І малады парэчанскі ўладар зморшчыўся, працадзіўшы скрозь зубы лаянку, і вар’ята ўдарыў мячом. Але меч прашыў паветра, а дзівак, з лёгкасцю адскочыўшы, выхапіў з мёрзлай зямлі свой меч і раптам аглушальна, па-разбойніцку засвісцеў. І самі пагоркі, сам гэты край адгукнуўся яму – такім самым свістам, з усіх бакоў. Парэчанец, вырачыўшы вочы, бачыў, як з пагоркаў, што навісалі над дарогаю, паляцелі стрэлы – густымі драпежнымі хмарамі. І парэчанскія воі, што гналіся за недабіткамі ўлегцы, пакінуўшы цяжкія даспехі, адзін за другім падалі, выпускаючы з рук верныя мячы, захлынаючыся ўласнай крывёй.
– Поскудзь!.. – адчайна крыкнуў парэчанец, і голас яму здрадзіў, даў па-хлапечы вісклівыя ноткі. Ён рвануўся да дзівака, да падступнага вар’ята са смяротнымі коламі ўкруг вачэй, і скрыжаваў з ім меч, ударыў раз і другі, зноў і зноў натыркаючыся на сталь. Страла клюнула яго ў сцягно, ён аступіўся, страціў раўнавагу, і тут бліснуў зусім побач з ягоным тварам вар’ятаў клінок, наўскос ударыўшы па мечнай руцэ. Клінок парэчанца ўпаў у снег, і тут жа навершам клінка яму падступна сунулі ў пераноссе. Аслеплены, задыхаючыся ад болю, ён упаў на калені, заліваючы бель чырванню са зламанага носа.
– Гэты край – мой, – сказаў яму, пакуль той усхліпваў і круціў галавою, Лель, бо гэта быў менавіта ён. Цяжка ўздыхнуўшы, Лель ацёр вочы, размазваючы па твары звычайную сажу. І дазволіў сабе задрыжаць, як бы адпусціўшы страх, што да гэтага прыдушваў унутры сябе.
Лучнікі спускаліся да Леля па заснежаных схілах, дабівалі параненых. Некалькі парэчанцаў здолелі ўцячы, але на гэта і быў разлік, і Лель загадаў не пераследаваць іх. Маладога ж парэчанскага ўладара, наспех перавязаўшы ягоныя раны, узялі ў палон жывым і выступілі дамоў.
А там была скруха, і страх, і трывожныя зыкі званоў, і заплаканыя вочы княгіні, што абдымала малодшых дачок, і бледны твар Ружаны. Тая зашыпела, як дзікая котка, пабачыўшы палоннага парэчанца, і Лелю давялося з сілай выкручваць з Ружаніных пальцаў нож, угаворваючы, пераконваючы. Яна, быццам не чуючы нічога, колькі часу яшчэ білася ў Лелевых руках, а пасля ўсхліпнула і заціхла, і нож з глухім стукам упаў на дашчаную падлогу.
– То што цяпер будзе?.. – спытала Ружана, выпрабавальна зазіраючы Лелю ў твар, і хмурыла ўпартыя бровы. А Лель і сам не ведаў, што будзе, і толькі гладзіў яе па валасах, асцярожна, як гладзяць сокала.
Воі, што былі з ім на дарозе падчас паланення парэчанца, ва ўсю расказвалі пра Лелеву хітрасць. І малявалі на сваіх панцырах раз’юшанага мядзведзя – хто як мог, хто як быў здольны, таму і да мядзведзяў намаляванае часам было падобна мала. Малявалі – зусім як сам Лель тады натхнёна напэцкаў сажаю па метале, адно б уразіць, адно б здзівіць ворага. Іншыя воі, што мусілі бараніць селішча, моду падхоплівалі, і на наступную раніцу ледзь не кожны меў на даспеху раз’юшаную пачвару.
– На ўдачу! – казалі яны. Лель згодна ківаў: удача б сапраўды не была лішняй.
Толькі парэчанскае войска ўжо было на падыходзе, і з ваколіц, ратуючыся ад рабаванняў ды пажараў, сцякаліся людзі, шукалі бяспекі за ровам, за ўмацаванымі сценамі. За бежанцамі ішоў дзіцячы плач, і страх, і жаночыя слёзы. Ад крываватых пачвар на ваярскіх панцырах, праўда, страх меншаў. Бо ў показках з вуснах бывалых ваяроў Алелька Мядзведжае Вушка адзін выходзіў супраць цэлай варожай дружыны – і перамагаў, зусім як у казцы. І людзі ахвотна верылі: як жа было не верыць, калі і малады парэчанскі ўладар быў замкнуты ў скляпеннях, ды яшчэ і паранены.
Але іншыя мяцежныя ўладары з парэчанскіх зямель усё яшчэ вялі свае войскі між узгоркаў пад самыя драўляныя сцены. А Лель, нягледзячы на ўсе плёткі ды байкі, усё яшчэ заставаўся самім сабой – нявопытным юнаком, які толькі-толькі навучыўся ўпраўляцца з мячом. Ён не ведаў нічога пра тое, як трэба бараніцца падчас асады, не ведаў нічога і пра майстэрства вайны, і болей за ўсё баяўся памыліцца. Бо зараз, калі да ягоных словаў прыслухоўваліся з надзвычайнай уважлівасцю, нават адна памылка магла занадта дорага каштаваць усім гэтым людзям пад барвовымі сцягамі.
Таму Лель напружана думаў – распытваючы старэйшых пра ворага, пра мясцовасць, даведваючыся патроху пра ўмацаванні ды прыпасы, пра колькасць вояў на сценах. Вырашыў распытаць і палоннага, але той адказваў неахвотна, адварочваўся, утаропіўшыся ў сырую каменную сцяну.
– Я болей не хачу нікога забіваць, – сказаў яму Лель. Той недаверліва чмыхнуў, пакасіўшыся на сваю скалечаную мечную руку.
– Але ты жывы, – адказаў на гэта Лель. – Хіба мала?
– І доўга застануся жывым? – прабурчаў палонны. Быў ён, можа, усяго на год за Леля старэйшы, на дзіва гожы нават цяпер, сінявокі і светлавалосы, і, казалі, адзіны спадчыннік багатага парэчанскага роду Сокалей. І гэты род злучанай парэчанскай дружыне даваў ці не палову ўсяго войска.
– А ты дапамажы мне пераканаць твайго бацьку, – гукнуўся Лель, і малады парэчанец акругліў на яго вочы. А Лель паўтарыў, пераконваючы:
– Болей не хачу нікога забіваць.