Зрэшты, тлумачылася гэта вельмі проста. У тым месцы, дзе конь павярнуў,– і яшчэ на многа міль далей – паверхня зямлі была густа ўсыпана белай галькай. Паляўнічыя называлі гэта месца «мелавой прэрыяй». Дзе-нідзе камяні былі зрушаны і падрапаны – відаць, падковай. Аднак толькі вока спрактыкаванага следапыта магло распазнаць гэтыя сляды.

Прапаў і след, па якому яны ішлі,– след падкаванага мустанга; зямля была моцна зрыта дзікім табуном, які нядаўна пабываў тут, і па гэтаму адшукаць нейкі пэўны след было немагчыма.

Яны маглі б адправіцца далей, у тым накірунку, куды паехаў коннік без галавы. Сонца, а пазней вячэрняя зорка паказвалі б ім шлях. Але іх цікавіў коннік на падкаваным мустангу, і паўгадзіны згасаючага дзённага святла былі страчаны на дарэмныя пошукі – след згубіўся ў мелавой прэрыі.

Калі сонца села, Спенглер сказаў, што больш нічога зрабіць нельга.

Заставалася толькі вярнуцца да лесу і размясціцца біваком на ўзлеску.

Вырашана было ўзнавіць пошукі на досвітку.

Аднак гэтага зрабіць не ўдалося – ва ўсякім выпадку, у назначаны час. Перашкодзіла нечаканая акалічнасць.

He паспелі яны разбіць лагер, як з’явіўся кур’ер з дэпешай для маёра. Папера была са штаба ў Сан-Антоніо-дэ-Бехар ад камандуючага акругай. Яна была паслана ў форт, а адтуль прывезена сюды.

Маёр аддаў загад сядлаць коней, і, раней чым паспеў высахнуць пот на стомленых жывёлах, драгуны ўжо зноў сядзелі на іх.

Дэпеша паведамляла аб з’яўленні каманчаў у наваколлі Сан-Антоніо, у пяцідзесяці мілях на ўсход ад Ляоны.

Цяпер гэта ўжо не было пустымі размовамі. Набег пачаўся падпаламі і забойствамі.

Маёр атрымаў распараджэнне, не губляючы часу, сабраць атрад і прыслаць яго ў Сан-Антоніо. Гэтым і тлумачыўся паспешлівы ад’езд драгунаў.

Канешне, пошукі слядоў маглі б працягваць плантатары, але дружба і нават бацькоўская любоў схіляюцца перад неабходнасцю: яны адправіліся, захапіўшы з сабой толькі стрэльбы, і цяпер голад гнаў іх дамоў.

Адмаўляцца ад пошукаў ніхто не збіраўся. Яны павінны былі ўзнавіцца, як толькі коннікі зменяць коней і запасуцца правізіяй, і працягнуцца, як усе заявілі, «пакуль няшчасны юнак не будзе знойдзены».

Некалькі чалавек засталіся са Спенглерам, каб пайсці па следу амерыканскага каня, які, на думку следапыта, павінен быў прывесці назад да Ляоны. Астатнія адправіліся ў форт разам з драгунамі.

Перш чым развітацца з Пойндэкстэрам і яго сябрамі, маёр расказаў ім пра сумныя адкрыцці, зробленыя Спенглерам. Сам ён больш не мог прымаць удзелу ў пошуках і лічыў, што тыя, хто будзе іх працягваць, павінны ведаць пра гэту важную акалічнасць.

Яму было непрыемна выклікаць падазрэнні супраць маладога ірландца, да якога ён адчуваў сімпатыю, але доўг быў вышэй за ўсё. I хаця маёр не верыў у вінаватасць Морыса-мустангера – дакладней, лічыў яе малаверагоднай, тым не менш ён вымушаны быў прызнаць, што супраць Морыса маюцца сур’ёзныя доказы.

Але плантатар і яго сябры ні на хвіліну не ўсумніліся ў вінаватасці мустангера. Цяпер, калі стала відавочна, што індзейцы тут ні пры чым, Морыс Джэральд быў адкрыта аб’яўлены забойцам.

У тым, што было ўчынена забойства, ніхто не сумняваўся. Аповяд Абердофера асвятляў пачатак трагедыі. Конь Генры Пойндэкстэра са скрываўленым сядлом быў сведкам яе канца. Прамежкавыя звёны без вялікіх намаганняў былі адноўлены часткова на аснове знаходак Спенглера, часткова проста па здагадках.

Аднак ніхто сур’ёзна не задумаўся, што магло штурхнуць мустангера на гэта злачынства. Сварка з Калхаўнам здавалася ўсім дастатковай прычынай. Напэўна, Джэральд перанёс сваю варожасць да Калхаўна на ўсю сям’ю Пойндэкстэраў.

Гэта было нелагічна, але людзі, якія шукаюць злачынца, рэдка разважаюць лагічна. Яны думаюць толькі аб тым, каб пакараць яго.

З гэтай думкай удзельнікі пошукаў рассталіся; яны павінны былі зноў сустрэцца наступным ранкам, каб адправіцца па слядах і, жывымі або мёртвымі, знайсці двух прапаўшых людзей.

* * *

Тыя, хто застаўся са Спенглерам, размясціліся лагерам на палянцы, выбранай маёрам.

Іх было ўсяго чалавек дзесяць. У больш моцным атрадзе цяпер не было неабходнасці. Каманчаў у гэтых месцах больш ужо не чакалі. He прадбачыліся і іншыя небяспекі. З тым, што ім было даручана, справіліся б двое ці трое.

Некаторыя засталіся з цікаўнасці, другія – проста за кампанію. Гэта былі большай часткай маладыя сыны плантатараў; афіцыйным галавой гэтага атрада быў Калхаўн, але разумелася, што кіраваць пошукамі будзе следапыт Спенглер.

Расстаўшыся з таварышамі, яны не ляглі спаць, а размясціліся ля ярка палаючага кастра.

Яды і віна было ўдосталь – драгуны, вяртаючыся ў форт, пакінулі ім свае запасы і поўныя біклагі.

Аднак, нягледзячы на гэта і на вясёлае патрэскванне агню, сапраўднага ажыўлення не было.

Ва ўсіх на душы быў цяжар, што замінаў ім цешыцца асалодай, вышэй за якую, мабыць, няма нічога на зямлі.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже