У Калхаўна было дастаткова часу, каб усё падрабязна разгледзець. Скаваны жахам, ён стаяў на бакавой сцежцы, не маючы сіл зрушыць з месца. Конь, здавалася, падзяляў спалох свайго гаспадара. Ён дрыжаў усім целам і таксама не рабіў ніякіх спроб збегчы, нават калі коннік без галавы раптам спыніўся перад ім і яго гняды конь з храпам устаў на дыбы.

Толькі пасля таго як гняды з дзікім іржаннем, якому рэхам адказала выццё сабакі, што бег за ім, павярнуў і паскакаў далей па прасецы, – толькі тады Калхаўн апамятаўся і зноў быў у стане гаварыць.

– Божа! – ускрыкнуў ён дрыжачым голасам. – Што ўсё гэта значыць? Што гэта – чалавек ці д’ябал? Або ўвесь гэты дзень быў толькі жудасным сном? Або я звар’яцеў? Звар’яцеў! Звар’яцеў!

Пасля гэтай бязладнай гаворкі Калхаўн рашуча тузануў павады і крута павярнуў каня; ён даскакаў назад той жа дарогай, але толькі намнога хутчэй, відаць адмовіўшыся ад свайго намеру. Ён ні разу не спыніўся, пакуль не вярнуўся ў лагер.

Тут ён ціхенька пракраўся да кастра і лёг побач са сваімі спячымі сабутэльнікамі. Але заснуць яму не ўдалося – ён ні на хвіліну не сплюшчыў вачэй; яго трэсла, як у ліхаманцы. Надышоўшы ранак асвяціў смяротную бледнасць яго твару і блукаючыя, паўвар’яцкія вочы.

<p>46. Тайнае прызнанне</p>

На досвітку ў асьендзе Каса-дэль-Корва і вакол я «панавала ліхаманкавая ўзбуджанасць.

У двары тоўпіліся ўзброеныя людзі. У адных былі доўгія паляўнічыя стрэльбы або дубальтоўкі, у другіх – пісталеты, рэвальверы, у трэціх – вялікія нажы або нават тамагаўкі.

He менш разнастайным было і іх адзенне: чырвоныя фланелевыя кашулі, курткі з каляровых байкавых коўдраў і кентукскага мультану, карычневыя штаны з даматканай шэрсці і блакітныя папяровыя, лямцавыя капелюшы і скураныя шапкі, высокія боты з дублёнай скуры і гетры з аленевай шкуры. Такое зборышча дужых узброеных людзей можна было нярэдка бачыць у памежных паселішчах Тэхаса.

Hі стракатасць іх адзення, ні зброя нічога не гаварылі аб мэце, з якой яны сабраліся. Калі б іх намеры былі самымі мірнымі, яны ўсё роўна прыйшлі б узброеныя і ў такім жа адзенні.

Але мы ведаем, для чаго яны тут сабраліся.

Большасць з іх ездзілі напярэдадні з драгунамі; цяпер да іх далучыліся і іншыя – жыхары аддаленых плантацый, а таксама паляўнічыя, якіх напярэдадні не было дома.

Колькасць людзей, што тоўпіліся гэтым ранкам у двары Каса-дэль-Корва, была большай, чым напярэдадні, хаця тады ў пошуках удзельнічалі яшчэ і салдаты.

Ваенных у натоўпе не было зусім, але сярод тых, хто сабраўся, былі члены добраахвотнай дружыны, якія называліся “рэгулятарамі”.

Яны не адрозніваліся ад астатніх ні адзеннем, ні зброяй. Такія дружыны ствараліся ў месцах новых паселішчаў для падтрымкі парадку і барацьбы са злачынствамі; члены гэтых дружын часта выконвалі абавязкі катаў.

Усе гаварылі пра забойства – пра забойства Генры Пойндэкстэра; раз-пораз чулася імя Морыса-мустангера.

Ажыўленыя пагалоскі выклікала таксама з’яўленне ў прэрыі загадкавага конніка без галавы. Тыя, хто напярэдадні бачыў яго, расказвалі пра яго тым, каго там не было.

Некаторыя спачатку не верылі, лічачы гэты аповяд жартам. Аднак ім хутка прыйшлося здацца перад адзінадушным сведчаннем відавочцаў, і існаванне конніка без галавы было прызнана ўсімі.

Канешне, пачаліся спробы разгадаць гэту дзіўную з’яву і былі выказаны самыя розныя меркаванні. Але толькі адно з іх здавалася больш ці менш праўдападобным – гэта вядомае ўжо меркаванне памежнага жыхара, што конь быў сапраўдны, а коннік – чучала.

Для чаго і кім гэта было зроблена, ніхто нават і не спрабаваў вытлумачыць.

Справа, якая сабрала гэтых людзей, не патрабавала асаблівых прыгатаванняў. Усе былі ўжо гатовы.

Іх коні стаялі перад асьендай; некаторых трымалі за аброць слугі плантатара, але большасць была прывязана да чаго папала.

Усе ведалі, навошта яны сабраліся, і чакалі толькі, каб Вудлі Пойндэкстэр, які ўзначальваў атрад, падаў знак да адпраўлення.

Плантатар марудзіў, спадзеючыся, што знойдзецца праваднік, які мог бы паказаць дарогу на Аламо і прывесці атрад да хаціны Морыса-мустангера.

Такога чалавека сярод прысутных не аказалася. Плантатары, крамнікі, юрысты, паляўнічыя, гандляры коньмі і рабамі – усе аднолькава дрэнна ведалі даліну Аламо.

Толькі адзін чалавек у пасёлку мог бы ўзяць на сябе абавязак правадніка – стары Зеб Стумп. Але Зеба Стумпа відзе не маглі адшукаць. Ён пайшоў на паляванне, і тыя, каго за ім паслалі, адзін за другім вярталіся ні з чым.

Праўда, адна з жыхарак асьенды магла б прывесці атрад да жылля меркаванага забойцы. Але Вудлі Пойндэкстэр не ведаў гэтага.

I добра, што не ведаў. Калі б у гордага плантатара хоць на міг узніклі падазрэнні, што яго дачка можа быць правадніком да адзінокай хаціны на Аламо, ён тужыў бы не толькі аб загінуўшым сыне, але і аб учынках неразумнай дачкі.

Апошні з пасланых на пошукі Зеба Стумпа вярнуўся да асьенды без яго. Чакаць болей не сталі – прага помсты была занадта вялікая. Атрад рушыў у дарогу.

* * *

He паспелі ад’ехаць ад Каса-дэль-Корва, як тыя двое, хто мог бы паказаць дарогу на Аламо, сустрэліся ў сценах самой асьенды.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже