Гэта сустрэча яе была ні тайнай, ні наўмыснай. Яна была выпадковай. Зеб Стумп толькі што вярнуўся з палявання і прынёс на асьенду дзічыну, здабытую з дапамогай яго стрэльбы, якая не ведае промаху.

Для Зеба Стумпа Луіза Пойндэкстэр была, канешне, дома. Больш таго: ёй вельмі хацелася пагаварыць з ім, так хацелася, што напярэдадні ўвесь дзень, ад самага ўсходу сонца і да захаду, яна не спускала вачэй з дарогі за ракой.

Ледзь шумны атрад паспеў знікнуць з вачэй, як Луіза, зноў падняўшыся на асатэю, заўважыла паляўнічага, які павольна набліжаўся вярхом на сваёй старой кабыле, нагружанай багатай здабычай. Зеб Стумп, несумненна, кіраваў да асьенды.

Луіза вельмі ўзрадавалася, убачыўшы вялізную, нязграбную постаць. Яна ведала, што гэта надзейны друг, якому можна даверыць самыя патаемныя сакрэты, а ў яе была тайна, якую яна хацела яму даверыць, тайна, якая вось ужо суткі мучыла яе.

Яшчэ задоўга да таго, як Зеб Стумп з’явіўся ў двары, дзяўчына ўжо спусцілася на веранду, каб сустрэць яго.

Вясёлы і бестурботны, набліжаўся паляўнічы да асьенды, відавочна нічога не падазраючы пра гора, што напаткала сям’ю плантатара.

Калі ён заўважыў, што вароты запёрты на засаўку, на твары яго з'явілася неўразуменне.

Гэта было незвычайна – ва ўсякім выпадку, пры новых уладальніках асьенды.

Пануры твар негра, які сустрэў Зеба Стумпа ў варотах, яшчэ больш здзівіў яго.

– Што з табой, дружа Плутон? Ты выглядаеш нібы янот, у якога адсеклі хвост. I чаму гэта ў вас сярод белага дня раптам вароты на запоры? Спадзяюся, нічога не здарылася?

– Ох, маса Стумп, здарылася! Іменна здарылася, няшчасце здарылася! Гэтаму дзецюку цяжка гаварыць, – вялікае, вялікае няшчасце!

– Няшчасце? – усклікнуў паляўнічы. – Якое няшчасце, негр? Гавары ж хутчэй, нічога ж не можа быць страшнейшага за тое, што напісана ў цябе на твары! Ці не здарылася што з тваёй маладой гаспадыняй? Міс Луіза…

– З міс Луізай нічога не здарылася. Але накшталт гэтага… Маладая міс дома. Увайдзіце, маса Стумп. Яна сама скажа вам пра няшчасце.

– А твой гаспадар? Ён дома?

– Не-не! Яго зараз няма. Маса зараз далёка ад дома. Паехаў чвэрць гадзіны назад. Яго няма зараз дома. Ён паехаў у прэрыю, дзе дзікія коні. Туды, дзе было паляванне месяц назад. Вы ж ведаеце, маса Зеб?

– У прэрыю, дзе дзікія коні? Што яго панесла туды? Хто ж паехаў з ім?

– З ім маса Калхаўн і шмат іншых белых джэнтльменаў. З ім шмат народу паехала.

– Ну а ваш малады майстар Генры – ён, напэўна, таксама паехаў з імі?

– Ох, маса Стумп, гэта і ёсць наша гора! Уся наша бяда. Маса Генры паехаў таксама. I больш не вярнуўся назад. Конь прыбег дамоў, увесь выпацканы крывёю. Людзі кажуць, што маса Генры памёр!

– Памёр? Ты, напэўна, жартуеш? Ці ўсур’ёз гаворыш?

– Ох, маса Стумп! Вельмі горка гэтаму дзецюку гаварыць, але гэта сама праўда. Усе паехалі шукаць, дзе ён ляжыць.

– На, аднясі гэта на кухню. Тут індык і дзікія куры. Дзе міс Луіза?

– Я тут, містэр Стумп. Ідзіце сюды! – адказаў серабрысты галасок, добра знаёмы паляўнічаму, але на гэты раз такі сумны, што Зеб Стумп з цяжкасцю пазнаў яго. – На жаль, усё, што Плутон вам сказаў,– усё гэта праўда. Мой брат прапаў. Яго ніхто не бачыў з заўчарашняга вечара. Яго конь вярнуўся дамоў з плямамі крыві на сядле. О Зеб, нават страшна падумаць.

– Дзіва што! Ён паехаў кудысьці, а яго конь вярнуўся адзін… Я не хачу прычыняць вам лішняга болю, міс Луіза, але, раз пошукі працягваюцца, можа, я змагу дапамагчы, а для гэтага мне трэба ведаць падрабязнасці.

Луіза расказала Зебу ўсё, што ведала. Яна змоўчала пра сцэну ў садзе і пра тое, што ёй папярэднічала. Як на пацвярджэнне таго, што Генры, напэўна, паехаў за мустангерам, яна спаслалася на аповяд Абердофера.

Яе голас перарываўся ад нясцерпнага гора, якое змянілася абурэннем, калі яна загаварыла пра тое, што забойцам яе брата лічаць Морыса.

– Гэта хлусня! – закрычаў паляўнічы, падзяляючы яе абурэнне. – Паклёп! Падлюга гэта прыдумаў! Яшчэ чаго! Мустангер не з тых, хто пойдзе на такую справу. I навошта яму гэта? Калі б яшчэ паміж імі была непрыязнасць – дык жа яе не было! Я адказваю за мустангера – ён не раз хваліў мне вашага брата. Праўда, ён цярпець не мог вашага дваюраднага брата – а хто яго любіць, хацеў бы я ведаць? Даруйце, што я так гавару вам. Вось калі б паміж вашым братам і мустангерам адбылася сварка, то…

– Не-не! – закрычала крэолка, выдаўшы сябе ў парыве гора. – Усё было ўладжана. Генры хацеў папрасіць прабачэння, ён сам сказаў, што памыляецца, а Морыс…

Здзіўлены позірк субяседніка прымусіў яе замаўчаць. Яна закрыла твар рукамі і зарыдала.

– Эх, эх! – прамармытаў Зеб. – Значыць, паміж імі ўсё-такі штосьці было… Вы сказалі, міс Луіза, што была… сварка паміж вашым братам і…

– Мілы, мілы Зеб! – усклікнула яна, аднімаючы рукі ад твару і гледзячы прама ў вочы волату паляўнічаму. – Абяцайце мне, што вы захаваеце маю тайну! Абяцайце мне як друг, як чэсны і прыстойны чалавек. Вы абяцаеце, праўда?

Паляўнічы замест абяцання падняў сваю вялізную руку і затым выразна ўдарыў сябе па левым баку грудзей.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже