Праз пятнаццаць хвілін ён ужо ведаў тайну, якую жанчына рэдка давярае мужчыну і адкрывае толькі таму, хто сапраўды заслугоўвае самага глыбокага даверу.
Зеб Стумп здзівіўся гэтаму прызнанню менш, чым можна было чакаць; ён толькі прамармытаў сам сабе: «Я так і думаў, што тут нешта будзе – асабліва пасля той скачкі па прэрыі».
– Што ж тут такога, міс Луіза! – працягваў ён спачувальна. – Саромецца тут няма чаго – вось што я вам скажу. Жанчына заўсёды застаецца жанчынай, у прэрыі таксама, як і ўсюды на свеце. I, калі вы аддалі сваё сэрца мустангеру, гэта яшчэ не значыць, што вы зрабілі дрэнны выбар. Хоць ён і ірландзец, ды не з простых, вы мне ўжо паверце! А ўсё астатняе, што вы мне расказалі, пацвярджае тое, што я гаварыў: ён не мог учыніць гэтага злачынства, калі толькі яно наогул было ўчынена. Якія ёсць доказы? Толькі тое, што конь вярнуўся з плямамі крыві на сядле?
– На жаль, знойдзены і іншыя доказы. Яго ўчора шукалі цэлы дзень. Доўга ехалі па слядах і штосьці знайшлі, але мне не сказалі – што. Па-мойму, бацька не хацеў, каб я пра гэта ведала, а другіх я баялася спытаць. Яны зноў паехалі сёння, незадоўга перад тым, як я ўбачыла вас на дарозе.
– А мустангер? Што ён кажа ў сваё апраўданне?
– О, я думала, што вы ведаеце! Яго ж таксама не могуць знайсці. Божа мой, Божа мой! Можа, і ён загінуў ад той жа рукі, якая забіла майго брата!
– Так, значыць, яны ездзілі па слядах? Напэўна, па слядах мустангера? Калі толькі ён жывы, ён у сваёй хаціне на Аламо. Чаму яны не паехалі туды? А, разумею! Акрамя мяне, ніхто ж не ведае толкам, дзе гэта. I калі іх вядзе малакасос Спенглер, то ён, канешне, згубіць след. Дык яны зноў туды ж паехалі?
– Так, я чула, як хтосьці з іх упамянуў пра гэта.
– Ну, калі яны паехалі на пошукі мустангера, паеду і я. Іду ў заклад, я знайду яго раней, чым яны!
– Вось па гэтаму мне і хацелася вас бачыць. З бацькам зараз паехала шмат усякага зброду. Я чула, як яны лаяліся, калі ад’язджалі. Яны гаварылі пра лінчаванне. Некаторыя з іх кляліся, што будуць помсціць без літасці. О Божа! Што, калі яны знойдуць яго і Морыс не зможа як след даказаць сваю невінаватасць! У парыве неўтаймаванай злосці – а сярод іх жа яшчэ і Касій Калхаўн! – вы ўяўляеце, што яны могуць з ім зрабіць?! Мілы Зеб, дзеля мяне, дзеля яго – ён жа ваш друг! – хутчэй едзьце на Аламо. Іх абавязкова трэба апярэдзіць і папярэдзіць Морыса. Ваш конь не з быстраногіх. Вазьміце майго, вазьміце любога з нашай канюшні…
– Ваша праўда, – перарваў яе паляўнічы, збіраючыся ісці.– Гэта сапраўды можа кончыцца дрэнна для хлопца; я зраблю ўсё, што мне пад сілу, каб дапамагчы яму. He хвалюйцеся, міс Луіза. Часу хопіць – яны яшчэ паблукаюць, пакуль знойдуць хаціну. Я паспею даехаць і на сваёй старой, а да вашай крапчастай у мяне душа не ляжыць. Мая ж стаіць асядланая, калі толькі Плутон не рассядлаў яе. He тужыце – можа, з вашым браткам нічога благога і не здарылася. А што Морыс-мустангер чысты, гэта для мяне ясна як Божы дзень.
Сказаўшы гэта, стары паляўнічы нязграбна пакланіўся і выйшаў; а дзяўчына пабегла да сябе ў пакой, каб заспакоіць сваё усхваляванае сэрца малітвай аб уратаванні каханага.
У панічным страху Эль-Каёт і тры ягоныя таварышы кінуліся да сваіх коней і сяк-так ускараскаліся ў сёдлы.
Яны і не думалі вяртацца да хаціны мустангера. Наадварот, яны хацелі толькі аднаго – як мага далей ад’ехаць ад адзінокага жылля і ад яго гаспадара, які з’явіўся перад імі ў такім дзіўным абліччы.
У тым, што гэта быў «дон Марысіо», ніхто з іх не сумняваўся. Усе чацвёра ведалі яго, Дыяс – лепш за другіх, але кожны з іх дастаткова добра, каб пазнаць у конніку без галавы ірландца. Яны пазналі яго каня, гетры, серапе работы індзейцаў наваха, якое адрознівалася ад звычайных мексіканскіх серапе сваім яркім малюнкам, і, нарэшце, яго галаву.
Яны не затрымаліся, каб разгледзець твар. На галаве ўсё яшчэ быў капялюш – чорнае глянцавае самбрэра, якое звычайна насіў Морыс-мустангер. Яны бачылі, як яно заблішчала, трапіўшы ў паласу месячнага святла.
Акрамя таго, яны ўбачылі вялікага сабаку, і Дыяс адразу пазнаў у ім сабаку ірландца. З лютым рыкам псіна кінулася на іх. Праўда, гэта было ўжо залішне, бо яны і так рынуліся бегчы.
Чатыры коннікі стрымгалоў прамчаліся па лясных зарасніках нізіны і падняліся ў прэрыю па абрывістым схіле, мінаючы месца, дзе меркавалася ўчыніць забойства.
Але і там яны не спыніліся, а працягвалі скакаць галопам, пакуль не апынуліся зноў у лясных зарасніках, дзе нядаўна гэтак спрытна пераадзеліся ў каманчаў.
Адваротная метамарфоза была выканана намнога хутчэй і з меншай дасканаласцю. Вадой з біклаг яны паспешліва змылі ваенную размалёўку, выцягнулі з дупла свае звычайныя касцюмы, з не меншай таропкасцю пераадзеліся і паскакалі да Ляоны.
На зваротным шляху яны гаварылі толькі пра конніка без галавы. Ахопленыя жахам мексіканцы ніяк не маглі сабе растлумачыць гэту звышнатуральную з'яву. Так нічога і не вырашыўшы, яны развіталіся на ўскраіне пасёлка і разышліся па сваіх хацінах.