– Сапраўды! – адказаў Бараха. – Прашу прабачэння, дон Мігуэль! Карамба! Я пра гэта не падумаў.

Без далейшых спрэчак трое саўдзельнікаў Эль-Каёта паехалі за ім. Яны ехалі моўчкі, пакуль, нарэшце, не дасягнулі лясных зараснікаў на некалькі міль далей ад прасекі, пра якую ўпамянуў Бараха.

Аказаўшыся пад прыкрыццём лесу, усе чацвёра сышлі з коней і прывязалі іх да дрэў; пасля гэтага яны прыступілі да справы, якую можна параўнаць толькі з тым, што адбываецца за кулісамі правінцыяльнага тэатра перад паказам меладрамы з жыцця дзікуноў.

<p>42. Грыфы злятаюцца</p>

Чарада чорных грыфаў, што кружылі над прэрыяй, – карціна звычайная для паўднёвага Тэхаса, і той, хто падарожнічаў там, канешне, бачыў гэта відовішча.

Зляцеўшыся цэлымі сотнямі, яны адпісваюць у паветры шырокія кругі і спіралі: яны то спускаюцца ўніз, амаль кранаючыся травы, то раптам узвіваюцца ўверх на нерухома распрасцёртых крылах – на фоне неба выразна вызначаюцца іх зубчастыя контуры.

Падарожнік, які ўбачыць гэта ўпершыню, міжволі спыніць свайго каня, каб паназіраць за птушкамі. Нават той, для каго чарада грыфаў не дзіва, міжволі задумаецца: для чаго сабраліся гэтыя драпежнікі?

Гэтыя агідныя птушкі злятаюцца нездарма. I ўбачыць падарожнік ці не, ён ведае, што на зямлі, якраз на тым месцы, над якім кружаць драпежнікі, ляжыць забітая жывёліна, а магчыма, і чалавек, мёртвы або паміраючы.

Раніцай пасля той змрочнай ночы, калі тры коннікі перасяклі раўніну, гэту карціну можна было назіраць над зараснікамі, куды яны ўехалі. Чарада чорных грыфаў кружыла над макушкамі дрэў у тым месцы, дзе прасека рабіла паварот.

На досвітку ніводнага драпежніка яшчэ не было відаць. Але не прайшло і гадзіны пасля ўзыходу сонца, як сотні грыфаў ужо луналі тут на шырока распасцёртых крылах; іх чорныя цені слізгалі па яркай зеляніне лесу.

Тэхасец, трапіўшы ў прасеку і заўважыўшы гэту злавесную зграю, адразу здагадаўся б, што тут лунае смерць.

Праехаўшы далей, ён знайшоў бы пацверджанне гэтаму – лужу крыві, затаптаную конскімі капытамі.

Але драпежнікі кружылі не над самой лужай. Цэнтрам апісваемых імі кругоў, здавалася, было месца крыху ўбаку сярод дрэў; там, відаць, і знаходзілася здабыча, што прыцягвала іх.

У гэты ранні час не было ніводнага падарожнага – ні тэхасца, ні чужаземца, каб праверыць правільнасць гэтага меркавання; і тым не менш гэта была праўда.

У лесе на адлегласці чвэрці мілі ад лужы крыві ляжаў на зямлі чалавек.

Ці памёр ён?

На першы погляд здавалася, што ён ужо памёр, і чорныя птушкі, напэўна, таксама лічылі яго мёртвым. Яго нерухомасць і ненатуральная поза пераконвалі ў гэтым.

Ён ляжаў нерухома на спіне, закінуўшы галаву, не закрываючы твару ад сонца. Яго рукі і ногі былі распасцёрты на камяністай зямлі, нібы ён страціў здольнасць валодаць імі.

Паблізу рос вялізны стары дуб, але юнак не быў абаронены яго ценем – ён ляжаў за межамі ліставога шатра, і промні сонца, якія толькі што пачалі пранікаць у гушчар, слізгалі па бледным твары, і той здаваўся яшчэ бляднейшым ад водсвету белай панамы, што толькі злёгку прыкрывала лоб.

Ці памёр ён? Ці памірае?

Мяркуючы па паводзінах грыфаў, можна было сказаць, што ён памёр. Але на гэты раз інстынкт падмануў драпежнікаў.

Ці то юнака разбудзіў прамень сонца, які ўпаў на паўзакрытыя павекі, ці то адпачынак узнавіў яго сілы, але ён паварушыўся і шырока адкрыў вочы.

Неўзабаве ён крыху прыпадняўся і, абапіраючыся на локаць, недаўменна паглядзеў вакол.

Грыфы ўзвіліся высока ў паветра і некаторы час не спускаліся.

– Памёр я ці жывы? – прашаптаў юнак. – Сон гэта ці яна? Што гэта? Дзе я?

Сонечнае святло асляпіла яго. Ён прыкрыў вочы рукой, але і тады бачыў усё як у тумане.

– Дрэвы нада мной, вакол мяне… камяні пада мной, – нездарма у мяне баляць усе косці. Лясны гушчар… Як я трапіў сюды?.. Успомніў! – сказаў ён пасля хвіліны роздуму. – Я стукнуўся галавой аб дрэва. Вось яно – і той самы сук, які выбіў мяне з сядла. Левая нага баліць. Так, памятаю. Я стукнуўся аб ствол. Каб яго чорт, яна, здаецца, зламана…

Юнак паспрабаваў устаць. Але гэта яму не ўдалося. Хворая нага адмаўлялася служыць – ад удару ці вывіху яна моцна распухла ў калене.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже