– Добры… вечар, – выціснула яна змушана. Не чакала знайсці яго тут, ды і, па праўдзе, спадзявалася ўвогуле не ўбачыць.

– Добрай раніцы, – змрочна выправіў Алізар, пацягнуўшы носам, і гучна чхнуў: мабыць, тырчаў тут не першую гадзіну. Ільга нахмурылася.

– Ты што, мяне пільнуеш?

Княжыч паціснуў плячыма. А што ж рабіць, калі не пільнаваць? Ён, Алізар, вечарам выдатна чуў, як дзяўчына размаўляе ў сне – пра сонцаварот, пра нейкую гару, пра тое, што абавязкова прыйдзе ды ўратуе.

– А цябе саму хто будзе ратаваць?

– Мяне ратаваць не трэба, – адрэзала Ільга. Алізар толькі чмыхнуў. Вядома, не трэба. Бо гэта ж зусім не Ільгу дзядзька Тамаш змушаны быў завезці да жудаснай лясной ведзьмы, якая напляла яму пра Дзікі Гон, што на яе палюе, ды іншыя страхі. Бо гэта не да Ільгі з горада прыходзіў лекар, бо гэта не Ільга трызніла ваўкамі ды поўнямі.

– А цяпер збягаеш досвіткам, крадком, не развітаўшыся, ані слова не сказаўшы!

Дзяўчына пачырванела. Абураны княжыч меў рацыю: апошняя справа сыходзіць вось так, асабліва з дому, дзе былі ёй рады, дзе жыла два гады як свая.

– Даруй, калі ласка, – папрасіла няўпэўнена. – Проста часу так мала. А мне трэба паспець. Іначай…

Яна замаўчала. Не ведала, што будзе, калі раптам не паспее, ды і не хацела ведаць.

Алізар трасянуў цёмнымі кудзерамі, звузіў вочы.

– І куды, вось цікава? За кім паспець?

– Я не памятаю, – адказала Ільга. – Але мушу ўспомніць. Абавязкова.

Княжыч надзьмуўся і стаў дужа падобны да Дубыніча, калі той сердаваў. Канечне, мілая справа. Яна, бач ты, нават не памятае, а бяжыць з усіх ног, кідае ўсё і ўсіх і назад не аглядаецца.

– Мілая справа! – з сэрцам паўтарыў Алізар. І ўздыхнуў цяжка, глыбока, гледзячы сабе пад ногі. Ці то Ільзе падалося, ці то сапраўды ў руцэ княжыча мільганула, лёгка дакрануўшыся вачэй, насоўка.

– Даруй, – зноў папрасіла Ільга. Алізар коратка зірнуў на яе, быццам напружана чакаючы яшчэ нейкіх слоў, але так і не дачакаўся, і ўвесь як бы апусціўся, ачах, і горка ўсміхнуўся.

– Ладна, – сказаў. – Чаго там. Хадзем.

Падабраў свой ліхтар, увайшоў у стайню і махнуў Ільзе рукой, каб рушыла следам. Паўз стойлы з княжымі коньмі ішлі моўчкі. Яна глядзела на Алізаравы цёмныя віхры і міжволі задумалася, як усё склалася б, калі б яна так нічога і не ўспомніла, калі б не зазірнула ў ледзяную бездань памяці. І амаль адразу ж матанула галавой, скідваючы з сябе непатрэбны роздум: нашто думаць пра нязбытнае? І так занадта доўга глядзела на свет праз зманлівае каляровае шкло чужой выдумкі, занадта доўга – хай і незнарок – падманвала і другіх, і сябе.

Пярэстая, жвавая і бадзёрая, стаяла ўжо асядланай, з прымацаванымі дарожнымі кайстрамі, нават са скруткам плашча і пляшкаю са свежай вадой. Да сядла быў прытарочаны і Ільзін лук, а побач вытыркаўся калчан з вугеркаўскімі стрэламі. Яна правяла рукою пра іх пругкім чорным апярэнні, папляскала пярэстую па крупе і, прыўзняўшы бровы, з непрыхаваным захапленнем зірнула на Алізара. Той развёў рукамі.

– Цябе ж не пераўпарціць, – сказаў, адводзячы вочы. – Думаеш, не ведаю? Калі ўжо ты вырашыла, у галаву сабе нешта ўбіла, значыць, усё роўна збяжыш… з’едзеш, то бок, за сваім гэтым… як яго там?

Княжыч асёкся – Ільга абняла яго, парывіста і моцна. І тут жа адпусціла, усміхаючыся так радасна, што нават бледная Алізарава ўсмешка трохі паярчэла.

– Хай у цябе ўсё атрымаецца, – мовіў княжыч, кашлянуўшы. – І хай гэты… хай лепей ён таксама цябе… іначай…

Ён шматзначна насупіўся, падціснуўшы вусны. Ільга толькі адмахнулася.

– Гэта іншае, – сказала вельмі сур’ёзна. – Не выдумляй.

– Вядома, вядома, – насмешліва адгукнуўся Алізар, і ясна было, што не верыў ні на дробачку. Ільга не стала губляць час на спрэчкі, павяла пярэстую на двор, і княжыч, несучы за ёю ліхтар, крочыў павольна, неахвотна, як па прымусу.

– А можа, усё-такі… – прамармытаў.

Ільга пытальна глянула на яго цераз плячо, але Алізар пахітаў галавой і не стаў працягваць.

З-за замковага ўзгорка відно было, як за ціхімі палямі, за частаколам цёмнай пушчы пяшчотна ружавее неба на ўсходзе – адтуль ішоў, несучы святло, новы дзень. І недзе там, бліжэй да світання, выгінала хрыбет Вараціш-гара. Ільга бачыла яе, заплюшчваючы вочы: зарослыя глогам схілы, вяршыню ў кароне з камянёў.

Не вагаючыся, яна ўскочыла ў сядло, нацягнула павады. Пярэстая, адчуваючы рашучасць гаспадыні, хвацка стала на дыбкі, заіржала тоненька і радасна. Алізар, з на дзіва засяроджаным тварам, задзьмуў свечку ў ліхтары: зараз, у ранішнім святле, што ўсё болей разгаралася, яна падавалася бледнай, бяссільнай. Ільга махнула княжычу рукой і пусціла пярэстую галопам.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже