– Божа ты мой! He можа быць! Гэта не ён! Святы Патрык, абарані мяне! Але хто ж тады? Усё ж было як у яго! Конь, паласатае серапе, гетры на нагах, ды і сама галава… вось хіба толькі твар не яго. На твар я таксама паглядзеў, ды толькі не разабраў – дзе ўжо там, калі ён увесь у крыві! Ах! Гэта не мог быць містэр Морыс! He! He! Гэта быў сон. Я спаў, і мне прыснілася. А можа, віскі вінавата? Але я не быў такі п’яны, каб такое здалося. Ад гэтага я не стаў бы п’яны. Я выпіваў удвая больш – і то нічога, нават язык не заплятаўся. Яй-богу! А калі я быў п’яны, то як жа цяпер цвярозы? He прайшло ж і паўгадзіны, як я бачыў усё гэта, а я цвярозы, як суддзя. Дарэчы, вось і зараз не блага б выпіць кропельку. A то ж я вачэй не сплюшчу ўсю ноч і ўсё буду думаць. Што гэта за насланнё? I дзе гаспадар, калі гэта не ён? Святы Патрык! Абарані беднага, адзінокага грэшніка— вакол жа яго толькі духі і здані…

Пасля гэтага звароту да каталіцкага святога ірландзец з яшчэ большай пачцівасцю звярнуўся за дапамогай да другога бога, здаўна вядомага пад імем Вакха.

Апошні пачуў яго маленне. Ужо праз гадзіну пасля таго, як Фялім укленчыў перад алтаром язычніцкага бога ў абліччы бутлі з манангахільскім віскі, ён пазбавіўся ад усіх пакут і ляжаў на парозе хакале, забыўшы не толькі пра відовішча, якое да смерці напалохала яго, але нават пра сваё існаванне.

* * *

У хаціне Морыса-мустангера не чуваць ні гуку – нават гадзіннік не напамінае сваім ціканнем пра тое, што час адыходзіць у вечнасць і што яшчэ адна ноч спусцілася на зямлю.

Гукі чутны толькі звонку. Але гэта звыклыя гукі – начныя галасы лесу: журчыць ручай, шэпчуцца ўстрывожаныя ветрыкам лісты, стракочуць цыкады. Зрэдку даносяцца крыкі якога-небудзь звера…

Наступіла поўнач, але ад яркага месяца, які толькі што ўзышоў, светла, як ранкам. Серабрыстыя промні пранікаюць у самы гушчар лесу і кідаюць палосы святла сярод чорных ценяў дрэў.

Аддаючы перавагу ценю перад святлом, рухаюцца некалькі коннікаў.

Іх нямнога – усяго толькі чацвёра, але выгляд іх наганяе страх. Аголеныя чырвоныя целы, татуіроўка на шчоках, вогненныя пёры на галаве, бліскучая зброя ў руках – усё гэта сведчыць аб дзікай і небяспечнай сіле.

Адкуль яны?

Яны ў ваенным убранні каманчаў. Гляньце на іх размалёўку, галаўны ўбор з арлінымі пёрамі, аголеныя рукі і грудзі, штаны з аленевай скуры – і вы адразу пазнаеце ў іх індзейцаў, якія выйшлі на разбой.

Гэта, мабыць, каманчы; а калі так, то яны прыехалі з захаду. Куды яны едуць?

На гэта пытанне адказаць яшчэ лягчэй. Коннікі кіруюць да хаціны, дзе ляжыць да непрытомнасці п’яны Фялім. Відаць, мэта іх набегу – хакале Морыса Джэральда.

Ці можна сумнявацца, што іх намеры варожыя! Нездарма яны ў ваенным убранні і падкрадаюцца з такой асцярожнасцю.

Недалёка ад хакале яны саскакваюць са сваіх коней, прывязваюць іх да дрэў і далей ідуць пеша.

Яны прасоўваюцца крадучыся, стараюцца не шамацець апалым лісцем і трымацца ў цені; часта спыняюцца, зорка ўглядаюцца ў цемру, прыслухоўваючыся; завадатар падае каманду жэстамі. Па ўсяму відаць, што яны хочуць прабрацца да хаціны непрыметна для тых, хто знаходзіцца ўнутры.

I здаецца, гэта ім поўнасцю ўдаецца. яны стаяць ля сцяны, і, мяркуючы па ўсяму, іх ніхто не ўбачыў.

У хаціне такая ж поўная цішыня, якую захоўваюць яны самі. Адтуль не даносіцца ні адзінага гуку, нават спеваў цвыркуна.

Але ж адзін з жыхароў хаціны дома. Аднак чалавек можа напіцца да таго, што губляе здольнасць не толькі гаварыць і храпці, але нават гучна дыхаць;

іменна да такога стану і дайшоў Фялім.

Чацвёра каманчаў падкрадваюцца да дзвярэй і асцярожна аглядаюць іх.

Яны запёртыя, але па баках ёсць шчыліны.

Да гэтых шчылін яны прыкладваюць вушы і, затаіўшыся, слухаюць.

He чуваць ні храпу, ні дыхання.

– Магчыма… – шэпча завадатар аднаму з таварышаў на найчысцейшай іспанскай мове, – магчыма, што ён яшчэ не вярнуўся дамоў. Хаця, здавалася б, яму ўжо даўно пара быць тут. Можа, ён зноў куды-небудзь паехаў? Помніцца, за домам павінен быць навес для коней. Калі мустангер у хаціне, то мы знойдзем там яго гнядога. Пачакайце тут, прыяцелі, пакуль я схаджу і пагляджу.

Некалькіх секунд аказалася дастаткова, каб абследаваць прымітыўную канюшню. Яна была пустая.

Столькі ж часу спатрэбілася на тое, каб агледзець сцежку, якая вяла да канюшні. На ёй не было конскіх слядоў – прынамсі, свежых.

– Ліха на яго! – усклікнуў ён, ужо не паніжаючы голасу. – Яго тут няма і сёння не было.

– Варта б увайсці ў хаціну і пераканацца, – прапанаваў адзін з воінаў на добрай іспанскай мове. – Што благога, калі мы паглядзім, як ірландзец уладкаваў сваё жыллё ў прэрыі?

– Давайце ўвойдзем, – адказаў трэці таксама на мове Сервантэса. – Давайце зазірнём і ў яго кладоўку. Я такі галодны, што гатовы есці сырое мяса.

– Клянуся Богам! – прыбавіў чацвёрты, і апошні, на той жа мілагучнай мове. – Я чуў, што ў яго ёсць і свой скляпок. Калі гэта так…

Завадатар не даў яму закончыць фразу. Напамін пра скляпок зрабіў магічнае ўздзеянне на яго, і ён адразу ж прыступіў да справы.

Ён штурхнуў дзверы нагой.

Але яны не адчыніліся.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже