Дні, падзеі пераносяцца з хуткасцю кінаплёнкі. Вярнуўся ў сваю Пількаўшчыну. Лю, пакуль перабраліся ў Вілейку, спынілася ў сястры Веры ў Сэрвачах. На вёсцы – каму трэба і не трэба – усе пачалі будавацца, рэзаць лес. Калі вёў коней з Вярхоў, недзе за плёсамі палала зарыва далёкага пажару. Дзед і бацька стаялі на ганку і варажылі: дзе і што гэта магло гарэць. Чуваць, што ў бок Губскай пушчы сцягваюцца нявылаўленыя паліцэйскія і асаднікі, бо тут у нас усе дарогі пад пільным кантролем нашай народнай міліцыі. Відаць, гэтыя паны і выгналі з пушчы ды з графскага лесу чараду дзікіх свіней, якія апошнімі днямі з’явіліся ў нашых ваколіцах і пачалі выходзіць рыць бульбянішчы.
16/Х
Вылучаюць кандыдатаў у Народны сход. Некаторыя хлопцы з Мядзела, Слабады хацелі і мяне вылучыць, але нейкі палітрук, расказвалі мне, – даведаўшыся, што я быў членам КПЗБ, параіў ім вылучыць каго іншага, дыпламатычна тлумачачы, што я як пісьменнік, напэўна, хутка паеду ў Мінск, не буду тут сядзець. Агулам, адчуваецца з боку раённых кіраўнікоў нейкая насцярожанасць да былых членаў КПЗБ. Многія з маіх былых сяброў нават ужо не прызнаюцца, што яны некалі бралі актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху, бо зараз асабліва цэняць тых, хто да самага вызвалення ціха сядзеў дома. Ледзь не са свечкай шукаюць падобных "дзеячаў". Што да мяне, дык я, як і раней, ад розных прыкрасцей уцякаю ў паэзію, у якой мой партыйны стаж у КПЗБ ніколі не быў мне перашкодай.
Перапісаў са старых сшыткаў тры свае юнацкія вершы: "Колькі часу…", "Снежны вецер", "У дзень панскай незалежнасці". Апошні быў так зашыфраваны, што я яго ледзь аднавіў.
20/Х
Ад Путраманта з Дакудава прыйшла паштоўка. Піша, што ўзяўся за аповесць. Нешта яго апошнія гады цягне на прозу. Ці не думае ён зусім развітацца з паэзіяй? Скардзіцца, што пасля Вільні апынуўся ў нейкай соннай атмасферы. Просіць напісаць яму, куды збіраюся падацца, і, калі дзе спынюся, каб прыслаў яму свой новы адрас.
Пасля паўдня на арбе падмяніў дзядзьку Фадзея. У таго сёння паганы настрой. На камяністым Дрываску некалькі раз ірваліся новыя пабоцні. Кляне гэтую цяжкую зямлю на ўсіх вядомых яму мовах. Некаторыя нямецкія, іспанскія і асабліва чэшскія словы, прывезеныя ім са шматгадовых бясконцых вандровак па свету, нават прыжыліся ў нашай хаце.
Прыйшлі Сашка Асаевіч і Кірыл Карабейнік. З трафейнай, адабранай ва ўзлянскіх асаднікаў зброі стралялі па шапках. Відаць, цэлыя былі б нашы шапкі, каб не ўмяшаўся дзядзька Фадзей, які так іх пашкуматаў са сваёй пястуноўкі, што сталі не прыдатны і варонам на гнёзды.
Пад вечар будзем пераносіць з пераплотаў у ток сухую грачыху. Сёлета яна не ўрадзіла. Не было як ні жаць, ні касіць. Ірвалі, як лён.
Ніяк не збяруся перагледзець гадавікі польскіх і беларускіх старых часопісаў: "Варшаўскі цырульнік", "Муха", "Шпількі", "Вераб’і на даху", "Маланка", "Асва". Знайшоў я іх сярод розных папер, газет у будынку былой Мядзельскай гміны, калі ўсю гэту макулатуру палілі ў печах.
25/Х
Праз шмат год зноў апынуўся ў старой і знаёмай мне Вілейцы. Зараз цяжка пазнаць гэты былы захалусны павятовы гарадок, слаўны сваім высачэзным касцёлам і пабудаванай яшчэ пры цару турмой. Калі глядзіш на гэты горад з боку лугу, яго разнаколерныя аднапавярховыя домікі, платы здаюцца бялізнай, развешанай на даўжэзнай вяроўцы, нацягнутай над перапоўненым зеленаватай вадой карытам Віллі.
Са станцыі я пайшоў да свайго гаспадара Бутара, У якога калісьці кватараваў і з сынамі якога – Мікалаем і Васілём – разам вучыўся ў гімназіі. Думаў, што, можа, на нейкі час мне ўдасца спыніцца ў яго. Але невялічкая хата Бутара была так перапоўнена кватарантамі, што не было куды і носа ўтачыць. А ў самога старога бяда: памерла жонка і сыны яшчэ не вярнуліся з вайны. Апошнія лісты ад іх былі з Варшавы. Пасядзелі мы з ім, пагутарылі пра свае розныя справы. Дзень быў досыць цёплы. На станцыі, забітай ваеннымі эшалонамі, гулка пераклікаліся паравозы. Іх цяжкі дым вецер слаў па зямлі, гнаў праз сады, агароды на тартакі, дзе чуваць быў несціханы звон цыркулярак, гул і грукат грузавікоў. Развітаўшыся з гаспадаром, я пайшоў шукаць абласны аддзел народнай асветы і рэдакцыю. Яшчэ ніхто з сустрэтых віляйчан не знаў, дзе яны знаходзяцца. Я толькі здагадваўся, што такія ўстановы павінны быць недзе ў цэнтры горада. Ішоў я старымі, знаёмымі вуліцамі, якія амаль зусім не змяніліся, асталіся такімі ж, якімі былі 15–10 год таму назад. Толькі дзе-нідзе над былымі крамамі віселі новыя шыльды: "Абутковы магазін", "Хлеб", "Кнігі і школьныя прылады"… Хацеў зайсці ў чайную перакусіць, але народу было шмат, і я падаўся далей. Неспадзявана ў старым парку сустрэў сваіх старых сяброў В. Мілянцэвіча і А. Кананюка.
I яны прыехалі сюды з Вільні. Працуюць у бальніцы, жывуць недзе на ўскраіне. Далі мне свой адрас, прасілі, каб вечарам зайшоў да іх.