Ён паплёўся назад па сцежцы і мінуў тое месца, дзе ўпершыню выйшаў на яе. Пакутлівая смага падганяла раненага, і ён напружваў апошнія сілы, але з кожнай хвілінай іх станавілася ўсё менш.

Дрэвы, паміж якімі прыходзілася прабірацца, былі ў большай частцы акацыі, перамежаваныя з кактусамі і агавай. Яны амаль не абаранялі ад промняў паўдзённага сонца, якія лёгка пранікалі скрозь ажурнае лісце і пяклі яго, як агонь.

Ён абліваўся потам, смага станавілася ўсё пакутлівей, пакуль не стала проста нясцерпнай.

Яму не раз трапляліся на вочы сакавітыя плады мескіта; каб іх сарваць, трэба было толькі працягнуць руку. Але юнак ведаў, што яны прытарна-салодкія і не наталяюць смагу, што не дапаможа яму едкі сок кактуса або агавы.

У дадатак да ўсіх бедаў, няшчасны заўважыў, што пашкоджаная нага зусім перастае яго слухацца. Яна моцна распухла. Кожны крок прычыняў яму неверагодны боль. Калі нават ён і на шляху да ручая, ці хопіць у яго сіл дабрацца да яго? Калі не, гэта азначае немінучую пагібель. Заставалася адно: легчы тут, сярод зараснікаў, і памерці.

Смерць прыйдзе не адразу. Хаця ў яго нясцерпна балела выцятая галава і разбітае калена, ён ведаў, што гэтыя пашкоджанні не смяртэльныя. Яму пагражае самая пакутлівая і жорсткая з усіх смярцей – смерць ад смагі.

Гэта думка прынудзіла раненага сабраць апошнія сілы. I, нягледзячы на тоё што ён прасоўваўся марудна і зведваў пры гэтым цяжкія пакуты, ён упарта цягнуўся і цягнуўся ўперад.

А чорныя грыфы ўсё луналі над ім, не адстаючы і не абганяючы. яны праляцелі ўжо болей мілі, але ні адзін не адстаў. Колькасць іх нават павялічылася, – учуўшы здабычу, да зграі далучыліся новыя драпежнікі. I хаця намечаная ахвяра яшчэ рухалася, інстынкт падказваў птушкам, што канец ужо блізкі.

Іх чорныя цені зноў і зноў мільгалі на сцежцы, па якой цягнуўся ранены. Здавалася, што гэта лятае сама смерць…

Навокал была поўная цішыня: грыфы лятаюць бясшумна і, нават прадчуваючы здабычу, не аглушаюць паветра крыкамі. Пякучае сонца ўцішыла конікаў і жабаў; нават агідная рагатая яшчарка драмала ў цені каменя.

Адзінымі гукамі, якія парушалі цішыню маўклівага лесу, быў шоргат адзення пакутніка, калі яно чаплялася за калючыя расліны, і зрэдку яго крык, што дарэмна клікаў на дапамогу.

Калючкі кактусаў і агавы падрапалі яго твар, рукі і ногі, не пакінуўшы жывога месца, і кроў змешвалася з потам.

Ранены ўжо быў блізкі да адчаю, – дакладней, ён ужо быў у адчаі; у поўнай знямозе ён упаў ніцма на зямлю, не верачы болей у магчымасць выратавання.

Але гэта і выратавала яго. Лежачы, прыпаўшы вухам да зямлі, ён пачуў слабы, ледзь распазнавальны гук.

I, які б слабы ні быў гэты гук, ранены пачуў яго, таму што іменна гэтага гуку ён так напружана чакаў,– гэта журчанне вады.

Крыкнуўшы ад радасці, ён устаў на ногі, абапёрся на мыліцу і з новымі сіламі рушыў туды, адкуль даносілася журчанне; здавалася, нават хворая нага стала яго лепш слухацца; бадзёрасць і любоў да жыцця змагаліся са слабасцю і страхам смерці.

Любоў да жыцця ўзяла верх.

Праз дзесяць хвілін ранены ужо ляжаў, выцягнуўшыся на траве каля празрыстага ручая, і недаўмяваў, як простая смага магла прычыніць такія страшэнныя пакуты.

<p>43. Кубак і бутля</p>

Зазірнём у хаціну мустангера. Зноў яго верны слуга сядзіць на табурэтцы пасярод пакоя. Зноў ягоны сабака ляжыць перад ачагом, уткнуўшыся носам у цёплы попел.

Чалавек і сабака знаходзяцца амаль на той жа адлегласці адзін ад аднаго, як і ў мінулы раз; іхнія позы амаль тыя ж. I ўсё ж у хаціне прыметны вялікія перамены.

Абабітыя конскай шкурай дзверы па-ранейшаму вісяць на завесах. Па-ранейшаму на сценах блішчыць дыван са шкур мустангаў. Той жа просты стол, тая ж пасцель, тыя ж дзве табурэткі, тая ж шкура, на якой звычайна спіць Фялім.

Але не відаць на сцяне стрэльбы, не відаць сярэбранага кубка, паляўнічага рога. Няма ні сядла, ні аброці, няма вяроўкі, серапе. Кнігі, чарніла, пёры, папера таксама некуды зніклі.

Можна падумаць, што хакале абрабавалі індзейцы.

Зрэшты, не, – інакш Фялім не сядзеў бы так спакойна на сваёй табурэтцы і ў яго на галаве не было б капы рыжых валасоў.

Хаця са сцен усё знята, але рэчы засталіся ў хаціне, толькі знаходзяцца ў іншым месцы. На падлозе ў беспарадку ляжаць некалькі цюкоў і пакункаў, перавязаных вяроўкай, і сярод іх скураны куфэрак. Напэўна, рэчы складзены для маючага быць пераезду.

Нягледзячы на ўсе гэтыя перамяшчэнні, вялікая бутля з віскі па-ранейшаму стаіць у кутку на сваім звычайным месцы. Фялім бачыць яе часцей, чым любы іншы прадмет у пакоі, таму што, куды б ён ні глядзеў, яго позірк вяртаецца да спакуслівай пасудзіны ў лазовай пляцёнцы.

– А, мая даражэнькая, вось ты дзе! – гаворыць ён, напэўна ў дваццаты раз пазіраючы на бутлю. – У тваім жа цудоўным жывоціку болей дзвюх квартаў, а табе нябось ніякай карысці няма. Вось калі б хоць дзясятая частка трапіла ў мой жывот, гэта было б не шкодна для стрававання! Ці не так, Тара? Як ты думаеш, старая мая псіна?

Пачуўшы сваё імя, сабака падняў галаву і запытальна паглядзеў навокал, як бы пытаючы, чаго ад яго хочуць.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже