– Карамба! Яны запёрты знутры. Каб у яго адсутнасць ніхто не мог увайсці – ні львы, ні тыгры, ні мядзведзі, ні бізоны, ні – ха-ха-ха! – індзейцы!
Яшчэ адзін моцны ўдар вагой па дзвярах. Але яны не паддаюцца.
– Забарыкадавана, і чымсьці даволі цяжкім – штуршком не адкрыеш. Добра, паглядзім, у чым там справа.
Ён вымае мачэтэ з ножнаў. У шкуры мустанга, нацягнутай на лёгкую раму, з’яўляецца вялікая дзірка.
У яе індзеец прасоўвае руку і навобмацак даследуе перашкоду.
Цюкі і пакункі хутка зрушаны з месца, і дзверы ўжо адкрыты насцеж.
Дзікуны ўваходзяць. Праз адчыненыя дзверы ў хаціну ўрываецца месячнае святло.
Там, выцягнуўшыся на падлозе, ляжыць чалавек.
– Каб яго чорт!
– Ён спіць?
– Памёр, напэўна, a то ён нас бы пачуў.
– He, – сказаў завадатар, нахіляючыся над ляжачым, – усяго толькі да непрытомнасці п’яны. Гэта слуга мустангера. Я яго ведаю. Мяркуючы па ім, гаспадара дома няма і даўно не было. Спадзяюся, гэта скаціна не спустошыла ўвесь скляпок, каб давесці сябе да такога шчаслівага стану… Ага, бутля! Пахне, як ружа. Слава мадонне Гвадэлупскай, засталося і на нашу долю.
За некалькі секунд рэшткі віскі былі выпіты. Кожнаму хапіла прылажыцца па аднаму разу, а на долю завадатара прыйшлося і болей – нягледзячы на яго высокае становішча, у яго не хапіла такту, каб пратэставаць супраць няроўнай дзяльбы.
Што ж далей?
Рана ці позна гаспадар дома павінен вярнуцца.
Госці, безумоўна, маюць намер з ім пабачыцца – інакш навошта б яны прыйшлі сюды ў такі позні час? Асабліва чакае сустрэчы з ім завадатар.
Што патрэбна чатыром індзейцам ад Морыса-мустангера?
Пра гэта можна дазнацца з іх размовы – ім няма чаго ўтойваць аднаму ад другога.
Яны хочуць забіць яго!
Гэта трэба завадатару; астатнія – толькі саўдзельнікі і памочнікі.
Справа занадта сур’ёзная, тут не да жартаў. Ён атрымае за гэта тысячу долараў, а акрамя таго, задаволіць сваю прагу помсты. Тры яго саўдзельнікі атрымаюць па сотні долараў.
Для чытача ўжо, напэўна, ясна, хто хаваецца пад маскай індзейцаў. Гэтыя каманчы – усяго толькі мексіканцы, іх завадатар – Мігуэль Дыяс, мустангер.
– Трэба ўстроіць засаду, – кажа Эль-Каёт. – Цяпер ён ужо, напэўна, хутка вернецца. Вы, Бараха, падніміцеся на абрыў і сачыце, калі ён паявіцца на раўніне. Астатнія няхай застаюцца са мной. Ён прыедзе з боку Ляоны. Мы можам сустрэць яго пад адхонам ля вялікага кіпарыса. Гэта самае прыдатнае месца.
– Ці не лепш нам прыкончыць гэтага? – прапануе крыважэрны Бараха, паказваючы на Фяліма, які, на шчасце, не ўсведамляе, што адбываецца навокал.
– Мёртвы не выдасць! – далучаецца другі загаворшчык.
– Наадварот, мёртвы якраз і выдасць, – запярэчыў Дыяс. – I навошта? Ён і так не лепш за мёртвага, п’яніца няшчасны. Хай сабе жыве. Я падрадзіўся забіць толькі яго гаспадара. Ідзіце, Бараха. Хутчэй, хутчэй! Адпраўляйцеся на абрыў. Дон Марысіо можа паявіцца з хвіліны на хвіліну. Трэба дзейнічаць без промаху. Можа, нам ніколі больш не трапіцца такі выпадак. Лезьце на абрыў. Пры такім асвятленні вы ўбачыце яго здалёк. Як толькі заўважыце яго, бяжыце да нас. He марудзьце, каб мы паспелі ўстроіць засаду ля кіпарыса.
Бараха падпарадкоўваецца, але з яўнай неахвотай. Яму не пашанцавала ў мінулую ноч – ён многа прайграў у монтэ Эль-Каёту, і яму хочацца адыграцца. Ён добра ведае, чым зоймуцца яго таварышы.
– Хутчэй жа, сеньёр Вісентэ! – камандуе Дыяс, заўважыўшы яго ваганні.– Калі мы пацерпім няўдачу, вы страціце больш, чым маглі б выйграць у монтэ. Ідзіце ж! – працягвае Эль-Каёт падбадзёрлівым тонам. – Калі ён не паявіцца на працягу гадзіны, хто-небудзь зменіць вас. Ідзіце!
Бараха падпарадкоўваецца: ён выходзіць з хаціны і накіроўваецца на свой пост – на абрыў.
Астатнія ўладкоўваюцца ў хаціне, дзе яны ўжо запалілі свечку.
На стале перад імі з’яўляецца не вячэра, а калода іспанскіх карт – нязменны спадарожнік кожнага мексіканскага бадзягі.
Дама і валет ужо на стале, гульня ў монтэ пачынаецца. У азарце гульні непрыметна ляціць час. Праходзіць гадзіна…
Эль-Каёт банкуе.
Крыкі «Дама біта!», «Валет выйграў!» раз-пораз чуюцца ў сценах хаціны, абцягнутых конскімі шкурамі.
Сярэбраныя долары звіняць на стале. Ціха шамацяць карты.
Але вось гульню перарывае гучны крык.
Гэта ўскрыкнуў апрытомнелы п’яніца, убачыўшы дзіўную кампанію, што сабралася пад дахам яго хакале.
Гульцы ўскакваюць з-за стала і ўсе трое агаляюць мачэтэ. Жыццё Фяліма вісіць на валаску.
Толькі выпадковасць выратоўвае ірландца.
У дзвярах з’яўляецца запыханы Бараха.
Уласна кажучы, ніякія тлумачэнні не патрэбны, але ён з цяжкасцю шэпча:
– Едзе! Ужо набліжаецца да абрыву… Хутчэй, сябры, хутчэй!
Ірландзец уратаваны. Забіваць яго няма часу, нават калі б гэта і мела сэнс. Іх чакае больш выгаднае забойства.
Праз некалькі секунд пераадзетыя ўжо ля падножжа адхону, па якім павінен спусціцца коннік.
Яны ўстройваюць засаду пад вялікім кіпарысам і чакаюць набліжэння ахвяры.
Хутка даносіцца тупат капытоў. Чуецца стук падкоў, але гукі далятаюць нераўнамерна, нібы конь скача па няроўнай паверхні. Напэўна, коннік спускаецца па адхоне.