Валуны большалі, заступалі шлях, таму пярэстай даводзілася як хутчэй паварочвацца між іх, знаходзіць дарогу вакол па склізкай гліністай глебе. Хваёўнік паволі змяніўся ельнікам, лес пацямнеў і спахмурнеў, цяжкія колкія яловыя лапы час ад часу драпежна хапалі Ільгу за плечы. Таму нечаканы прасвет між дрэвамі наперадзе балюча разануў па вачах. Асляплёная, Ільга заміргала, зацерла вочы кулаком і не адразу пабачыла, што белы воўк прыпыніўся.

Мудрая кабылка, аднак, заўважыла гэта самастойна – і самастойна ж стала. Мусіць, злавіла чуйкім нюхам нейкі новы, незнаёмы пах, бо занепакоена забіла капытом.

Ільга паволі спешылася, усё яшчэ прыціскаючы да сябе адной рукой паэтаву лютню.

Яны апынуліся на камяністым абрыве, з якога падала, разбіваючыся аб скальныя ўступы, гаваркая водная плынь. Далёка ўнізе плынь пашыралася, разрасталася і працінала зялёныя ўзгоркі, упарта скіроўваючыся на захад. Праваруч, за палоскамі палёў і сенажацей, за рэдкімі хатамі, што збіваліся ў пары, сінелі, зацягнутыя смугой, частыя зубцы лесу.

Над лесам – Ільга ўважліва прыгледзелася з-пад далоні – віліся ўспуджаныя птахі і падымаліся, паступова перамешваючыся з нізкімі аблокамі, шызыя іклы дыму.

– Там?.. – дрогкім голасам спытала Ільга ў ваўка. Сэрца ў яе прапусціла ўдар і сціснулася. Пакуль пачвара была далёка, пакуль ніякіх сведчанняў яе існавання не было заўважна, яна не баялася. А зараз балючая памяць жыва паднесла ёй храбусценне чалавечых касцей у ненажэрнай пашчы, і крыкі тых, што гарэлі жывымі, і лямант па пахаваных пад зруйнаванаю вежай.

Без асаблівай патрэбы Ільга праверыла страмёны. Кранулася бацькавай дзіды, паторгала з сілаю – ці добра прымацавана. Правяла пальцамі па вострым наканечніку, адчула, як метал халодзіць скуру, які ён суровы, магутны, надзейны. Пагладзіла па плячы лук – як старога таварыша, палашчыла бела-чырвонае пер’е на стрэлах у калчане.

Думала з халодным, жудасна ясным разуменнем: «Дотыкаў, пахаў, святла і ценяў, колераў, удыхаў і выдыхаў у яе, можа, хутка ўжо не будзе. Хутчэй за ўсё нават – не будзе. Ніколі. Бацька быў шматкроць лепшы, быў – вой. Але яго больш няма. А Ільзе да бацькі далёка, як да месяца. Ну што, што яна можа?»

– Трэба неяк спускацца, – сказала Ільга ваўку, не паварочваючыся, бо не хацела, каб з’едлівы паэт пабачыў яе твар. Ціхенька пацягнула носам і крадком падцерла далонню край правага вока, востра ненавідзячы сябе – за такую нікчэмную слабасць, за няздатнасць нават памерці як належыць.

– Не плач, чалавечае дзіця.

Ільга непрыязна пакасілася цераз плячо. Йурай паспеў скінуць ваўчынае футра, стаяў побач, абтрасаючы ігліцу з доўгіх вышываных рукавоў, і ад ягонай постаці між цёмных ялін разыходзілася слабое залацістае ззянне.

– Я і не плачу, – глуха сказала Ільга.

– Вядома, – рахмана пагадзіўся паэт. – Ты ж памятаеш, што я абяцаў памагчы тваёй песні?

– Але гэта ніякая не песня, – у Ільгі задрыжалі вусны. – Гэта ўсё праўда, чуеш ты, звар’яцелы не-людзь?! Праўда! І агонь праўда, і кроў, і… смерць!

Пад павекамі ў яе самі сабою ўскіпалі слёзы, ліліся па шчоках – гарачыя, балючыя. Плылі да падбароддзя, апякаючы, джалячы, зрываліся на кальчужны каўнер, бездапаможна слізгалі на грыф паэтавай лютні.

– Вядома, – мякка паўтарыў Йурай. – Гэта ўсё – праўда, Ільга. Але чаму песня не можа быць праўдай, а праўда – песняй?

Ён зноў гаварыў так, быццам усё было зразумела ад пачатку. Ільга ўсхліпнула, сутаргавата ўцягнула ротам паветра.

– І што мне рабіць? – спытала з горыччу.

– Быць у маёй песні, чалавечае дзіця, – проста адказаў Йурай. Зрабіў крок да заплаканай Ільгі, амаль бязважкім дотыкам змахнуў з яе шчакі апошнія слязінкі. Асцярожна, быццам прымаў немаўля, падхапіў з Ільзіных рук сваю лютню, правёў рукою па спеўных струнах, расквеціўшы яловую цішыню.

– Ага, толькі і ўсяго? Ці мо яшчэ што? – са змрачнаватай усмешкай пацікавілася Ільга. Слёзы ўжо не кіпелі ўнутры, замкнёныя, забітыя, схаваныя як глыбей, таму апаленая памяць болей не смылела так невыносна.

– А гэтага – досыць, – з непахіснай упэўненасцю адгукнуўся паэт. Усміхнуўся востра, выскаліўшыся амаль па-воўчы, задзірліва і жыццярадасна.

І Ільга зноў, нечакана для сябе самой, нават насуперак уласнай волі, насуперак уласным бязрадасным прадчуванням, насуперак усяму на свеце яму паверыла. Упрост не змагла гэтай яснай усмешцы і светлым вачам не паверыць.

Можа быць, гэтага сапраўды было – досыць.

Над левым плячом у Йурая загарэўся кволы зеленаваты агеньчык. Задзынкаў ціха, павольна плаваючы ў паветры ўверх-уніз, абсыпаў бляклым святлом цёмныя яліны, нейк выхапіўшы з ляснога паўзмроку ўсё да апошняй галінкі, да апошняга каменя ці кораня на сухой зямлі. Браты гэтага агеньчыка, такія ж халодныя, запаліліся, задзынкалі, перагукаючыся, паплылі далей, пазначаючы сцежку.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже