Тут ужо не было адбіткаў капытоў двух падкаваных канёў. Можна было разгледзець толькі след аднаго каня, але ён быў такі малапрыметны, што месцамі распазнаць яго мог толькі следапыт.
След гэты ішоў праз зараснікі, час ад часу выходзіў на палянкі і нарэшце, апісаўшы круг, вывеў іх на тую ж прасеку, толькі некалькі далей на захад.
Хаця Спенглер і не быў першакласным следапытам, ён ехаў па гэтаму следу так хутка, што астатнія ледзь паспявалі за ім.
Ён ужо здагадваўся, які конь пакінуў гэты след. Ён ведаў, што гэта быў мустанг, які стаяў пад таполяй, у той час як яго коннік курыў цыгару, – той самы мустанг, чые глыбокія адбіткі капытоў засталіся на зямлі, насычанай крывёю.
Пакуль следапыт заставаўся адзін, ён прайшоў таксама па следу і амерыканскага каня. Ён зразумеў, што гэты след прывядзе назад у прэрыю, па якой яны ехалі сюды, і затым, напэўна, да плантацый на Ляоне.
Але след мустанга, здавалася, абяцаў намнога больш, і Спенглер зноў заняўся ім; гэты след мог прывесці да разгадкі крывавай тайны, а можа, нават да логава забойцы.
Але ён азадачыў следапыта не менш, чым перакрытыя адзін адным сляды двух канёў.
Ён цягнуўся не прама, як гэта звычайна бывае, калі кіруе канём коннік: ён то віўся, то пятляў, то ішоў прама, то кружыў, як быццам на мустангу не было конніка або коннік заснуў у сядле.
Ці мог быць такім след каня, на якім скакаў злачынец, што спяшаўся схавацца пасля толькі што ўчыненага забойства?
Спенглер так не думаў. Ён наогул не ведаў, што і думаць. Ён быў зусім збіты з панталыку, пра што шчыра сказаў маёру, калі той спытаў яго аб характары следу.
Аднак тое, што хутка паўстала перад яго вачамі і што адначасова ўбачылі ўсе спадарожнікі, не толькі не дапамагло раскрыць тайну, а, наадварот, зрабіла яе яшчэ больш незразумелай.
Звыш таго: здагадкі і роздум раптам ператварыліся ва ўсёпаглынальны жах. I ніхто не стаў бы сцвярджаць, што для гэтага не было падстаў.
Няўжо вы не жахнуліся б, калі б убачылі конніка, які ўпэўнена сядзіць у сядле, з нагамі, прасунутымі ў страмёны, моцна трымае ў руках павады і на першы погляд такі ж, як сотні іншых, але, угледзеўшыся ўважлівей, адзначылі б у ім нешта дзіўнае і раптам зразумелі б, што ў яго не хапае галавы!
Іменна такое відовішча і паўстала перад іх вачамі. Рэзкім рухам усе яны адначасова асадзілі коней, нібы перад адкрытай безданню.
Сонца ўжо заходзіла, яго вогненны дыск амаль кранаўся травы, і чырвоныя промні білі прама ў вочы, асляпляючы і не даючы нічога разглядзець. Тым не менш усе ясна ўбачылі, што дзіўная фігура, якая паўстала перад іх вачамі,– коннік без галавы.
Калі б толькі адзін з прысутных заявіў, што ён бачыў конніка без галавы, яго, напэўна, абсмяялі б і назвалі вар’ятам. Нават калі б гэта сцвярджалі двое, іх таксама абвінавацілі б у вар’яцтве.
Але тое, што адначасова ўбачылі ўсе, не магло выклікаць сумнення, і наадварот, калі б хто-небудзь стаў абвяргаць гэта, то вар’ятам палічылі б яго.
Але ніхто не ўсумніўся. Усе напружана глядзелі ў адзін бок – на тое, што было або коннікам без галавы, або ўмела зробленым чучалам.
Ці было гэта чучала? А калі не, то што ж?
Гэта пытанне ўзнікла ва ўсіх адначасова. I паколькі ніхто не мог знайсці адказу нават для самога сябе, то ўсе маўчалі.
Ваенныя і цывільныя моўчкі сядзелі ў сёдлах, чакаючы тлумачэння, якога ніхто не мог даць.
Былі чутны толькі прыглушаныя воклічы здзіўлення і жаху. Але ніхто не выказваў ніякай здагадкі.
Коннік без галавы – прывідны ці рэальны – у тую хвіліну, калі яны яго ўбачылі, уязджаў у прасеку, на процілеглым канцы якой спыніўся атрад. Калі б ён працягваў свой шлях, то пад’ехаў бы прама да іх, – канешне, калі б у іх хапіла мужнасці дачакацца яго.
Але ён спыніўся амаль адначасова з імі і, здавалася, глядзеў на іх з такім жа недаверам, як яны на яго.
Настала такая цішыня, што было чутна, як упаў у траву недакурак цыгары. Вось тады тыя нямногія, у каго хапіла храбрасці, змаглі разгледзець дзіўнага наезніка, але большасць дрыжалі ад страху, страціўшы ўсялякую здольнасць разумець. Аднак і тыя, хто асмеліўся зірнуць на гэту таямнічую фігуру, імкнучыся зразумець, што ж гэта такое, былі аслеплены промнямі сонца на захадзе. Яны толькі ўбачылі сілуэт вялікага прыгожага каня з коннікам на спіне. Цела чалавека было цяжка разглядзець, бо ён быў захутаны ў нешта накшталт плашча, які спадаў з плеч.
Але якое ўсё гэта мела значэнне, калі ў конніка не было галавы? Чалавек без галавы, вярхом на кані, сядзіць у сядле з прыроджанай зграбнасцю; на яго абцасах блішчаць шпоры, у адной руцэ сціснуты павады, другая ж, як і мае быць, свабодна апушчана на бядро.
Што ж гэта такое? Ці не здань? Хіба гэта можа быць жывым чалавекам?
Тыя, хто глядзеў на яго, былі людзьмі, якія не верылі ні ў здані, ні ў звышнатуральныя прывіды. Многім з іх не раз даводзілася ў дзікай глушы змагацца з самымі суровымі і нечаканымі капрызамі прыроды. He такім людзям верыць у прывіды!
I ўсё ж, убачыўшы такую незвычайную з’яву, нават самыя разважныя сталі сумнявацца ў яе рэальнасці і паўтаралі самі сабе:
Гэта здань. Канешне, гэта не можа быць чалавекам!