рад слядоў пакінуты вялікім мустангам, другі – амерыканскім канём. Калі яны ехалі на захад, мустанг ішоў уперадзе, гэта можна вызначыць па тым, што яго сляды перакрыты. На зваротным шляху ўперадзе быў амерыканскі конь, а мустанг ішоў за ім; але сказаць, на якой адлегласці адзін коннік ехаў за другім, пакуль цяжка. Напэўна, разабрацца будзе лягчэй, калі мы адправімся да месца, дзе яны абодва павярнулі назад. Гэта павінна быць недалёка.

– Добра, едзем туды, – сказаў маёр. – Я зараз распараджуся, каб ніхто не ехаў за намі.

Аддаўшы распараджэнне гучным голасам, каб усе яго пачулі, маёр паехаў за Спенглерам.

Сляды былі прыметныя яшчэ на працягу амаль чатырохсот ярдаў; але маёр мог распазнаць іх толькі на больш мяккай зямлі – у цені дрэў. Следапыт сказаў, што яго меркаванне пацвердзілася: у напрамку на захад мустанг ішоў уперадзе, а на зваротным шляху ён быў ззаду амерыканскага каня.

Далей гэтага месца слядоў не было; тут абодва кані павярнулі назад.

Перш чым адправіцца ў зваротны шлях, яны прастаялі некаторы час пад вялікай таполяй. Зямля вакол, уся зрытая капытамі, красамоўна гаварыла аб гэтым.

Спенглер злез з каня і стаў уважліва вывучаць сляды.

– Яны былі тут разам, – сказаў ён праз некалькі хвілін, працягваючы разглядаць зямлю. – I даволі доўга. Але абодва заставаліся ў сёдлах і спакойна размаўлялі. Гэта яшчэ болей заблытвае справу. Мабыць, яны пасварыліся пасля…

– Калі ты кажаш праўду, Спенглер, то ты сапраўдны чарадзей! Скажы, калі ласка, як ты дазнаўся пра ўсё гэта?

– Па слядах, маёр, па слядах! Гэта вельмі проста. Я бачу, што адны сляды месцамі перакрываюцца другімі. Значыць, коні былі тут адначасова, але ім не стаялася, і яны перабіралі нагамі. Коннікі заставаліся тут даволі доўга – паспелі скурыць па цэлай цыгарэце. Вось тут і недакуркі. Тым, што ад іх засталося, і люльку не набіць.

Следапыт нахіліўся, падняў недакурак цыгарэты і перадаў яго маёру.

– Па гэтаму, – працягваў следапыт, – я і вырашыў, што коннікі не маглі быць варожа настроены адзін да аднаго. Людзі не кураць разам, калі збіраюцца праз хвіліну перарэзаць адзін аднаму глотку або раструшчыць галаву. Сварка магла адбыцца толькі пасля таго, як цыгарэты былі скураны. Што яна адбылася, у гэтым я не сумняваюся. I адзін з іх прыкончыў другога – гэта так жа відавочна, як тое, што вы сядзіце ў сядле. Хто загінуў, няцяжка здагадацца. Бедны містэр Пойндэкстэр ніколі не ўбачыць свайго сына!

– Усё гэта вельмі загадкава, – заўважыў маёр.

– Так, чорт вазьмі.

– Але цела – дзе ж яно можа быць?

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже