На горцы скрозь імжаку свяціўся белымі сценамі храм. Вінусь падняўся да яго. Служба ўжо скончылася. Жанчыны ў хусцінках прыбіралі, ачышчаючы ад воску падставы для свечак.

– Адну вялікую! – забіраючы свечку, кінуў даляры.

– Памагай Бог! – узрадавалася служка.

Да хлопца падбегла белагаловае дзяўчо.

– Падайце, дзя-ядзечка! Я сірата. У мяне сёння год як бацькі разбіліся на машыне. Падайце. Я буду маліцца за вас. Як вас завуць? У мяне дзень нараджэння сёння.

Вінусь сунуў ёй зялёную паперку.

Дзяўчо, радаснае, пабегла за калону, дзе хаваліся прадпрымальныя «карміцелькі», і аддало ім «здабычу». Міма праходзіў святы айцец. Адна з жанчын кінулася яму ў ногі, стала цалаваць край сутаны.

– Блаславі, айцец.

Той моўчкі паклаў крыж.

Тут жа яна падляцела да Вінуся.

– Мо бутэлечка пад святую ваду патрэбная? – дастала з торбы пустую пляшку з-пад гарэлкі. – Нядорага аддам.

Хлопцу зрабілася прыкра. Ён не мог засяродзіцца на сваіх думках. Доўга глядзеў у незямныя вочы Ісуса на крыжы. У галаве і сэрцы было пуста.

«I ўвайшоў Ісус у храм Божы, і прагнаў тых, хто купляў і прадаваў у храме, і перакуліў сталы менароў…»

– Дзе ты, Ісус? Нават ты мяне не прымаеш! Не спускаецца на мяне прасвяда твая!

Вінусь паставіў свечку.

– За здароўе сатаны! – зарагатаў і пайшоў.

– Сыдзі, сыдзі, паганец! Каб духу твайго тутака не было! У імя Айца і Сына і Духа Святога, – спалохана жагналіся бабкі ўслед.

Уваліўся ў першы ж, без разбору, тралейбус. Дзяўчына на сядзенні ля дзвярэй чытала кніжку. Вінусь зазірнуў на старонку. Нейкія знаёмыя радкі… Так-так. Дык гэта ж яго самы першы раман. Узрадаваўся, захацелася што-небудзь сказаць ёй. Абярнуўся ў пошуках словаў. Убачыў дзядзьку, што, павесіўшы акуляры на нос, уткнуўся ў нейкую кніжку, абгорнутую газецінай. Вінусь перабраўся да яго. Зноўку знаёмыя радкі! Ягоны пазнейшы раман! Пажылая жанчына на сядзенні ззаду пільна ўзіралася ў друкаваныя старонкі на каленях. Та-ак… Яшчэ раман. Напоўніцу працуе мылаварня.

«Ды што яны ўсе, змовіліся? Куды я патрапіў? Я такі папулярны? Захацелася крыкнуць: «Я! Глядзіце! Гэта я! Напісаў для вас! Аўтограф – калі ласка! Я тут пад псеўданімамі, праўда…»

Вінусю зрабілася блага. Аднолькавыя чорныя літаркі абступалі яго з усіх бакоў, плялі павуціну перад вачыма. З-пад вялізнага праса вылятвалі мільёны чорных літарак, памнажаючыся ў тысячы разоў. Раптам падалося, што ён пасярод стракатага чорна-белага поля. Пярэстыя каровы падбіраюць языкамі чорныя літаркі і задаволена жуюць, жуюць, жуюць, парыкваючы ад насалоды, чухаючы бакі адна аб аднаю, адганяючы мух даўгімі аблезлымі хвастамі. Храбусценне сківіцаў нарастала. «Храмк! Хрусь! Цмяк! Ням! Хрум!..» Падалося, што зараз лопне голаў ад гэтых гукаў. Хлопец бы апараны вылецеў з тралейбуса.

<p>25-ты кадр</p>

Не памятаў, як дабрыў дадому. Зварыў кавы, сеў за камп’ютар. Па электронцы прыйшоў ліст.

«На сонцы ёсць плямы.

Банальны пачатак для верша і зусім не паэтычны. Смеху варта. А хацелася правесці, здавалася б, цікавую паралель: сонца – сэрца, – каб атрымаўся арыгінальны верш.

На сонцы ёсць плямы.Я хацела быць сонцам для цябе.Я і была ім. Ты казаў так.Калі яшчэ можна верыць словам.Тваім ці чыімсьці.Зараз ужо не важна чыім.Але ты шукаў на сонцы плямы.Табе не хацелася яго цяпла.Ты гнаў яго за хмары.Табе хацелася знайсці пляму.Хоць маленечкую,хоць зусім малюпасенечкую,хоць кропачку,каб даказаць банальную ісціну:На сонцы ёсць плямы.I ты вышукваў іх.Ты не верыў у сонца.Што не знайшоў, тое прыдумаў,Што не ўбачыў, тое прымроіў.I паверыў у банальнасць,У плямы на сонцы, у плямыСвайго ўяўлення аб ім.

А сонцу балела. Бо яно ведала, што гэта не плямы. Гэта дзіркі. Чорныя дзіркі, якія пачварна рагаталі рванымі краямі. Гэта дзіркі ад… цыгарэт, якія ты паліў і п’яным жартам тушыў аб руку… Аб сонца… Аб сэрца… А ў бяззубых ратах дзірак быў попел. Халодны попел сумненняў і недаверу. Ён вярэдзіў раны. Яны крывавіліся.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже