– Пакуль што, – напаўголаса прагаварыў Йурай. Глядзеў на ахоплены навальніцай цмокаў лес – і як быццам скрозь яго, скрозь далягляд, скрозь прашытае навальнічнымі іголкамі неба. Ільзе стала ніякавата, і чамусь ад чужога суму сціснулася сэрца.
Колькі часу ішлі моўчкі. Далёкія грымоты падкатваліся бліжэй, хмара насоўвалася на луг, на поле, на іх дваіх з няўхільнасцю кону.
– Але ён спаліў мой горад, – сказала Ільга, нібы апраўдваючыся. – І забіў, і скалечыў столькі людзей.
– Гэта праўда, – пагадзіўся Йурай. – А калі яго не спыніць, заб’е і скалечыць яшчэ болей. А гэта, вядома, значыць…
– Што ў мяне няма выбару, – Ільга цяжка ўздыхнула. Ізноў паўставала пытанне, з якога яна пачала ўсю гэтую размову і ад невырашальнасці якога ламіла скроні. Ільга закусіла вусны, наморшчыла лоб, спрабуючы знайсці ў галаве хоць нейкую слушную думку.
Але там было ўпрост абразліва пуста.
Йурай, скоса паглядаючы на яе грымасы, урэшце адтаяў, засмяяўся. І загаварыў.
– Не так і даўно такіх, крылатых, было куды болей. У цёплых сырых пячорах у самых нетрах Пушчы яны ладзілі свае гнёзды, грэлі магутныя целы на залітых сонцам скалах. Яны – дзеці глыбіннага агню ў палкім сэрцы зямлі, таму холад скоўвае іх, прыпыняе кіпучую кроў, змушае дранцвець, засынаць. Амярцвелыя ад холаду цмокі могуць спаць стагоддзямі.
Яны растуць, колькі жывуць. Трохі большыя за зайца, калі вылупляюцца, слабыя, голыя, яны паступова набіраюць вагу, абрастаюць вострымі касцянымі грабянямі, апранаюцца ва ўбор з залатой лускі, быццам у баявы панцыр. І, колькі жывуць, цмокі спяваюць, размаўляюць амаль салаўіным пошчакам, перасвістваюцца – маці з дзецьмі, самка з самцом.
У сваёй любові да бліскучых рэчаў яны падобныя да сарок: так і цягнуць у гнёзды штось ззяйкае, штось залатое. У шлюбную пару́ самкі, абіраючы самцоў пад па́ру, найперш прыглядаюцца: ці добра складзена гняздо, ці ўтульна там, ці блішчыць як належыць.
Палююць звычайна падалей ад уласнага логавішча, як тыя ж ваўкі, і вышукваюць здабычу на адлегласці недзе ў дзень лёту. Наеўшыся, адпачываюць прыблізна з тыдзень, спяць у гняздзе або прыхарошваюцца – чысцяць крылы, точаць кіпцюры аб каменне, аб дрэвы.
– Рэдкія, бач ты, чысцёхі.
Йурай сказаў гэта з дабрадушнаю ўсмешкай. Ільга амаль абурылася ягоным замілаваннем, а пасля жыва ўявіла: вось цмок пакруціўся па-сабачы ў сваім гняздзе, натаптаў ямінку, уладкаваўся і, выкруціўшы доўгую шыю, з заўзятасцю абкусвае касцяныя грабяні на спіне.
І сама не стрымалася – усміхнулася.
– Вывадкі ў цмокаў вялікія, але да года, калі піскляты ўжо становяцца памерам з дарослага аленя, дажываюць адзін-два з кладкі. Бацькі да іх прывязваюцца, даглядаюць старанна, кормяць, напераменку прыцягваючы ў гняздо ўпаляваных кабаноў ды казуляў. Таму ад цмокава гнязда з малечай зазвычай востра цягне тхлінаю, не памылішся. Калі малыя вырастаюць яшчэ ўдвая і канчаткова становяцца на крыло, то пакідаюць логавішча, лятуць прэч, каб самім шукаюць сабе харч і схоў. Такія падлеткі часта збіваюцца ў зграі па пяць-шэсць галоваў, палююць разам, разам адпачываюць. Праз пэўны час пачынаюць дзяліцца на пары, якія зазвычай захоўваюцца праз усё жыццё, і выводзяць уласных дзяцей.
Чуць усё гэта было дзіўнавата. Не таму нават, што ніхто з людзей нічога такога – Ільга была цвёрда пераканана – і не ведаў. Дзіўна было тое, што тая жудасная вогненная бура на кажановых крылах, якая так ярка помнілася, так балюча джаліла памяць, раптам стала жывой істотай. Звыклым дзікім зверам, з плоці ды крыві, быццам тыя, якіх вучыў высочваць бацька.
– Калісь на цмокаў паляваў Княжы Двор, – Йурай паважліва крануўся змяінай фібулы на сэрцы. – Збольшага на крыважэрных бадзяг, якія не ў час ачомаліся са спячкі, або на ашалелых выгнаннікаў са зграі.
Паэт памаўчаў і, кашлянуўшы, дадаў, што, можа, Двор і зараз з ахвотаю паляваў бы, але саміх цмокаў амаль не засталося.
– І як жа палявалі? – жыва ўдакладніла Ільга. – Мо і мне гэтак паспрабаваць?
– Для пачатку, – адгукнуўся Йурай насмешліва. – Табе патрэбна будзе з паўтузіна ўзброеных княжых паляўнічых і ўдвая болей хартоў.
«Упрост цудоўна, – сказала сама сабе Ільга, паціраючы лоб у роздуме. – Патрэбна, значыцца, шасцёра вояў з не-людзей ды па двое не-людскіх сабак на кожнага. А ў яе распараджэнні толькі адзін на рэдкасць самазадаволены не-людзь, і той паэт, ды пярэстая кабылка.
Зрэшты, ёсць яшчэ верная бацькава дзіда, ды лук, ды ўмелыя рукі. Калі цмок – усяго толькі звер, хай сабе вялікі ды небяспечны, значыць, яго можна адолець. Не сілай – дык хітрасцю».
– Счакай, – Йурай прыпыніўся. – Глядзі, унь туды.
Ільга зірнула, куды ён паказваў. За жытнім полем, на самым ускрайку лугу бялелі раскінутыя шатры. Хвасты дымоў ад вогнішчаў слаліся нізка, прыбітыя сырым ветрам, блізкаю навальніцай. Чуваць было прыглушаныя чалавечыя галасы, бразгат металу ды конскае ржанне. Пярэстая, пачуўшы сваю радню, застрыгла вострымі вушамі, гукнулася тоненька, радасна.
– Цікава, хто б гэта мог быць? – прагаварыла Ільга занепакоена.