Сеньёру дону Марысіо Джэральду.

Дарагі друг, я зноў тут, у гасцях у дзядзькі Сільвіо. Жыць без вестак пра вас я больш не маю сіл. Невядомасць нішчыць мяне. Паведаміце мне, ці ачунялі вы пасля вашай хваробы? О, калі б гэта было так! Як я хачу паглядзець вам у вочы – у вашы прыгожыя, выразныя вочы, каб пераканацца, што вы зусім здаровы! Малю вас, падарыце мне гэту радасць. Праз паўгадзіны я буду на вяршыні ўзгорка, за домам майго дзядзькі.

Прыходзьце ж, я чакаю вас!

Ісідора Каварубіо дэ Лос-Льянас.

– Ліха на яго! Любоўнае спатканне! – абурана ўсклікнуў Дыяс. – Гэта інакш не назавеш. I назначае яго – яна. Ха! Яе запрашэнне будзе прынята: толькі не тым, каму яно ласкава прызначана. Спазнення не будзе ні на хвіліну, і, клянуся богам помсты… Слухай, Хасэ! Гэта запісачка без патрэбы. Таго, каму яна адрасавана, ужо няма ні ў пасёлку, ні дзе-небудзь паблізу. Бог ведае, дзе ён зараз. У гэтым ёсць нейкая тайна. Але нічога. Ідзі ў гасцініцу і ўсё роўна спытай, ці там ён. Ты павінен выканаць даручэнне. Пісьма не бяры – пакінь яго ў мяне. Я табе яго аддам, калі ты зойдзеш на зваротным шляху, і ты вернеш яго сваёй гаспадыні. Вось табе долар – выпі ў бары. У сеньёра Дофера цудоўнае агвардыентэ. Бывай!

Хасэ не стаў пытаць тлумачэнняў і, узяўшы свой долар, моўчкі выйшаў з хакале.

He паспеў ён знікнуць з вачэй, як Дыяс таксама пакінуў сваё жытло. У спешцы асядлаўшы каня, ён ускочыў на яго і паехаў у процілеглым напрамку.

<p>48. Ісідора</p>

Сонца толькі што паднялося над гарызонтам; яго круглы дыск, нібы шчыт з чырвонага золата, заззяў над самай травой прэрыі. Залатыя промні пранікалі скрозь гушчар лясных зараснікаў, там і сям раскіданых па саванне. Кроплі расы ўсё яшчэ віселі на акацыях, абцяжарваючы іх перыстае лісце і прымушаючы голле хіліцца да зямлі – дрэвы быццам аплаквалі разлуку з ноччу, з яе вільготным халаднаватым ветрыкам, баяліся сустрэчы са спякотай дня. Птушкі ўжо шчабяталі на галінах – хіба маглі яны спаць у ззянні такой зары! Але наўрад ці дзе-небудзь, акрамя прэрый Тэхаса, можна сустрэць у гэты ранні час чалавека, які не спіць. У гэтых краях час сонечнага ўсходу – самы прыемны час дня, і мала хто праводзіць яго ў ложку ці ў самоце пакоя.

На беразе Ляоны, у трох мілях ніжэй ад форта Індж, паказаўся чалавек, які ахвяраваў сном дзеля прагулкі па зарасніках чапараля. Ён не ідзе пеша, ён сядзіць на гарачым кані, якому не падабаецца, калі стрымліваюць яго шаг. Па гэтаму апісанню вы, можа, падумаеце, што коннік – мужчына; але ж дзеянне адбываецца ў паўднёвым Тэхасе, дзе ўсё яшчэ жывуць іспана-мексіканцы, і зусім магчыма, што коннік – жанчына. Гэтаму меркаванню не супярэчаць ні круглы капялюш на галаве конніка, ні серапе, якое з-за ранішняй прахалоды накінута на плечы, ні тое, што ён сядзіць у сядле па-мужчынску – манера ездзіць вярхом, якую ў Еўропе лічаць для жанчын непрыстойнай.

Прыгледзьцеся ўважліва, і вы пераканаецеся, што гэта сапраўды жанчына. Гляньце на маленькую ручку, што трымае павады, на маленькую ножку ў страмёнах, на зграбную жаноцкую фігуру, якая вырысоўваецца нават пад цяжкім серапе, і, нарэшце, на цудоўныя, скручаныя вузлом бліскучыя валасы, што выбіваюцца з-пад палёў самбрэра.

Цяпер ужо не застаецца сумненняў, што перад вамі жанчына, хаця некаторыя яе прывычкі нязвыклыя для жанчыны. Гэта донна Ісідора Каварубіо дэ Лос-Льянас.

Ёй ужо мінула дваццаць гадоў – па мексіканскіх уяўленнях, яе нельга назваць юнай. Яркая брунетка, яна вельмі прыгожая. Але яе прыгажосць – гэта прыгажосць тыгрыцы, якая выклікае хутчэй страх, чым пяшчотную любоў.

Гляньце ёй у вочы, і вы адразу адчуеце незвычайны для жанчыны розум; цвёрдасць, рашучасць, бязмежная адвага адбіваюцца на цудоўным твары. У пяшчотных, нібы вытачаных рысах вы не знойдзеце ніякіх адзнак слабасці, ні ценю пужлівасці. Пунсовы румянец на смуглай скуры такі яркі, што, здаецца, не знікне нават у хвіліну смяротнай небяспекі.

Дзяўчына едзе адна па лясістай даліне Ляоны. Непадалёк бачны дом, але яна аддаляецца ад яго. Гэта асьенда яе дзядзькі, дона Сільвіо Марцінеса, з варот якой яна нядаўна выехала.

Свабодна і ўпэўнена сядзіць маладая мексіканка ў сядле. Пад ёю гарачы конь, ён ірвецца стаць на дыбы; але вам нечага непакоіцца аб маладой наезніцы – яна добра спраўляецца з ім.

Лёгкае, якраз па сілах дзяўчыны, ласо вісіць на сядзельнай луцэ; яно акуратна скручана: відаць, што Ісідора не шкадуе для гэтага часу і, мабыць, добра ўмее карыстацца ім. I гэта сапраўды так – яна кідае яго са спрытнасцю прафесіянальнага мустангера. Ісідора ганарыцца сваім майстэрствам – гэта адна з яе любімых забаў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже