Велічыня конніка без галавы пацвярджала здагадку, што перад імі звышнатуральная з’ява. Ён здаваўся ўдвая большым за звычайнага чалавека на звычайным кані; магчыма, гэта было падманнае ўражанне, якое тлумачылася праламленнем сонечных промняў, што праходзілі гарызантальна праз хісткае паветра над распаленай раўнінай.
Але зараз было не да разважанняў, не было нават часу, каб як след разгледзець гэты пачварны прывід, на які ўсе прысутныя напружана глядзелі, засланяючы рукой вочы ад сляпучага сонца.
Hі колеру адзення, ні масці яго каня нельга было распазнаць. Бачны былі толькі абрысы яго фігуры – чорны сілуэт на залатым фоне неба. Але якім бокам ён да іх ні паварочваўся, гэта была ўсё тая ж незразумелая з’ява – коннік без галавы.
– Гэта д’ябал на кані! – раптам крыкнуў адзін з бывалых памежных жыхароў, якога нічым нельга было напалохаць. – Клянуся, гэта сам д’ябал!
Яго грубы смех, які суправаджаўся лаянкай, яшчэ мацней напалохаў больш баязлівых з прысутных і, здавалася, зрабіў уражанне нават на конніка без галавы. Ён крута павярнуў свайго каня, а той дзіка заржаў і паскакаў прэч.
Коннік без галавы памчаўся прама да сонца і неўзабаве знік з вачэй, нібы ўехаў у ззяючы дыск.
Атрад коннікаў на чале з маёрам быў не адзіным, які выехаў з форта Індж у гэту знамянальную раніцу.
Значна раней, амаль на досвітку, у тым жа напрамку – да ракі Нуэсес – праехаў невялікі атрад з чатырох чалавек.
Наўрад ці ён выехаў на пошукі трупа Генры Пойндэкстэра. У той ранні час яшчэ ніхто не падазраваў, што юнак забіты ці хаця б прапаў. Конь без седака яшчэ не прынёс сумную вестку. Пасёлак спаў, яе ведаючы, што праліта нявінная кроў.
Нягледзячы на тое, што абодва атрады выехалі з аднаго і таго ж месца і ў адным і тым жа напрамку, паміж коннікамі гэтых атрадаў не было нічога агульнага. Тыя, якія выехалі раней, былі іспанцы, ці, дакладней, у іх жылах іспанская кроў была змешана з ацтэкскай, – іншымі словамі, гэта былі мексіканцы.
Каб заўважыць гэта, не патрабавалася ні асаблівых ведаў, ні назіральнасці, дастаткова было толькі зірнуць на іх. Іх манера ездзіць вярхом, вузкія бёдры, асабліва прыметныя дзякуючы высокім сёдлам, накінутыя на плечы яркія серапе, аксамітавыя штаны, вялікія шпоры на ботах і, нарэшце, чорныя самбрэра з шырокімі палямі – усё гэта выдавала ў іх мексіканцаў або людзей, якія перанялі звычаі мексіканцаў.
Але чатыры коннікі, бясспрэчна, былі мексіканцамі. Смуглая скура, чорныя, коратка падстрыжаныя валасы, вострыя бародкі, правільны авал твару – усё гэта характэрна для людзей іспана-ацтэкскага тыпу, якія жывуць цяпер на старажытнай зямлі Мантэсумы.
Адзін з коннікаў быў больш мажнога складу, чым яго спадарожнікі. Яго конь быў лепшы за другіх, касцюм багацейшы, зброя больш тонкай работы, ды і па ўсім астатнім было відаць, што ён завадатар гэтай чацвёркі.
Яму было пад сорак, хаця ён выглядаў маладзейшым дзякуючы старанна падстрыжаным кароткім бакенбардам.
Яго можна было б, бадай, назваць прыгожым, калі б не халодны, цяжкі погляд і не пануры выраз твару, які выдаваў грубасць і жорсткасць яго натуры.
Нават усмешка прыгожа абрысаванага рота з двума роўнымі радамі белых зубоў не магла згладзіць гэтага ўражання – у ёй было штосьці сатанінскае.
He за знешнасць назвалі яго таварышы імем жывёлы, добра вядомай на раўніне Тэхаса. Ён атрымаў незайздросную мянушку Эль-Каёта – Ваўка Прэрый – за свой характар і паводзіны.
Як здарылася, што Эль-Каёт ехаў па прэрыі так рана – мабыць, зусім цвярозы, ды яшчэ на чале атрада? Усяго ж некалькі гадзін назад ён ляжаў у сваім хакале п’яным і не толькі не змог ветліва прывяць госця, але нават, здаецца, не зразумеў, што да яго прыйшлі.
Гэту раптоўную і да нейкай ступені дзіўную перамену не так ужо цяжка вытлумачыць. Дастаткова будзе расказаць, што адбылося з таго моманту, як Калхаўн паехаў ад яго, і да нашай сустрэчы з Эль Каётам і трыма яго суайчыннікамі.
Ад’язджаючы, Калхаўн не зачыніў дзверы хакале, і яны заставаліся адчыненымі да ранку, а Эль-Каёт працягваў спаць.
На досвітку ён прачнуўся ад холаду і сырасці. Гэта крыху працвярэзіла яго. Саскочыўшы з ложка, ён пачаў, хістаючыся, хадзіць па хаціне, праклінаючы холад і дзверы, якія гэты холад упусцілі.
Можна было падумаць, што ён зараз жа зачыніць іх. Аднак ён гэтага не зрабіў. Дзверы былі адзінай адтулінай, якая давала доступ святлу, калі не лічыць шчылін у старых сценах, – а святло было патрэбна, каб выканаць намер, дзеля якога ён устаў.
Але шэрае досвітнае святло, што пранікала праз адчыненыя дзверы, яшчэ слаба асвятляла хаціну. Эль Каёт шнарыў кругом, спатыкаючыся і лаючыся, пакуль нарэшце не знайшоў тое, што шукаў: вялікую гарбузовую бутлю з дзвюма адтулінамі, перахопленую пасярэдзіне раменьчыкам, – яна служыла пасудзінай для вады, але часцей для спіртных напояў.
Пах, які распаўсюдзіўся кругом, калі мексіканец адаткнуў бутлю, гаварыў аб тым, што ў ёй зусім нядаўна была гарэлка; але са злоснай лаянкі яе ўладальніка стала ясна, што цяпер яна ўжо пустая.