Прайшоўшы праз парослую лесам рачную даліну, ірландзец у суправаджэнні сабакі падняўся па адхоне і апынуўся на мяжы прэрыі.
Яна распасціралася на ўсход на адлегласць каля мілі.
Сонца на захадзе свяціла яму ў спіну. На плоскай раўніне дзе-нідзе тарчалі кактус або адзінокая юка. Больш нішто не засланяла далячынь. Нават каёт не мог бы прабегчы тут незаўважаным.
Удалечыні на самым гарызонце віднелася цёмная паласа лясных зараснікаў.
Фялім моўчкі глядзеў у той бок, адкуль павінен быў прыехаць гаспадар.
Чакаць яму давялося нядоўга. 3-за дрэў на гарызонце паказаўся коннік, які накіроўваўся да Аламо. Хаця іх раздзяляла яшчэ цэлая міля, верны слуга адразу пазнаў у ім свайго гаспадара. Паласатае серапе, сатканае індзейцамі племені наваха, якое Морыс заўсёды браў з сабой у дарогу, нельга было не пазнаць. Яго яркія палосы – чырвоныя, белыя, сінія – выразна выдзяляліся на фоне раўніны.
Праўда, Фяліма здзівіла, чаму гаспадар накінуў серапе на плечы ў такі душны вечар, замест таго каб скруціць яго і прывязаць да сядла.
– Тара, пёсік мой! Дзіўна штосьці! Зараз такая спякота, што на камянях хоць мяса смаж, а ён гэтага нібы не заўважае. Ці не схапіў ён прастуду ў гэтай будцы ў Абердофера? Наша халупа – сапраўдны палац у параўнанні з ёю. Свіння і тая не захацела б там жыць.
Фялім некаторы час моўчкі назіраў за коннікам. Той быў ужо на адлегласці паўмілі.
– Божачка мой! – усклікнуў Фялім. – Што гэта ён удумаў? Нацягнуў серапе на галаву… He, гэта ён, мабыць, жартуе, Тара. Ён хоча, каб мы з табой здзівіліся. Яму ўздумалася пажартаваць з намі… Божа, што гэта? Здаецца, у яго няма галавы. Праўда, няма! Што ж гэта значыць? Святая дзева! Каб не ведаць, што гэта гаспадар, можна да смерці напужацца! Ды ці гаспадар гэта? Наш гаспадар нібыта вышэйшы. А галава? Святы Патрык, уратуй нас і змілуйся, дзе ж яна? Наўрад ці пад серапе. He падобна як быццам… Што ўсё гэта значыць, Тара?
У тоне ірландца чуўся жах; адпаведна змяніўся і выраз яго твару. Сабака, які стаяў уперадзе Фяліма, таксама быў устрывожаны. Ён крышку прысеў і, здавалася, гатовы быў скочыць уперад. Спалоханымі вачамі ён утаропіўся ў конніка, які быў цяпер ужо на адлегласці якіх-небудзь паўтараста крокаў.
Калі Фялім задаў апошняе пытанне, якое закончыла доўгую тыраду, Тара жалобна завыла, быццам адказваючы яму.
Следам за гэтым сабака, нібы ўчуўшы нядобрае, сарваўся з месца і кінуўся насустрач дзіўнай фігуры, якая выклікала такое недаўменне і ў Фяліма, і ў яго.
На бягу ён адрывіста павіскваў; гэты віск быў зусім не падобны на той аксаміцісты, пяшчотны брэх, якім ён звычайна вітаў мустангера, калі той вяртаўся дамоў.
He перастаючы вішчаць, Тара падбегла да конніка; гняды, у якім Фялім ужо даўно пазнаў каня гаспадара, крута павярнуў і паскакаў назад.
Калі конь паварочваўся, Фялім убачыў – або яму здалося, што ён убачыў,– тое, ад чаго кроў застыла ў яго жылах і мароз прабег па скуры.
Ён убачыў галаву – галаву конніка, але не на яе законным месцы – не на плячах, а ў яго руцэ, ля пярэдняй лукі сядла!
Калі конь павярнуўся да яго бокам, Фялім убачыў – ці яму здалося, што ён бачыць, – жахлівы, скрываўлены твар, напалову заслонены кабурой.
Больш ён нічога не бачыў. У наступную секунду Фялім павярнуўся спінай да раўніны і памчаўся ўніз па адхоне з усёй скорасцю, на якую толькі былі здольны яго дрыготкія ногі.
Фялім бег, не спыняючыся і не азіраючыся; яго рыжыя валасы сталі дыбам і ледзь было не скінулі капялюш з галавы. Ён прыбег у хаціну, зачыніў дзверы, забарыкадаваў іх цюкамі і пакункамі, якія ляжалі на падлозе.
Але і пасля гэтага ён не адчуваў сябе ў бяспечнасці. Хіба маглі абараніць яго дзверы, хаця б нават запёртыя на засаўку, супраць здані?
А тое, што ён бачыў, канешне, было зданню. Хіба хто-небудзь калі-небудзь сустракаў такое? Чалавек едзе вярхом на кані і трымае ў руцэ ўласную галаву! Хіба хто-небудзь калі-небудзь чуў пра такое? Канешне, не – прынамсі, не Фялім О’Ніл.
He помнячы сябе ад жаху, ён бегаў па хаціне: то садзіўся на табурэтку, то зноў ускакваў і падкрадаўся да дзвярэй, не асмельваючыся, аднак, ні адчыніць іх, ні нават зазірнуць у шчыліну.
Часам ён торгаў сябе за валасы, сутаргава сціскаў скроні і праціраў вочы, нібы стараўся ўпэўніцца, што ён не спаў і на самай справе бачыў гэту жудасную фігуру.
Толькі адна акалічнасць крыху супакойвала Фяліма: спускаючыся па адхоне, ён, пакуль галава яго была яшчэ над краем абрыву, азірнуўся і ўбачыў, што коннік без галавы ўжо далёка ад Аламо і скача галопам да лесу.
Калі б не гэты ўспамін, ірландзец, які кідаўся па хаціне, быў бы напалоханы яшчэ больш.
Доўга ён быў не ў ставе гаварыць і толькі зрэдку абзываўся нейкімі бязладнымі воклічамі.
Праз некаторы час да Фяліма вярнуўся калі не спакой, то, прынамсі, здольнасць разважаць, і ён зноў загаварыў. Пасыпаліся бясконцыя пытанні і воклічы. На гэты раз ён звяртаўся да самога сябе. Тары не было каля яго, і яна не магла ўдзельнічаць у размове.
Ён гаварыў ціхім шэптам, нібы баючыся, што яго хто-небудзь падслухвае за сцяной хакале.