– Ліха на яго! – усклікнуў Эль-Каёт, пераступіўшы парог свайго хакале і кінуўшыся на трысняговую пасцель. – Наўрад ці заснеш пасля гэтага. Божа, што за пачвара! Кроў стыне ў жылах! I няма чым адагрэцца – біклага пустая. Бар закрыты. Усе спяць. Маці Божая! Што б гэта магло быць? Прывід? He. Я ж сам кранаў яго цела, і Вісентэ таксама схапіў яго з другога боку. He маглі ж мы памыліцца! А калі гэта чучала, то для чаго і каму яно патрэбна? Каму, акрамя мяне і маіх таварышаў, спатрэбілася ўстройваць маскарад у прэрыі? Тысяча чарцей! Якая жудасная маска!.. Стой, ды ці не апярэдзілі мяне? Можа, хто-небудзь іншы ўжо зарабіў тысячу долараў? Можа, гэта быў ірландзец, забіты, абезгалоўлены, з уласнай галавой у руках? He, не можа быць – страшэнна, непраўдападобна, неверагодна! Тады што ж?.. Ага, зразумеў! Яго маглі папярэдзіць аб нашым наведванні, або, прынамсі, ён мог што-небудзь западозрыць. I гэта камедыя была разыграна, каб напалохаць нас. Напэўна, ён жа і сам быў сведкам нашых ганебных уцёкаў. Ліха на яго! Але хто мог выдаць нас? Ніхто. Ніхто ж не ведаў пра мой план. Як жа ён мог тады падрыхтаваць такі д’ябальскі жарт?.. Ах так, я забыў! Мы ж ехалі па прэрыі сярод белага дня. Нас маглі бачыць і разгадаць нашы намеры. Ну канешне ж! А потым, пакуль мы пераадзяваліся ў лесе, ён і паспеў усё падрыхтаваць. Іншага тлумачэння няма. Дурні! Чучала спужаліся! Карамба! Гэта яму не дапаможа. Заўтра ж зноў адпраўлюся на Аламо. Я зараблю гэту тысячу, хоць бы мне спатрэбілася для гэтага год! Зрэшты, справа не ў грашах. Хопіць таго, што я страціў Ісідору. Можа, гэта і не так, але нават падазрэнне нясцерпна. Калі я толькі дазнаюся, што яна кахае яго, што яны сустракаліся пасля таго як… О Божа! Я звар’яцею! I ў сваім вар’яцтве знішчу не толькі чалавека, якога ненавіджу, але і жанчыну, якую кахаю! О донна Ісідора Каварубіо дэ Лос-Льянас! Анёл прыгажосці і дэман каварства! Я магу задушыць цябе ў абдымках або закалоць кінжалам! Тое ці другое павінна быць тваім лёсам. I табе даю я выбар!

Гэта пагроза, а таксама тлумачэнне таямнічай з’явы крыху заспакоілі яго, і Ён хутка заснуў.

Прачнуўся ён, калі да яго ў дзверы зазірнула ранішняе святло і разам з ім наведвальнік.

– Хасэ! – усклікнуў Эль-Каёт са здзіўленнем і прыметнай радасцю ў голасе. – Гэта ты?

– Так, сеньёр, гэта я.

– Рады бачыць цябе, друг Хасэ. Донна Ісідора таксама тут? Я хачу сказаць – на Ляоне?

– Так, сеньёр.

– Так хутка? Яшчэ ж не прайшло і двух тыдняў, як яна паехала адсюль, ці не так? Мяне не было ў пасёлку, але я чуў пра гэта. Я чакаў ад цябе вестачкі. Чаму ж ты мне не пісаў?

– Толькі таму, сеньёр дон Мігуэль, што не было з кім паслаць. Мне трэба было паведаміць вам штосьці, чаго нельга даверыць чужому. На жаль, вы не падзякуеце мне за тое, што я вам раскажу. Але маё жыццё належыць вам, і я абяцаў, што вам будзе вядома ўсё.

Эль-Каёт падскочыў як уджалены:

– Пра яго і пра яе! Я бачу гэта па тваім твары. Твая пані сустракалася з ім?

– He, сеньёр. Па крайняй меры, наколькі я ведаю, яны не бачыліся пасля той першай сустрэчы.

– Што ж тады? – спытаў Дыяс з бачнай палёгкай. – Яна была тут, пакуль ён жыў у гасцініцы? Што-небудзь адбылося?

– Так, дон Мігуэль. Тры разы я адвозіў яму кошык з ласункамі ад донны Ісідоры. У апошні раз было дададзена пісьмо.

– Пісьмо! Ты ведаеш яго змест, ты чытаў яго?

– Дзякуючы вам, дзякуючы вашай дабрыні да беднага хлопчыка, я змог гэта зрабіць і нават змог перапісаць яго.

– Яно з табой?

– Так! Вось бачыце, дон Мігуэль, вы не дарэмна пасылалі мяне ў школу! Вось што донна Ісідора пісала яму.

Дыяс выхапіў у яго запіску і з прагнасцю стаў чытаць. Але яна як быццам нават супакоіла яго.

– Карамба! – раўнадушна сказаў ён, згортваючы пісьмо. – У гэтым няма нічога асаблівага, друг Хасэ. Яна толькі дзякуе яму за аказаную паслугу. Калі гэта ўсё…

– He, яшчэ не ўсё, сеньёр дон Мігуэль. 3-за гэтага я да вас і прыйшоў! У мяне даручэнне ў пасёлак. Прачытайце.

– А! Другое пісьмо?

– Так, сеньёр. На гэты раз сапраўднае пісьмо, а не мае каракулі.

Дыяс дрыжачымі рукамі ўзяў працягнуты яму лісток паперы, разгарнуў і пачаў чытаць:

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже