Што перад ёю ціхія радасці дамашняга ачага! Час ад часу ў прасторах прэрыі я і сам тужыў па іх. Але цяпер, азіраючыся назад і непрадузята параўноўваючы тое і другое, я не магу не ўсклікнуць: «Вярніце мне касцёр і маіх таварышаў паляўнічых, дайце мне яшчэ раз пасядзець з імі ля патрэскваючага агню – і я аддам вам усё назапашанае мною багацце і ўсю маю непатрэбную славу! Я буду рады аддаць вам усё гэта разам з клопатам і намаганнямі, якія патрабуюцца, каб утрымаць іх».
Змрочны настрой моладзі вытлумачыць было лёгка: яны ўсё яшчэ не маглі апамятацца ад жаху, які быў выкліканы коннікам без галавы.
Яны так і гэтак спрабавалі вытлумачыць здарэнне, часам нават падсмейваючыся над таямнічым прывідам, але ніяк не маглі вызваліцца ад прыгнятальнага пачуцця, і ні адна здагадка іх не задавольвала. I Спенглер і Калхаўн падзялялі агульны настрой.
Апошні, здавалася, быў яшчэ больш змрочны, чым астатнія. Ён сядзеў, насупіўшыся, у цені дрэў, паводдаль ад кастра, і, з той пары як паехалі драгуны, не вымавіў ні слова. Відаць, яму не хацелася далучацца да тых, хто грэўся ля палаючага агню; ён лічыў за лепшае адасобіцца, як быццам баючыся цікаўных позіркаў.
Погляд яго па-ранейшаму блукаў, а твар захоўваў след перажытага жаху.
– Паслухайце, Каш Калхаўн! – закрычаў яму адзін з маладых людзей, ужо моцна ап’янелы. – Ідзіце ж сюды, стары, і выпіце з намі. Мы ўсе спачуваем вашаму ropy і дапаможам вашай сям’і адпомсціць забойцу. Але не трэба так паддавацца смутку! Ідзіце сюды і сербаніце віскі. Гэта будзе вам вельмі карысна, паверце мне!
Ці то Калхаўну спадабалася прычына, якой тлумачылі яго адасабленне, ці то яму на самай справе раптам захацелася пабыць у кампаніі, але ён прыняў запрашэнне і, падышоўшы да кастра, сеў побач з астатнімі. Аднак, перш чым сесці, ён выпіў глыток з працягнутай яму біклагі.
З гэтай хвіліны ён змяніўся як па чарадзейству. Яго змрочны настрой рассеяўся, ён стаў такі вясёлы, што нават здзівіў навакольных. Такія паводзіны здаліся недарэчнымі для чалавека, у якога толькі ранкам, як меркавалі, быў забіты дваюрадны брат.
Далучыўшыся да ўсіх як госць, ён хутка стаў весці сябе як гаспадар. Пасля таго як усе біклагі былі асушаны, капітан стаў разліваць віно са сваіх, запас якіх здаваўся невычэрпным. З яго ёмістых сядзельных сумак з’яўлялася біклага за біклагай, пакінутыя яго шматлікімі сябрамі, якія паехалі з маёрам.
Маладыя тэхаскія гулякі, што сабраліся ля кастра, натхнёныя прыкладам свайго завадатара, не адмовіліся ад яго пачастунку; яны балбаталі, спявалі, скакалі і рагаталі. Потым стома ўзяла сваё: яны ўладкаваліся на траве і заснулі; некаторых з іх, магчыма, упершыню ў жыцці мучылі п’яныя кашмары.
Адстаўны капітан улёгся апошнім.
Лёг ён апошнім, але ўстаў першым. Ледзь толькі закончылася папойка, ледзь толькі пачуўся храп яго сабутэльнікаў, які абвясціў, што яны паснулі, ён падняўся і, крадучыся, стаў прабірацца сярод іх.
Такім жа асцярожным поступам ён прайшоў на край лагера – туды, дзе быў прывязаны да дрэва яго конь.
Адвязаўшы павады і кінуўшы іх на шыю каня, ён ускочыў у сядло і бясшумна паехаў.
Па яго паводзінах не было прыметна, што ён п’яны. Наадварот, ён здаваўся зусім цвярозым і дзейнічаў, відавочна, па загадзя намечанаму плану.
Якому ж?
Можа, ён адправіўся на пошукі цела з любові да загінуўшага брата? Ці хацеў паказаць асаблівую стараннасць, адправіўшыся адзін?
Мяркуючы па фразах, што зрываліся ў яго, можна было падумаць, што ім сапраўды кіравалі падобныя намеры.
– Дзякуй Богу, свеціць месяц, і ў маім распараджэнні добрых шэсць гадзін. Пакуль гэтыя юнакі праспяцца, хопіць часу абшукаць кожны куточак зараснікаў на дзве мілі ў наваколлі; і калі толькі труп там, я абавязкова знайду яго. Але што гэта магло азначаць? Калі б гэта бачыў толькі я, то падумаў бы, што звар’яцеў. Але ж усе бачылі, усе да аднаго! Сілы нябесныя! Што ж гэта можа быць?
He паспеў ён вымавіць гэтыя словы, як з яго губ сарваўся крык здзіўлення і жаху. Ён крута асадзіў каня, нібы яму пагражала смяротная небяспека.
Калхаўн ехаў па бакавой сцежцы да ўжо вядомай нам прасекі. Ён якраз збочваў на яе, калі раптам убачыў, што па лесе едзе яшчэ нехта.
Другі коннік, на кані, які, відаць, не горшы за яго ўласнага, ехаў па прасецы – не павольным шагам, як ён, а быстрай рыссю.
Яшчэ задоўга да таго як невядомы коннік паспеў наблізіцца, Калхаўн разгледзеў, што ў яго няма галавы.
Памылкі быць не магло: бледныя промні месяца асвятлялі толькі плечы конніка – галавы не' было. Гэта не магло быць ілюзіяй, створанай месячным святлом. Калхаўн ужо бачыў гэту фігуру пры яркім сонечным святле.
Але цяпер Калхаўн убачыў больш – ён убачыў галаву: яна вісела ля бядра конніка, напалову прыкрытая кабурой, запэцканая крывёю, страшная…
Ён пазнаў каня, паласатае серапе на плячах конніка, гетры са шкуры ягуара – увесь касцюм Морыса-мустангера.