Яна не змагла б сказаць, колькі прайшло часу вось так, у змаганні з цішынёй, але ў адно імгненне быццам пераступіла мяжу: не стала ні скалечаных дрэў, ні буралому, ні калючых ссохлых ажын, што перакрывалі шлях. Пад рыжай ігліцай праглядвалі сцёртыя ад часу каменныя пліты – абазначаная пакручастую сцяжыну. Ільга пайшла па белых камянях, якія яшчэ захоўвалі сляды апрацоўкі. Сям-там нават можна было згледзець лініі выразанага ў камені малюнка, лініі, што складваліся то ў фігурку нябачанага звера, то ў пялёсткі дзівоснай кветкі. Па баках сцежкі, глыбей у лес, бялелі стаячыя камяні – меншыя памерам з ягня, большыя – з мядзведзя. Засыпаныя друзам ды ігліцай, стаялі сярод дрэваў велічна, паважна, неслі на сабе і малюнкі, і дзіўныя знакі. Ільга, не збаўляючы ходу, бачыла іх мімаходзь, асабліва не прыглядалася, і толькі мацней сціскала аброць у кулаку, калі краем вока заўважала імклівы рух. Азірнешся – і ўсё, вядома, ціха: камяні стаяць нерухомыя, застылыя, а між хвояў мірна ўецца, расплываецца і знікае за кустоўем выкладзеная белымі плітамі сцежка. Рушыш наперад, стараючыся глядзець адно перад сабой, а спінаю адчуеш уважлівыя позіркі, што неадрыўна сочаць за чужаніцай.
Трэба было не зважаць, не паказваць сваёй боязі і не прыпыняцца. Ільга крочыла, ашчадна перабіраючы тыя нітачкі ўспамінаў, што прывялі яе сюды. Думала пра яблык, які патыхаў мёдам, пра музыку, спавітую з чарамі, пра светлае возера, над якім такая музыка калісьці гучала. Ад аднаго ўспаміну, аднаго ценю той музыкі на сэрцы станавілася лягчэй, і цяжар стомленасці быў не такім ужо невыносным. Зараз памятала: на дно возера быццам бы калісьці апусціўся цэлы горад – прынамсі, так расказвалі ёй мясцовыя. А пасля, калі яна, некалькі гадзін пакружляўшы па бездарожжы, выйшла на светлы пясчаны бераг, загучала музыка. Казка, дзякуючы песні, стала праўдай, хаця і ненадоўга, а зжоўклы дубовы лісток нехта зняў з Ільзіных валасоў – і той паляцеў жывым матылём.
Ільга амаль адчула цеплыню таго майскага дня на сваёй скуры і незаўважна для сябе ўсміхнулася. І ахнула: дрэвы наперадзе расступіліся нечакана, нібыта нехта адчыніў перад ёю дзверы. Сонца паволі хілілася да захаду і ўжо датыкалася цёмных вершалін хвояў. А вакол раскінуўся вялікім колам луг, і ў цэнтры паўставала, кідаючы густы халаднаваты цень, Вараціш-гара, і белыя клыкі камянёў праціналі неба.
Па кволай першай траве, пераскокваючы цераз люстраныя неглыбокія лужыны, у якіх купаліся пульхныя аблокі, Ільга падышла да пагорка і стала падымацца вышэй, разводзячы пругкія галіны глогу, спатыкаючыся і аслізгваючыся ледзь не на кожным кроку. Сонца рухалася з ёю навыперадкі, павольна закочваючыся за край лесу, туды, дзе за пушчай, палямі і рэкамі ляжала мірная Вугерка. Ільга, аднак, не здавалася, і ўзнялася-такі на вяршыню, калі белыя клыкі камянёў пафарбавала барваю агністага захаду. Толькі тут дазволіла сабе аддыхацца, ацерці потны лоб. Пераводзячы дыханне, сагнулася напалам, упёршыся далонямі ў калені, і зразумела, як дрыжаць і падгінаюцца ў яе ногі. Ільга адсаплася, паліла вады з пляшкі сабе на рукі, пляснула ў твар, каб узбадзёрыцца. Пярэстая заўважна хвалявалася, храпла, касіла на камяні вялікім трывожным вокам з доўгімі дзявочымі вейкамі. Ільга абняла кабылку за шыю, зашаптала супакойліва, ласкава:
– Пацярпі, мілая, пацярпі. Усё зладзіцца.
Кабылка толькі ўздыхнула: не паверыла.
А камяні, мусіць, і праўда былі няпростыя: з выразанымі няўцямнымі значкамі, з выгінастымі лініямі ці то каранёў, ці то агромністых целаў. Пачвары абкручваліся адна аб другую, заціскалі ўласныя хвасты ў зубастых пашчах. На галовах неслі вянцы кшталту княскіх, а яшчэ за спінамі ў некаторых намечаныя былі ці то плашчы, ці то крылы. Ільга правяла рукою па цёплай шурпатай спіне аднаго каменя – быццам пагладзіла ашчэранага цмока. Незразумелыя значкі, шчодра рассыпаныя ў камені, сыходзіліся разам і заключалі пачвар у кола, а то і проста скакалі па гарбатых спінах, абсыпаных лускай.
Ільга села на зямлю, прысланіўшыся да аднаго з камянёў. Глядзела паўзверх пушчы ў маўклівай даліне на бярозавы краж, які ясна пракрэсліваўся зараз на фоне барвовага неба. Пярэстая, памахваючы хвастом, пасвілася непадалёк, трохі спусціўшыся па схіле: скусвала кволыя парасткі першай травы ды прынюхвалася да кустоў глогу.
«Трэба толькі ўспомніць імя, – думала Ільга, – усяго толькі ўспомніць. Так жа казала ведзьма? Трэба звярнуцца па імені, каб рассыпаліся чары. Знікнуць чары – вернецца памяць, уся, да рэшты. А тады стане зразумела, што яна зрабіла не так, у чым яе правіна. Тады можна будзе яе выправіць. Можна будзе дапамагчы».