Хмары апускаліся ніжэй, снег сыпаў густа, укрываючы далягляд, хаваючы ад вачэй і раку, і палі, і шатры парэчанцаў на бліжнім узгорку, і дымы ад спаленых вёсак. Непагадзь была на руку: у лютую замець і самыя адчайныя не пайшлі б у атаку, рызыкуючы наляцець на сваіх жа. Непагадзь давала час на роздум – і Лель гэтай магчымасцю карыстаўся, як мог.

Парэчанскіх вояў, нават па самых сціплых падліках, было ці не ўтрая болей, а мясцовая дружына, патрапаная апошнімі баямі і стомленая, наўрад ці магла доўга вытрымаць аблогу. Частку сваіх ваяроў Ружанін бацька адаслаў на поўнач, у вызваленыя ад праклёну землі, і, хаця ганцоў скіравалі туды як хутчэй, ім патрэбны быў час, каб сабрацца разам і вярнуцца. Ды і з тых – добра, калі б набралася хаця б сотня клінкоў. А тут, за сценамі, ратаваліся бежанцы, і працяглая аблога абавязкова пагражала голадам. Варожыя штурмы ж, так ці іначай, азначалі страты сярод мірнага люду.

Таму нельга было дапускаць поўнай аблогі. Таму нельга было чакаць штурмаў.

– …але што нам тады рабіць? – спытала Ружана. Лель кусаў вусны і глядзеў на меч з халоднага жалеза. У святле ачага падавалася, быццам вастраносыя знакі на клінку ажываюць, варушацца. І думкі варушыліся ў Лелевай галаве – напружаныя, змрочныя думкі пра асады і штурмы, пра ўзброеных парэчанскіх вояў пад самымі сценамі.

– Трэба, – адказаў ён глуха, – каб яны не змаглі асадзіць нас.

Замець віравала за сценамі, засцілаючы ўсё вакол беспрасветным покрывам. Вартавыя, пастаўленыя на сценах, дарэмна ўглядаліся ў снежную каламуць, сціскалі зброю, хуталіся ў плашчы. Парэчанцы ўладкаваліся з паўднёвага ўсходу, умацаваўшыся на ўзвышшы, і, напэўна, меркавалі атакаваць адтуль, як толькі развіднее. Пробліскі вогнішчаў у парэчанскім лагеры былі ледзь заўважныя за снежным кружэннем, і тамтэйшыя вартавыя таксама марна спрабавалі нешта разгледзець у завеі.

І туды, у завею, што круцілася ў шалёным танцы, Лель пайшоў, выслізнуўшы за ўмацаванні разам з тузінам сваіх вояў. Кожны з іх меў на панцыры раз’юшанага мядзведзя – «на ўдачу» – і верыў у Леля, мусіць, болей, чым ён сам. Ружана мелася пайсці з імі – але ў Леля атрымалася яе адгаварыць.

– Калі справа не зладзіцца, – сказаў ён, хаваючы вочы, – некаму трэба будзе стрымліваць асаду.

– То… вяртайся, Мядзведжае Вушка, – мовіла яна глуха і абняла на развітанне.

Абвязаўшыся вяроўкаю, каб не згубіцца ў снежнай буры, яны ледзь не навобмацак крочылі па глыбокім снезе, кіруючыся на паўднёвы ўсход. Лель, выбіваючыся з сіл, ішоў першым, спадзеючыся, што не збіўся з дарогі і не кружляе марна, цягнучы за сабою астатніх. Але ён мог паклясціся, што можа, як бы звярыным чуццём, адрозніць у завеі пахі чалавечага і конскага поту, і дым ад вогнішчаў, і нават капусны дух сціплай поліўкі. А завея вакол іх гучала – знаёмым спевам азёрнай прошчы, і цягнуліся скрозь снягі сярэбраныя ніці, і звінелі даверліва, і вялі.

Спакваля выводзілі на адзіны правільны шлях.

Раз ці два Лелю нават падалося, быццам за снегам наперадзе ён разгледзеў калматую ваўчыную поўсць, асляпляльна белую. Але думаць пра тое не было часу: хай і ўсляпую, але яны выйшлі да ўзгорка з парэчанскім лагерам, шчасліва абмінуўшы вартавых. Агні, што са сцен падаваліся бляклымі і кволымі, разрасліся ў вялікія вогнішчы, і шатры абазначыліся за покрывам снегу – сотні шатроў з рознымі сцягамі над імі. Лель, уважліва прыглядаючыся да сцягоў ды гербаў, адаслаў паўтузіна сваіх вояў да паўднёвага боку лагера і паўтузіна – да заходняга.

З расповедаў старэйшых ён ведаў напэўна: парэчанцы – не адзінае войска, але тры зведзеныя разам дружыны ад трох розных меншых уладанняў. Тыя вырашылі аб’яднацца і разам скінуць мясцовага князя, і пакуль што надзеі іх спраўджваліся. Але, меркаваў Лель, звадкі між ворагамі заўжды на карысць іх праціўніку. Бо моцныя яны не толькі паяднанай сілай, але і сваёй згодай, сваёю еднасцю.

Думаючы так, ён, абмінуўшы чарговых вартавых, паспешліва нырнуў пад полаг аднаго з трох большых шатроў. На шчыце раскідваў крылы, зусім як на плашчы паланёнага парэчанца, белы драпежны птах – герб роду Сокалей. Трое сталых мужоў, змрочныя і заклапочаныя, падняліся са сваіх месцаў, заўважыўшы засыпанага снегам прыхадня. Схапіліся нават за зброю, адно Лель падняў рукі ў знак замірэння.

– Я… ганец, – сказаў голасна, пракаўтнуўшы шорсткі камяк у горле. Бачыў, як нядобра нахмурыліся сталыя воі, як абмяняліся яны трывожнымі паглядамі. Старэйшы з іх, з сівой барадой, коратка кіўнуў, дазваляючы гаварыць.

– Сын ваш і брат у палоне, – асцярожна пачаў Лель. – Але жывы. Застанецца жывым, абяцаў мой уладар, калі прыйдзеце з ім да паразумення.

– Нахабны падшыванец, – голасным шэптам прамармытаў нехта з парэчанцаў.

– Твой уладар? – перапытаў, хмурачыся, сівы Сокаль. – Твой уладар зараз у полі воранаў корміць. Які яшчэ ўладар, малец?..

– Алелька Мядзведжае Вушка, – паважліва азваўся Лель. – Той самы вой-чарадзей, што вызваліў край ад пачвараў і разбурыў праклён на возеры.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже