Возера, аднак, спакойна каціла хвалі, і свежы вецер крочыў па зарасніках, і белы бусел нясцерпна зыркаю плямай застыў на зеляніне.

– Мне казалі, тут быў горад, – прагаварыла, нечакана для самой сябе, Ільга. – Быццам быў – і праваліўся…

– Знік пад вадой, – падхапіў Йурай нараспеў. – І зараз там, на глеістым дне, у вусцішным зеленаватым святле пабліскваюць шпілі на гонкіх вежах, і цені рыб бязмоўна плывуць па каменнай кладцы, і доўгія стужкі водарасцей караскаюцца ў расколінах сцен.

Адно з пульхных аблокаў, мабыць, засланіла сонца, бо святло дня пацьмянела, налілося зялёным. І паветра неяк загусцела, набракла, так што лугавыя травы калыхаліся ў ім павольна і мерна, і ссохлы дубовы ліст, што неспадзеў сарваўся з магутнай галіны, падаўся залатой рыбкай.

Ільга трасянула галавой – і дзень стаў такім, якім быў.

– То гэта, значыць, усё праўда? – спытала Ільга. – Пра горад?

– Вядома, – адказаў паэт. – Пакуль у гэта вераць, дык – чыстая праўда.

Ён коратка зірнуў на Ільгу, працягнуў руку, асцярожна зняў з ейных валасоў зжаўцелы лісток. Нямоцна сціснуў у вузкай далоні, раскрыў пальцы – і да аблокаў і сонца ўзляцеў залацісты матыль. Ільга падціснула вусны і на ўсякі выпадак адсунулася.

– Дык… як жа мне дапамагчы табе, не-людзь?

– А, гэта проста, – Йурай махнуў рукою. – Будзь у маёй песні, не-князёўна.

– У тваёй песні? – Ільга перакрыжавала рукі на грудзях. Гучала, падавалася б, нястрашна, але з не-людзямі не бывае ўсё гэтак проста.

– Лепшыя гісторыі, – паблажліва патлумачыў паэт. – Пішуцца толькі тады, калі ўсё бачыў сваімі вачыма. Таму я хачу пабачыць.

– А чым ты можаш дапамагчы мне? – Ільга звузіла вочы. Йурай пругка падняўся на ногі.

– Для пачатку, чалавечае дзіця, – сказаў, цаляючы ўсмешкаю ўпрост у сэрца. – Дапамагу табе высачыць тваю пачвару.

– Жартуеш, мабыць? – Ільга зняважліва змерыла яго позіркам.

– О, толькі не зараз, – сказаў паэт. – Адно прыхапі маю лютню. І не адставай, чалавечае дзіця.

Ільга, не стрымаўшыся, засмяялася ўголас. Зусім не падобны ён быў да магутнага воя або ўмелага паляўнічага – у гэтым сваім раззалочаным строі, з пяшчотнымі рукамі музыкі.

Йурай, усё яшчэ ўсміхаючыся, зрабіў крок назад, на самую мяжу карункавага ценю – і павярнуўся вакол сябе, і стаў віхураю, і стаў – языком зыркага белага полымя. Ільга ўскрыкнула, заляпіла рот далонямі, мацней прыціснулася спінай да нагрэтай сонцам дубовай кары.

Белае полымя апала, заквітнела ззяйкімі крышталікамі інею на белай калматай поўсці. На мяжы ценю і святла стаяў, насмешліва гледзячы на Ільгу зыркімі зялёнымі вачыма, вялізны снежны воўк. Выскаліўся, павёў носам, ловячы вецер, гулліва ўзмахнуў хвастом.

– Што… – ледзь магла выціснуць Ільга, але воўк ужо стрымгалоў рушыў прэч ад узгорка, скакаў так шпарка, што, падавалася, ляцеў.

– Счакай! – крыкнула Ільга, падхопліваючыся. Падчапіла лютню і, прыціскаючы да грудзей, кінулася да пярэстай кабылкі. Тая, падобна, была не надта задаволена такім паваротам падзей, і нават некалькі разоў абурана заіржала. Ільга, не зважаючы, як хутчэй ускараскалася ў сядло, тарганула аброць, пусціла пярэстую галопам – туды, дзе ў зарасніку яшчэ бялела ваўчынае футра.

І замільгалі хмызнякі, замільгалі гонкія хвоі. Возера бліснула ў апошні раз і знікла за альхоўнікам. З-пад капытоў пярэстай пырскала ржавая ігліца, разлятаўся жоўты жвір. Ільзе займала дыханне, яна бліжэй тулілася да шыі кабылкі, шэпчучы:

– Шпарчэй!..

А белы воўк шалёна нёсся наперадзе, быццам спушчаная з лука сярэбраная страла, мінаючы частыя дрэвы, пераскокваючы карчажыны ды буралом, амаль не кранаючыся зямлі.

З бору вылецелі на заліты сонцам лугавы разлог, прапаролі дрыготкае мора пахкіх траў, збіваючы жоўтыя шапкі ранніх дзьмухаўцоў, узбіваючы ў неба светлыя лісткі канюшыны і бледную бярозку. Пырхнулі прэч з дарогі рудахвостыя курапаткі, кінуўся ўбок агністай зарніцаю ліс.

Праз кусты глогу зноў уварваліся ў лес. Вавёркі, быццам языкі агню, скакалі з галіны на галіну, захлёбваючыся, сакаталі між сабою. Крычалі, перапырхваючы над Ільгаю, усхваляваныя сарокі – ці то прарочылі, ці то сурочвалі. Зрэшты, Ільзе іх амаль што не было чуваць, так заўзята, так шалёна свісцеў у вушах вецер.

Прамінулі, ледзь заўважыўшы, адзін звонкі ручай, другі. Трэці пабег навыперадкі, кружляючы, пераскокваючы з аднаго каменнага грэбеня на другі, дзынкаючы насмешліва. Побач праходзілі звярыныя сцежкі да вадапою: некалькі разоў краем вока Ільга заўважала імклівыя цені аленяў, што разбягаліся прэч.

Пачалі трапляцца валуны. Падобныя да вялікіх старажытных жывёлін, яны паказваліся тут і там, засыпаныя ігліцай, зарослыя сырым мохам. У некаторых ямінкі на крутых спінах збіралі дажджавую ваду ды сухое вецце, і ў гэтых дробных лужынках адбіваліся кароны стромкіх хвояў ды рэдкія латкі сіняга неба.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже