Воўк пакруціў галавой – ці то не верыў, ці то не хацеў, каб яна прыходзіла. І ад гэтай зняверанасці ў ёй было куды больш балюча, чым ад атрутных іглаў інею, што ажывалі ля сэрца.

– Я прыйду, – цвёрда паўтарыла Ільга, як закляцце.

Зямля загула і задрыжала, зашапталіся ўстрывожаныя травы, а ўдалечыні запелі сярэбраныя рагі. Паўз іх дваіх – і праз іх, быццам яны былі ценямі, зданямі, ранішнім туманом, – з поклічамі і смехам, з абрыўкамі песень пранеслася, як зімовая бура, кавалькада. Вершнікі, зухаватыя рыцары і прыўкрасныя панны, усе прыбраныя пекна, у дарагія тканіны ды каштоўныя камяні, падобныя да кропель расы, рушылі да каменнага кола. Сярэбрана звінелі падковы белых, як снег, коней, на вупражы паблісквалі залатыя спражкі ды дробныя званочкі. Заварожаная Ільга, круцячы галавою, мяльком бачыла прыгожыя твары, сакалоў на даўгіх пальчатках, водбліскі месяцовага святла на блішчастых панцырах і шаломах, зіхатлівую вышыўку на плашчах і сукнях, залатыя зоркі шпораў. Усё ў віхуры, усё ў стракатым мільгаценні, у аглушальным гомане.

Вершнікі, імклівыя і шумныя, прамільгнулі і зніклі ў коле камянёў, быццам і не з’яўляліся. У яе сне зноў быў толькі ціхі цёмны луг, маўклівая поўня над ім ды яшчэ Ільга – адна.

Колькі часу яна плавала ў пустэчы і адзіноце, болей без колераў і вобразаў. Чула, не прачынаючыся, як яе ціха клічуць па імені, як вакол ходзяць і гавораць людзі, як хтось асцярожна кранае за руку. І зноў было ціха і цёмна. А пасля, рэзка, рыўком яна прачнулася, як бы вынырнула са свайго здранцвення. Адчула шчакою непрыемны халадок – падушка была мокраю ад слёз – і села, абняўшы рукамі калені. Разважала пра сябе, нахмурыўшыся, ці трэба ратаваць, калі ад цябе паратунку не жадаюць або папросту не вераць у тваю здатнасць той паратунак прынесці. Мабыць, разважаючы так, Ільга раз’ятрыла б сваю рану яшчэ болей і захлынулася б горыччу, але яе выратаваў голад. Цяжкавата доўга песціць крыўду, калі настойліва падае голас пусты страўнік.

Ільга перарывіста ўздыхнула, працерла вочы кулаком. Побач з ложкам у цяжкім падсвечніку сплывала васковымі слязьмі свечка, пракрэсліваючы па падлозе зыбкае кола святла. У крэсле, прыхінуўшыся да сцяны, мірна пасопвала служка – тая круглая, румяная і гаваркая, якой так падабаўся Дубыніч. Служцы, мабыць, загадалі прынесці паднос з вячэрай, але Ільга ўсё ніяк не прачыналася. Паднос служка прыладзіла на нізкім століку пад вокнамі. На падносе стыла смажаніна, барвовела віно ў графіне. Сама ж служка прымасцілася побач і, напэўна, не заўважыла, як паснула. Ільга, ступаючы як цішэй, каб не пабудзіць стомленую дзяўчыну, ухапіла з талерак трохі хлеба ды сыру, прысела ўпрост на дыване, скрыжаваўшы ногі.

Жавала і думала, ужо без непатрэбнай пакутлівай роспачы, цвяроза і разважна: як бы там ні было, шлях ёй зараз, напярэдадні сонцавароту, адзін – да Вараціш-гары. Той, хто дапамагаў і ратаваў яе ўвесь гэты час, сам, па ўсім відаць, патрапіў у бяду. І як жыць, калі нават не паспрабаваць усё наладзіць, калі не адказаць на дабро дабром? Да таго ж у Ільгі ўсё яшчэ заставалася адчуванне, што пэўным чынам ува ўсім гэтым вінаватая менавіта яна, што тады, два доўгія гады забыцця таму, яна ці то сказала, ці то зрабіла тое, чаго рабіць і казаць было нельга. А калі так, значыць, ёй усё і выпраўляць, ёй самой і адказваць за ўсё, а не камусьці іншаму.

Яна выпрасталася, абтрэсла з рук крошкі. Стараючыся не шумець, наспех умылася над умывальным тазам і старанна, хаця і таропка прычасалася, зноў прыбраўшы валасы ў касу. Косячы вачыма на служку, якая салодка цмокала вуснамі, не прачынаючыся, стала апранацца. Старое адзенне, што Ільга выбрала для палявання, ужо, на шчасце, пачысцілі ды вярнулі ў куфар, а вось старога бацькава лука анідзе не было. Ільга праглынула лаянку: атрымлівалася, што ідзе бяззбройнай, зусім безабароннай. Праўда, калі задумацца, лук ды стрэлы наўрад ці дапамогуць супраць чараў. А чары там, на Вараціш-гары, былі, у гэтым Ільга нават і не сумнявалася.

– Не баюся, – шапнула дзяўчына. І сама ў гэта амаль паверыла.

Дзверы аказаліся замкнёныя на замок. Ільга, ступаючы ціхутка, каб не зарыпелі масніцы, асцярожна зняла ключ з пояса служкі. Замок шчоўкнуў, здаўшыся, і Ільга выйшла са спальні, акуратна прыкрыўшы за сабою дзверы, пакінуўшы ключ у замку. За дзвярыма ў вузенькім калідоры, уссеўшы на хісткі табурэт, завярнуўшыся ў плашч і ўпёршыся падэшвамі ў процілеглую сцяну, з прысвістам хроп Тамаш. Загадаў, мабыць, служцы замкнуцца знутры і сам сеў вартаваць. Ільга ўсміхнулася, накінула на княжага брата барвовы плашч, які ўжо пачынаў спаўзаць, і акуратна пераступіла цераз доўгія яго ногі.

Па пустых ціхіх калідорах, па поўных скразнякоў пераходах ды лесвіцах, час ад часу хаваючыся ў ценю ад рэдкіх вартавых, спусцілася ў замковы двор. Перадсвітальны халадок прымусіў яе сцепануцца, пакуль бегла, прыгінаючыся, да стайняў. Узялася за клямку – і адхіснулася, акругліўшы вочы: сцяну стайні падпіраў, паставіўшы на зямлю ліхтар, досыць азяблы княжыч.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже