Але яго яшчэ не відаць. Схіл ахутаны змрокам, таксама як і зацененая дрэвамі рачная даліна, і толькі побач з тым месцам, дзе хаваюцца забойцы, ляжыць вузкая паласа месячнага святла. Але сцежка праходзіць не там. Конніку прыйдзецца праехаць у цені кіпарыса.
– He забівайце яго! – шэпча Мігуэль Дыяс уладарным тонам. – Ён мне патрэбны жывым – гадзіны на дзве. У мяне ёсць на тое свае прычыны. Хапайце яго і каня. Гэта не апасна – мы ж нападаем нечакана і застанем яго знянацку. А калі ён будзе супраціўляцца, мы яго прыстрэлім. Але першым страляю я!
Саўдзельнікі абяцаюць выканаць гэты загад.
Хутка ў іх будзе магчымасць даказаць шчырасць іх абяцанняў. Той, каго яны чакаюць, ужо спусціўся з адхону і ўязджае ў цень кіпарыса.
– Далоў зброю! Злязай! – крычыць Эль-Каёт, хапаючы каня за аброць, а трое астатніх кідаюцца на конніка.
Той не аказвае ніякага супраціўлення – не адбіваецца, не хапаецца за нож, не страляе і нават не ўскрыквае ад абурэння.
Перад імі – коннік, які ўпэўнена сядзіць у сядле; яны датыкаюцца да яго рукамі, але ён нібы нічога не адчувае.
Супраціўляецца толькі конь. Ён становіцца на дыбы, падаецца назад і цягне за сабой нападаючых прама ў паласу месячнага святла.
Божа міласэрны! Што гэта такое?
Мексіканцы ўсе як адзін адхіснуліся і з крыкам кідаюцца прэч. Гэта крык дзікага жаху.
Hі секунды больш не застаюцца яны пад кіпарысам – яны бягуць з усіх ног да гушчару, дзе прывязаны іх коні.
З ліхаманкавай паспешнасцю яны ўскакваюць у сёдлы і хутка імчацца прэч.
Яны ўбачылі тое, што паразіла жахам і больш адважныя сэрцы: яны ўбачылі конніка без галавы.
Ці быў гэта прывід? He магло ж гэта быць чалавекам!
Такое пытанне задавалі сабе Эль-Каёт і яго ахопленыя жахам таварышы. – Пра гэта ж пытаў сябе і напалоханы Фялім, пакуль у яго зусім не памутнела ў галаве ад неаднаразовага звароту да бутлі і ён не забыў на нейкі час свае страхі.
Пра тое ж думалі і сто іншых людзей, якія бачылі конніка без галавы, – тыя, хто ехаў з маёрам.
Гэты жудасны прывід з’явіўся перад іх вачамі ў больш ранні час і ў месцы, якое знаходзілася на пяць міль далей на ўсход.
Ён з’явіўся з захаду – сонца сляпіла ім вочы: яны распазналі толькі яго сілуэт і не ўбачылі нічога, што рабіла яго падобным на Морыса-мустангера.
Фялім глядзеў на конніка без галавы, стоячы спінай да заходзячага сонца; ірландзец заўважыў у ім вялікае падабенства са сваім гаспадаром, хаця і не быў упэўнены, што гэта сапраўды ён.
Чатыры мексіканцы, якія ведалі Морыса-мустангера на выгляд, глянуўшы на дзіўнага конніка пры месячным святле, прыйшлі да той жа высновы.
Фялім і мексіканцы адчулі дзікі жах, убачыўшы конніка без галавы.
Хаця ўдзельнікі пошукаў і не былі так напалоханы гэтай загадкавай з’явай, але і яны не ведалі, як яе вытлумачыць.
Да моманту яго знікнення ніхто з іх і не спрабаваў шукаць тлумачэнні, калі не лічыць жартаўлівай заўвагі тэхаскага старажыла.
– Што вы пра гэта думаеце, спадары? – спытаў маёр, звяртаючыся да сваіх спадарожнікаў.– Прызнаюся, я зусім азадачаны.
– Хітрыкі індзейцаў? – выказаў меркаванне хтосьці.– Прынада, каб завабіць нас у засаду?
– Дрэнная прынада, сказаў бы я, – заўважыў другі.– Мяне, прынамсі, такая прынада не прывабіць.
– Я мяркую, што індзейцы тут ні пры чым, – сказаў маёр. – Што ты аб гэтым думаеш, Спенглер?
Следапыт толькі пакруціў галавой.
– Ці можа гэта быць пераадзеты індзеец? – зноў звярнуўся да яго маёр.
– Я ведаю не больш за вас, маёр, – адказаў следапыт. – Мабыць, што-небудзь накшталт гэтага. Адно з двух: або гэта чалавек, або чучала.
– Канешне, гэта чучала, – адазваліся некалькі чалавек з прыметнай палёгкай.
– Хто б ён ні быў – чалавек, д’ябал або чучала, – заявіў член атрада, які першым выказаў сваю думку, – я не бачу, чаму б нам не дазнацца, куды вядзе яго след, калі, канешне, ён пакідае сляды.
– Мы хутка пра гэта даведаемся, – адказаў Спенглер. – След, па якому мы ідзём, вядзе ў той бок. Можна рухацца, маёр?
– Канешне. Такая дробязь не павінна шкодзіць нашым пошукам. Уперад!
Коннікі паскакалі ўперад, некаторыя з іх не без ваганняў. У атрадзе былі людзі, якія хутка павярнулі б назад, калі б яны маглі дзейнічаць самастойна. Да іх належаў і Калхаўн. Калі ён убачыў конніка без галавы, ён здранцвеў ад жаху; яго вочы раптам зрабіліся нібы шкляныя, губы пабялелі, ніжняя сківіца адвісла, і ён з цяжкасцю стрымліваў дрыжыкі.
Яго скажоны страхам твар, канешне, прыцягнуў бы ўвагу, калі б не агульная разгубленасць. Але ўсе, не адрываючы вачэй, глядзелі на конніка без галавы, пакуль дзіўны прывід не знік. Калі ж атрад рушыў уперад, адстаўны капітан трымаўся ў задніх радах, і ніхто не звяртаў на яго ўвагі.
Спенглер меў рацыю: тое месца, дзе таямнічы коннік прастаяў некаторы час, ляжала якраз на шляху атрада.
Але там не аказалася ніякіх слядоў, нібы гэта сапраўды быў прывід.