Зразумеўшы, што слуга размаўляе сам з сабой, ён зноў улёгся.
– Можаш не адказваць, старая! Я сам гэта ведаю. Далібог, добра б прапусціць шкляначку! Але я не пасмею і кроплі выпіць пасля таго, што мне сказаў гаспадар. Ну і намучыўся ж я сёння з гэтымі зборамі – прама язык прыліп да гартані, як быццам я спрабаваў праглынуць ліпкі пластыр! Як шкада, што Містар Морыс узяў з мяне слова не чапаць бутлі! I каму яна цяпер патрэбна? Ён жа сам сказаў, што, калі вернецца з пасёлка, прабудзе тут толькі адну ноч. Нябось, дзвюх квартаў ён за адзін вечар яе вып’е! Хіба толькі стары грахаводнік Стумп з ім прыедзе… Каб яго чорт узяў, гэтага п’яніцу! Ён высмакча і больш! Адно суцяшае: дзякуй Богу, нарэшце мы такі вернемся ў наш стары Балібалах! Вось ужо калі нап’юся я сапраўднага ірландскага віскі, а не гэтай амерыканскай лухты! Гіп-гіп, ура! Толькі падумаеш, і то ўжо сэрца радуецца! Гіп-гіп, ура!
Падкідваючы свой стары лямцавы капялюш пад столь, захоплены марамі ірландзец яшчэ некалькі разоў пракрычаў «ура». Потым, крыху супакоіўшыся, ён некаторы час прасядзеў моўчкі, як бы ў думках перабіраючы тыя ўцехі, якія чакаюць яго ў Балібалаху.
Але хутка яго думкі вярнуліся ў хаціну і зноў скіраваліся да бутлі ў кутку. На гэты раз ён глядзеў на яе з яшчэ большай прагнасцю.
– Даражэнькая ты мая! – сказаў Фялім, звяртаючыся да бутлі.– Вельмі ўжо ты харошая з сябе! Ты ж не выдасі мяне, калі я цябе разок пацалую? Толькі адзін пацалунак! Што ж у гэтым благога? Нават гаспадар нічога не скажа, калі ўспомніць, як мне давялося паваждацца. Колькі пылу я наглытаўся! А зрэшты, ён і не разлічвае, канешне, што я стрымаю сваё слова на гэты раз, – мы ж ад’язджаем. А як не прамачыць горла на дарогу? Без гэтага нельга – шляху не будзе. Я так і скажу гаспадару – а можа, ён і не раззлуецца. Ды вось яшчэ што: ён жа спазніўся ўжо на цэлых дзесяць гадзін. Скажу, што выпіў кропельку, таму што вельмі за яго непакоіўся. Напэўна ён нічога не скажа. Я толькі панюхаю крыху, а ўжо там – як лёсам будзе наканавана… Ляжы, Тара, я нікуды не іду.
Сабака падняўся, бачачы, што Фялім накіраваўся да дзвярэй.
Але Тара не зразумела намераў Фяліма. Ён выйшаў толькі паглядзець, ці не відаць гаспадара на сцежцы, якая вядзе да хаціны, і ці не перашкодзіць ён яму ажыццявіць задуманае.
Упэўніўшыся, што нікога няма, Фялім прашмыгнуў у куток, адкрыў бутлю, паднёс яе да губ і выпіў далёка не «кропельку».
Паставіўшы бутлю на месца, ірландзец зноў сеў на табурэтку.
Даволі доўга ён прасядзеў моўчкі; потым зноў загаварыў сам з сабою, раз-пораз звяртаючыся з пытаннямі да Тары і да бутлі ў лазовай пляцёнцы.
– He магу зразумець, чаму так доўга няма гаспадара! Сказаў, што вернецца к васьмі раніцы, а цяпер шэсць вечара, калі толькі тэхаскае сонца не хлусіць. Нябось, яго нешта затрымала… Як ты думаеш, Тара?
На гэты раз Тара пацвярджальна фыркнула – ёй у нос трапіў попел.
– Святы Патрык! Ці не здарылася чаго? Што ж будзе з намі, Тара? Ах ты, старая мая псіна! Тады нам даўгавата не відаць Балібалаха. Хіба толькі калі прадаць гаспадарскія рэчы? Кубак з чыстага серабра – ён адзін аплаціць нам дарогу. Каб яго чорт, вось што прыйшло мне ў галаву: я ж ніколі яшчэ не піў з гэтай прыгожай пасудзіны! Напэўна выпіўка смачнейшай здасца. Трэба паспрабаваць – зараз якраз удачны час.
Кажучы гэта, ён дастаў кубак з куфэрка, яшчэ раз адкрыў бутлю і наліў паўшклянкі віскі.
Выпіўшы ўсё залпам, Фялім пацмокаў губамі, нібы вызначаючы якасць напітку.
– Чорт яго ведае, ці смачней так, – сказаў ён, усё яшчэ трымаючы ў адной руцэ кубак, а ў другой бутлю. – Бадай што, з самой бутлі смачней, калі толькі мяне памяць не падводзіць. Трэба паспрабаваць з той і з другой пасудзіны зараз, а тады толькі і можна сказаць, з якой смачней.
Ірландзец паднёс бутлю да губ і пасля некалькіх глыткоў паставіў яе на месца. Потым ён зноў задуменна пацмокаў, як сапраўдны знаўца.
– А я ж зноў памыліўся, – сказаў ён, пакруціўшы галавой. – Зусім няправільна. З серабра такі смачней. Ці гэта мне здалося? Трэба праверыць; прыйдзецца яшчэ раз выпіць крышачку з кубка – я ж піў двойчы з бутлі і толькі адзін раз з сярэбранай пасудзіны. Справядлівасць даражэй за ўсё – так ужо павялося на белым свеце. I чаму я павінен абыходзіцца горш з гэтым цудоўным кубачкам, чым з вялікай бутляй у пляцёнцы? Так не варта, каб яго чорт!
Сярэбраны кубак зноў з’явіўся на сцэне, і зноў частка змесціва бутлі была пераліта ў яго, для таго каб без затрымкі трапіць у ненаедную глотку Фяліма.
Вырашыў ён у рэшце рэшт на карысць кубка ці стаў на бок бутлі – так і засталося невядомым. Пакаштаваўшы віскі ў чацвёрты раз, ірландзец як быццам уцяміў, што пакуль хопіць, і пакінуў абедзве пасудзіны.
Тут яму прыйшла думка, і, замест таго каб вярнуцца да сваёй табурэткі, ён наважыўся выйсці з хаціны і паглядзець, ці не едзе гаспадар.
– Пойдзем, Тара! – закрычаў ён, кіруючы да дзвярэй. – Пойдзем, стары сабака, паднімемся на абрыў і паглядзім, ці не відаць на раўніне гаспадара. Майстру Морысу будзе прыемна, калі ён убачыць, што мы з табой аб ім непакоімся.