Яна едзе не па бальшаку ўздоўж берага ракі, а па бакавой сцежцы, якая вядзе ад асьенды яе дзядзькі і злучаецца з бальшаком толькі каля вяршыні блізкага ўзгорка – дакладней, абрывістага берага рэчкі.

Сцяжынка крута падымаецца ўверх – так крута, што конь пачынае цяжка дыхаць. Нарэшце, наезніца дасягае вяршыні абрыву, дзе праходзіць праезджая дарога.

Ісідора нацягвае павады, але не для таго, каб даць каню адпачыць, а таму, што яна дасягнула мэты сваёй паездкі.

Паблізу дарогі – круглая паляна ў два ці ў тры акры велічынёй; яна пакрыта травой. Гэта нібы прэрыя ў мініяцюры. Калючыя зараснікі, зусім не падобныя на лес, з якога Ісідора толькі што выехала, акружаюць паляну з усіх бакоў. Тры ледзь прыметныя сцяжынкі разыходзяцца ад яе ў розных накірунках, праразаючы гушчар хмызняку.

На сярэдзіне паляны Ісідора нацягвае павады і паляпвае свайго каня па шыі, каб супакоіць яго. Хаця наўрад ці гэта патрэбна – круты пад’ём так стаміў каня, што ён ужо не рвецца ўперад і не выказвае нецярплівасці.

– Я прыехала раней назначанага часу! – усклікнула дзяўчына, дастаючы з-пад свайго серапе залаты гадзіннік. – А можа, ён і наогул не прыедзе? Ах, толькі б ён дастаткова ачуняў, каб прыехаць!.. Я ўся дрыжу. Ці гэта дыхае мой конь? О не, гэта мяне б’е ліхаманка. Я ніколі яшчэ не зведвала такога хвалявання. Гэта страх? Так, напэўна. Як дзіўна, што я баюся любімага чалавека, адзінага чалавека, якога я калі-небудзь кахала! Нельга ж назваць каханнем тое, што я адчувала да дона Мігуэля. Гэта быў самападман. Як добра, што я ад яго пазбавілася! На сваё шчасце, я пабачыла, што ён баязлівец. Гэта адкрыццё звяло героя маіх рамантычных летуценняў з яго п’едэстала. Як я рада гэтаму! Цяпер я ненавіджу дона Мігуэля, таму што ён, здаецца, стаў… Святая Мадонна, няўжо гэта праўда, што ён стаў разбойнікам! Але мяне не напалохала б сустрэча з ім нават у гэтым адзінокім месцы. Божа мой, баяцца таго, каго кахаеш, каго лічыш высакародным і добрым, і ў той жа час не зведваць страху перад тым, каго глыбока ненавідзіш, ведаючы, што ён жорсткі і вераломны! Незразумела! Невытлумачальна! I ўсё ж такі ў гэтым няма нічога незразумелага. Я дрыжу не ад страху перад небяспекай, а ад боязі аказацца нялюбай. Вось чаму я зараз дрыжу. Вось чаму я не магу спакойна спаць начамі з таго дня, як Морыс Джэральд вызваліў мяне з рук п’яных дзікуноў. Я ніколі не гаварыла яму пра свае пачуцці. I я не ведаю, як ён прыме маё прызнанне. Але ён усё-такі павінен даведацца. Я не магу болей цярпець гэту пакутлівую невядомасць. Лепш адчай, нават смерць, калі толькі мае мары падмануць мяне… А! Я чую тупат капытоў! Па дарозе скача конь. Гэта ён? Так! Я бачу скрозь дрэвы наш яркі нацыянальны касцюм. Морысу Джэральду падабаецца насіць гэты касцюм. Нядзіўна – ён так яму да твару. Святая Дзева! Я захутана ў серапе, на галаве маёй самбрэра. Ён прыме мяне за мужчыну! Далоў гэту брыдкую маску! Я жанчына, і ён павінен убачыць перад сабой жанчыну!

У адно імгненне Ісідора зрывае з сябе серапе і капялюш – нават на сцэне пераўвасабленне наўрад ці магло адбыцца хутчэй. I вось на фоне густых калючых зараснікаў вырысоўваецца лёгкая жаноцкая фігура і цудоўная галоўка, дастойная разца Кановы.

Злёгку прыўстаўшы ў страмёнах і нахіліўшыся ўперад, чароўная наезніца пачала чакаць.

Наперакор усяму, яна не выяўляе і ценю страху. Губы не дрыжаць, на твары яе прыметна бледнасці.

Наадварот, у яе поглядзе, скіраваным уперад, – заклік гордага кахання, заклік арліцы, што чакае свайго арла.

Але раптам ва ўсім яе абліччы адбываецца неспадзяваная перамена. Яна пазнае конніка. Залатая вышыўка падманула яе. Коннік у мексіканскім убранні – не Морыс Джэральд, а Мігуэль Дыяс.

Радасць на яе твары змяняецца панурасцю. Дзяўчына апускаецца ў сядло, і ўздых, які вырываецца з яе грудзей, – амаль крык адчаю. На яе твары не відаць страху, толькі расчараванне і крыўда.

Эль-Каёт загаварыў першым:

– Ах, гэта вы, сеньярыта! Хто б чакаў убачыць вас у такім самотным месцы – ружу сярод гэтых калючых зараснікаў!

– А якая, уласна, вам да гэтага справа, дон Мігуэль Дыяс?

– Дзіўнае пытанне, сеньярыта. Канешне, гэта мая справа, і вы самі гэта ведаеце. Вы цудоўна ведаеце, як моцна я вас кахаю. Дурнем я быў, калі прызнаўся ў гэтым і аб’явіў сябе вашым рабом. Вось гэта якраз і астудзіла так хутка вашы пачуцці.

– Вы памыляецеся, сеньёр. Я ніколі не гаварыла вам, што кахаю вас. Калі я сказала, што захапляюся вашым майстэрствам наезніка, вы не мелі права тлумачыць мае словы інакш. I, акрамя таго, гэта было тры гады назад. Я тады была яшчэ дзяўчынкай, у тым узросце, калі такія рэчы моцна ўражваюць, калі мы нісколькі неразумныя, што цэнім больш знешні бляск, а не душэўныя якасці. Але цяпер я стала старэйшай, і зусім натуральна, што да многага стаўлюся інакш.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже