– Тысяча чарцей! – закрычаў ён, са злосным расчараваннем трасучы бутлю, каб канчаткова пераканацца, што ў ёй нічога няма. – Hі кроплі! Блыху і тую не ўтопіш! А мой язык ліпне да зубоў. Глотка гарыць, нібы праз яе прапусцілі цэлую жароўню гарачага вуголля. Каб яго чорт! Я не магу болей цярпець. Што ж рабіць? Ужо світае. Прыйдзецца адправіцца ў пасёлак. Можа, сеньёр Дофер ужо адкрыў сваю пастку, каб лавіць ранніх птушак. Калі так, то да яго завітае каёт.

Павесіўшы бутлю на шыю і накінуўшы серапе, Эль Каёт адправіўся ў пасёлак.

Таверна была на адлегласці ўсяго толькі некалькіх ярдаў ад яго хакале, на тым жа беразе ракі; гэта сцежка была так добра яму знаёма, што ён змог бы прайсці па ёй з завязанымі вачамі. Праз дваццаць хвілін ён ужо, хістаючыся, набліжаўся да шыльды «На пры-

Яму пашчасціла: Абердофер увіхаўся ў бары, абслугоўваючы ранніх гасцей – некалькі салдат, якія ўпотай пайшлі з казармаў, каб прамачыць горла пасля сну.

– Майн гот, містэр Дыяс! – сказаў гаспадар, вітаючы новага госця і бесцырымонна пакідаючы шасцярых кліентаў, што пілі ў крэдыт, дзеля аднаго, які, як ён ведаў, заплаціць наяўнымі.– Майн гот! Ці гэта вы так рана на нагах? Я ведаю, чаго вы хочаце. Вы хочаце, каб я напоўніў вашу гарбузовую бутлю мексіканскай гарэлкай аг… аг… Як вы гэта называеце?

– Агвардыентэ! Вы адгадалі, кабальера. Гэта якраз тое, чаго я хачу.

– Адзін долар! Гэта каштуе адзін долар.

– Карамба! Я плаціў дастаткова часта, каб помніць цану. Вось вам манета, а вось пасудзіна. Напоўніце яе, ды жвавей!

– Вы спяшаецеся, гер Дыяс? Я не застаўлю вас чакаць. Збіраецеся папаляваць у мустангавай прэрыі? Баюся, што ірландзец апярэдзіў вас. Ён паехаў яшчэ ўначы. Ён пакінуў мой дом ужо пасля поўначы – позні час для падарожжа. Дзіўны чалавек гэты мустангер – містэр Морыс Джэральд! Ніхто ніколі не ведае, чаго ад яго чакаць. Але я нічога не магу сказаць супраць яго. Ён быў добрым пастаяльцам, расплаціўся па свайму вялікаму рахунку, як багаты чалавек, і ў яго яшчэ многа засталося. Майн гот, яго кішэні былі набіты доларамі!

Мексіканец вельмі зацікавіўся паведамленнем пра тое, што ірландзец паехаў у «мустангавую прэрыю», як выказаўся Абердофер. Сваю зацікаўленасць ён выдаў спачатку воклічам здзіўлення, а потым і нецярпеннем, якое праглядвала на ўсіх яго жэстах, пакуль ён слухаў балбатню немца.

Аднак ён пастараўся ўтаіць сваё хваляванне. Замест таго каб распытваць Абердофера, ён адказаў з абыякавым выглядам:

– Гэта мяне не тычыцца, кабальера. У прэрыі дастаткова мустангаў – хопіць для ўсіх, каб папаляваць. Хутчэй, сеньёр, давайце маё агвардыентэ.

Крыху пакрыўджаны, што яму не далі папляткарыць, немец хутка напоўніў гарбузовую бутлю. He спрабуючы больш працягваць гаворку, ён працягнуў яе мексіканцу, узяў долар, шпурнуў яго ў скрынку з грашамі і вярнуўся да салдат, якія былі больш гаваркімі, бо пілі ў крэдыт.

Нягледзячы на смагу, Дыяс выйшаў з бара, не адтыкаючы бутлі і як быццам нават забыўшы пра яе.

Ён быў цяпер усхваляваны чымсьці, што было мацней за жаданне выпіць.

Ён не адразу вярнуўся дамоў, а зайшоў спачатку ў тры хаціны на ўскраіне пасёлка, у якіх жылі такія ж аматары лёгкай нажывы, і толькі пасля гэтага адправіўся ў сваё хакале.

На зваротным шляху Эль-Каёт заўважыў сляды падкаванага каня і ўбачыў, што яго прывязвалі да дрэва паблізу хакале.

– Карамба! Капітан-амерыканец быў тут сёння ноччу. Чорт бы яго ўзяў! Я нешта цьмяна ўспамінаю, але мне здавалася, што я гэта бачыў у сне. Здагадваюся, навошта ён сюды прыязджаў. Ён даведаўся пра ад’езд дона Марысіо. Ён, напэўна, яшчэ заедзе, калі вырашыць, што я ўжо выспаўся. Ха-ха! Усё будзе зроблена і без яго. Мне не спатрэбіцца яго далейшых указанняў. Тысяча долараў! Вось гэта грошы! Як толькі я іх атрымаю, я паеду на Рыо-Грандэ і паспрабую паладзіць з Ісідорай.

Прамовіўшы гэты маналог, Эль-Каёт заставаўся ў сваім хакале столькі часу, колькі яму спатрэбілася, каб спешна праглынуць некалькі кавалкаў смажанага мяса і запіць іх добрым глытком агвардыентэ. Затым ён злавіў і асядлаў свайго каня, надзеў вялізныя шпоры, прывязаў да сядла маленькі карабін, засунуў у кабуры па рэвальверу, прычапіў да пояса мачэтэ ў скураных ножнах, ускочыў у сядло і хутка паскакаў.

Перад тым як выехаць у прэрыю, ён яшчэ раз заехаў на ўскраіну пасёлка і там дачакаўся коннікаў, якія павінны былі суправаджаць яго і якіх ён ужо папярэдзіў, што іх дапамога спатрэбіцца ў адной тайнай справе.

Тры прыяцелі Эль-Каёта, здавалася, ужо былі знаёмы з яго планамі. Ва ўсякім выпадку, яны ведалі, што месцам дзеяння будзе Аламо. Калі ў пачатку шляху Дыяс павярнуў убок, яны крыкнулі яму, што ён едзе не па той дарозе.

– Я добра ведаю Аламо, – сказаў адзін з іх, таксама мустангер. – He раз я паляваў там на коней. Гэта месца ляжыць на паўднёвы захад адсюль. Самая блізкая дарога туды ідзе вунь праз гэту прасеку. Вы ўзялі занадта на захад, дон Мігуэль.

– Вось як? – пагардліва сказаў Дыяс. – Вы, мабыць, амерыканец, сеньёр Вісентэ Бараха. Вы забываеце, што нашы коні падкаваныя. Індзейцы не ездзяць прама з форта Індж на Аламо, каб… Спадзяюся, вы разумееце мяне?

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже