– Вось над гэтым я і ламаю сабе галаву. Калі б забілі індзейцы, то мяне ніколькі не здзівіла б, што труп прапаў. яны маглі ўзяць яго з сабой. Але тут не было індзейцаў – ні аднаго чырванаскурага не было. Паверце мне, маёр, што адзін з гэтых двух коннікаў прыстукнуў другога. А што ён зрабіў з трупам, вось гэтага я не разумею! I напэўна, толькі ён сам можа гэта сказаць.

– Надзвычай дзіўна! – усклікнуў маёр. – Надзвычай загадкава!

– Можа, вам яшчэ і ўдасца разгадаць гэту тайну, – працягваў Спенглер. – Трэба знайсці сляды коней пасля таго, як яны паскакалі месца, дзе было ўчынена злачынства. Можа, і ўдасца пра што-небудзь даведацца… Тут вам болей няма-чаго рабіць. Давайце вяртацца, маёр. Трэба яму сказаць?

– Містэру Пойндэкстару?

– Так.

– Ты ўпэўнены, што забіты – яго сын?

– Ну, не! Гэтага я не магу сцвярджаць. Я толькі ўпэўнены ў тым, што стары Пойндэкстэр пад’ехаў сюды на адным з двух канёў, якія былі сведкамі злачынства, – на амерыканскім кані. Я параўноўваў сляды. I калі толькі малады Пойндэкстэр сядзеў іменна на гэтым кані, то я баюся, што мала надзеі ўбачыць яго жывым. Вельмі падазрона, што другі паехаў следам за ім.

– Спенглер, ці ёсць у цябе якія-небудзь меркаванні, хто быў гэты другі?

– Ніякіх. Калі б не расказ старога Дофера, я ніколі б не ўспомніў пра Морыса-мустангера. Хаця гэта і след падкаванага мустанга, але я не магу ручацца, што гэта іменна яго мустанг. Наўрад… Малады ірландзец не з тых, хто забівае з-за вугла.

– Я думаю, ты маеш рацыю.

– Дык вось, калі малады Пойндэкстэр быў забіты і забіў яго Морыс Джэральд, то паміж імі, напэўна, быў чэсны паядынак і сын плантатара аказаўся пераможаным. Вось як я гэта разумею. Але знікненне трупа – а згубіўшы дзве кварты' крыві, ні адзін чалавек не выжыве – ставіць мяне ў тупік. Трэба пайсці далей па слядах. Можа, яны і прывядуць нас да разгадкі… Сказаць старому, што я думаю?

– He, бадай, не варта. Ён ужо дастаткова многа ведае. Яму лягчэй будзе прыйсці да гэтай жахлівай праўды паступова. He кажы яму нічога пра тое, што мы бачылі. Вярніся да таго месца, дзе кроў, і пашукай зваротны след, а я пастараюся правесці атрад следам за табой так, каб ніхто нічога не заўважыў.

– Добра, маёр, – сказаў следапыт. – Мне здаецца, я здагадваюся, куды павядзе зваротны след. Дайце мне дзесяць хвілін на гэту справу і рухайцеся ў дарогу па майму сігналу.

Сказаўшы гэта, Спенглер паехаў назад да лужы крыві. Там пасля беглага агляду ён павярнуў у бакавую прасеку.

Ва ўмоўлены час пачуўся яго гучны свіст. Мяркуючы па гуку, следапыт адышоў амаль на цэлую мілю і цяпер знаходзіўся недзе ўбаку ад месца жахлівага злачынства.

Пачуўшы сігнал, маёр, які ўжо паспеў вярнуцца да свайго атрада, аддаў распараджэнне рухацца. Ён ехаў побач са старым Пойндэкстэрам і некалькімі іншымі багатымі плантатарамі, але ні з кім не падзяліўся загадкавым адкрыццём следапыта.

<p>40. Мечаная куля</p>

Перш чым атрад дагнаў разведчыка, адбылося невялікае здарэнне. Маёр павёў сваіх людзей не па прасецы, а напрасткі праз лес. Гэты шлях быў выбраны невыпадкова: маёр хацеў пазбавіць бацьку ад залішніх пакут, не даўшы яму ўбачыць кроў – кроў яго сына, як меркаваў следапыт. Жахлівае месца засталося ўбаку; ніхто, акрамя маёра і следапыта, не ведаў пра сумнае адкрыццё, і атрад рухаўся ўперад у шчаслівым няведанні.

Яны прабіраліся па вузкай звярынай сцежцы, так што два коннікі ледзь маглі ехаць побач; месцамі сцежка пашыралася да палянкі, але праз некалькі ярдаў зноў звужалася і ішла ў зараснікі.

На адну з палян, размешчаную на шляху атрада, з гушчару зараснікаў выскачыў ягуар – жывёла, рэдкая па сваёй яркай прыгажосці нават для трапічных джунгляў. Прырода мудрагеліста размалявала яго жоўтую шкуру чорным ажурным узорам нейкіх разетак, кружкоў, плям, якія капрызна спалучаліся паміж сабою. Вялізная стракатая кошка, гібкая, дужая, якая эластычным скачком вылецела на паляну, не магла не спыніць на сабе ўвагу коннікаў, нягледзячы на ўсю сур’ёзнасць задачы экспедыцыі. Двое стрэлілі ўслед жывёле.

Гэта быў Касій Калхаўн і малады плантатар, які ехаў побач з ім.

Ягуар зваліўся мёртвым, куля прайшла ўздоўж усяго спіннога хрыбта драпежніка.

Каму з дваіх належаў гонар удалага стрэлу? Абодва, і Калхаўн і малады плантатар, прыпісвалі яго сабе. Яны стралялі разам, але ў «т папала толькі адна куля.

– Я вам дакажу, – упэўнена заявіў адстаўны капітан, злазячы з каня.

Падышоўшы да забітага ягуара, ён дастаў нож і, звярнуўшыся да прысутных, сказаў:

– Куля знаходзіцца ў целе жывёлы, ці не так, джэнтльмены? Калі гэта куля мая, то на ёй будуць мае ініцыялы— «К.К.К.» з паўмесяцам. Mae кулі зроблены па спецыяльнаму заказу, і я заўсёды магу распазнаць забітую мною дзічыну.

Калхаўн з выхвальствам падняў вынятую кулю – няцяжка было здагадацца, што ён сказаў праўду. Больш цікаўныя падышлі паглядзець: куля сапраўды была памечана ініцыяламі Калхаўна, і спрэчка, такім чынам, закончылася не на карысць маладога плантатара.

Неўзабаве пасля гэтага атрад пад’ехаў да месца, дзе чакаў следапыт, які і павёў іх далей.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже