У апошнім нахлусіла: насамрэч было дужа страшна. Ад аднаго ўспаміну пра жудасныя іглы інею, што насцігалі, што няўхільна паўзлі за ёю, Ільгу прабірала дрыготка. Бацькавы показкі пра Дзікі Гон і жорсткага Белага Князя таксама не давалі спакою. Але Ільга падціснула вусны, ускінула падбароддзе і дала сабе слова быць нязломнай. Пакуль што сваю нязломнасць яна выкарыстоўвала для таго, каб намацваць босаю пяткаю абутак, не выглядаючы пры гэтым зусім ужо нікчэмнай.

Атрымлівалася – гэта Ільга адчувала вельмі востра – не надта.

– Вось яно што, – адазваўся цень насмешліва. – А ты ўпартая, птушачка, так?

Цень пранізліва паглядзеў на Ільгу цераз плячо, і на нейкі момант падалося, быццам вочы ў гаспадыні гэтай цеснай хацінкі няярка свецяцца зялёным, зусім як у яе коткі. Ільга праміргалася – і ўсё прапала.

– Тады слухай мяне, птушачка. Чары, што прапелі такім чынам, чары памяці, хітра ўплеценыя ў жывога чалавека, так проста не зняць, не разбіць, не вывернуць. Хіба што дазнацца імя таго, хто тыя чары навёў, – тады любому нагавору канец. – І ты, птушачка, зноў успомніш усё тое, чаго табе так бракуе. Ты ж гэтага хочаш?

Ільга ўспомніла пра два гады з фальшывымі ўспамінамі, з несапраўдным мінулым, якое спарадзіла такую ж несапраўдную сучаснасць і не менш ілжывую будучыню. Успомніла, як упершыню адчула прагалы ў памяці і горкую пустку ў сэрцы, як усвядоміла сябе на ўскрайку бездані, якой да таго легкадумна не заўважала, надзейна спавітая чужой выдумкай, бяспечна схаваная ад усяго – у тым ліку і ад сапраўднай сябе. І адказала рашуча і цвёрда:

– Так. Болей за ўсё на свеце.

І зноў ёй падалося, быццам цень ля ачага ўсміхаецца.

– Але ўлічы, – працягвала гаспадыня. – Як толькі ты згадаеш гэтае імя, як толькі канчаткова зломіш чары, абароны перад Дзікім Гонам у цябе болей не будзе. Ты гэта разумееш, птушачка?

Ад гэтых слоў Ільга сутаргавата павяла плячыма – і тут жа нахмурылася, і сціснула кулакі.

– Разумею, разумею! – азвалася яна злосна. – Толькі адкуль мне даведацца імя?

Цень паціснуў плячыма і адказаў бязлітасна:

– Успомні.

– Як, па-твойму, можна ўспомніць тое, чаго не памятаеш? – Ільга ўдарыла кулаком па аўчынах, што былі ёй за пасцель.

– Як можна помніць тое, чаго не было? – у тон ёй азваўся цень. – Або не памятаць таго, што забываць нельга?

Ільга прыціхла, прысаромленая, апусціла галаву.

– Ува ўсіх імёнаў ёсць свая сіла, – сказаў цень мякчэй. – Скажам, у тваім, мая птушачка, – і голас адлігі, і палётнасць івалгі.

У апошніх словах – дзяўчына адчула іх не слыхам нават, а як бы ўсім целам – перакочвалася далёкае рэха, быццам нехта паклікаў яе па імені здалёк і здавён, быццам хтосьці вызначыў аснову яе істоты, вызначыў і акрэсліў праўдзівую сутнасць.

– Назаві імя – і парвецца ланцуг з шуму кашэчых крокаў, каранёў гор ды дыхання рыб. Назаві імя – і зломяцца чары. Назаві імя. Толькі і ўсяго, птушачка.

Цень асцярожна зачарпнуў гліняным кубкам у адным з гаршкоў і, па-кашэчы бязгучна наблізіўшыся, працягнуў напой Ільзе. Ад кубка падымалася белая пара, якая несла лёгкі водар шалфею, мёду ды мяты, а на паліваных баках пасудзіны спуджана дрыжалі барвовыя водбліскі ад агню – быццам мудрагелісты ўзор, які штохвіліны змяняўся, перайначваўся.

– Выпі, птушачка, выпі, – запрасіў цень. Ільга прыняла ад гаспадыні цяжкі кубак, абхапіла абедзвюма далонямі, саграваючы рукі, зачаравана сачыла, як падымаецца ад пітва, звіваючыся змяінымі колцамі, бязважкая пара.

– Той, што носіць мядзведзя на шчыце, – цень кіўнуў на нізкія дзверы. – Ён завязе цябе назад у іхні замак, замкне на ўсе замкі, варту паставіць, птушачка. Але не бойся, толькі глядзі ўважліва, уважліва слухай. І ўспамінай.

Цень зноў пагладзіў Ільгу па галаве і дадаў паўшэптам, быццам бы і зусім не для Ільзіных вушэй, што бяда тут не толькі – і не столькі – у тым, што птушачка не можа ўспомніць. Бяда ў тым, што той, другі, не можа забыць. А варта забыць, о, варта было б – бо тады не было б зачэпак для Гону, бо тады схованка была б надзейная, адвечная, назаўжды. Княжы замак – як замок са страчаным ключом.

Ледзьве прыслухоўваючыся да гэтага мармытання, Ільга прыгубіла напой – і задыхнулася горыччу, якая апякла горла. Нарэшце, перасіліла-такі сябе, пракаўтнула ўсё цалкам, зморшчыўшыся і затрымаўшы дыханне.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже