Дарога мякка слалася пад капыты кабылцы, адзывалася спачатку каменным грукатам брукаванкі, пасля – мяккім звонам утрамбаванай зямлі або ціхім шэптам сырога пяску. На раздарожжы за Вугерай Ільга павярнула на ўсход, кіруючыся тым унутраным адчуваннем напрамку, якое, напэўна, водзіць у нябёсах пералётных птушак. Паварочваючы, яна, праўда, не змагла ўтрымацца, азірнулася на Вугерку – ранішнюю, шумлівую. Стракацелі стрэхі, з комінаў кашэчымі хвастамі падымаўся дым, а далей на пагорку ў ранішнім марыве ўзвышаўся княжы замак – надзейныя сцены, стромкія вежы, пунсовыя сцягі, якімі гуляўся ранішні вецер.

– Ну, – сказала Ільга пярэстай, нацягваючы павады. – Руш!

З вёсак да горада паўзлі вазы з таварамі, паважныя пажылыя гаспадары мерна ступалі побач з валамі, зазвычай смокчучы люльку. На Ільгу, што стрымгалоў імчала прэч ад горада, яны амаль не глядзелі: ім да яе не было справы. Зацікавіліся пярэстай і яе вершніцай хіба што колькі сабак з прыдарожных селішчаў – і сустрэлі хрыплым браханнем, але і тое хутчэй дзеля абавязку, чым па ўласным жаданні. Ільга пераехала драўляны мост цераз адзін з прытокаў Вугеры – нешырокую ленаватую раку, усю густа зарослую альхоўнікам. З моста відаць было рыбацкія лодкі, раскіданыя тут і там. З вады цягнулі сеткі, у якіх серабрыста паблісквала ў ранішнім сонцы рыбная луска.

За палямі і палеткамі Вугеркі, за вёскамі і садамі пайшлі мясціны дзікія, яшчэ не кранутыя, не перайначаныя чалавекам. Тут панавала, буяючы, пушча – не такія старадаўнія цёмныя нетры, як на поўначы, дзе любіў паляваць Дубыніч, але таксама густы магутны лес. Бялелі паўпразрыстыя, як бы падвешаныя ў паветры бярозавыя гаі, распраўлялі магутныя плечы дубровы з частымі тоненькімі парасткамі маладняку. З высокіх ясеняў дажджом сыпаліся на прасёлак мінулагоднія крылаткі.

Дзесь пасля апоўдня Ільга прыпынілася ля дарогі, каб адпачыць самой і даць спачын кабылцы. Сама супакоіцца, прысесці ці падрамаць так і не змагла: крочыла па абочыне туды-сюды, паглядала на сонца, прыкідваючы, колькі яшчэ часу можа заняць дарога. Пярэстая, быццам усё разумеючы, урэшце баданула яе галавою, як бы прапануючы працягваць падарожжа.

Прасёлкі, звілістыя, часта амаль заглохлыя, зноў прывялі да ціхага прытока Вугеры. У гэты раз ані моста, ані кладкі не было, так што Ільга, якой вады было па пояс, пераводзіла пярэстую ўброд па камяністым дне, угаворваючы, цягнучы за сабой. Кабылка хвалявалася, фыркала, матала галавою, але ішла – з выглядам самым пакутніцкім.

Другі бераг, зарослы бярэзнікам, падымаўся ўверх вышэй за іншыя пагоркі. Узышоўшы на гэты пакаты краж, вярсты за тры ад сябе Ільга нарэшце згледзела Вараціш-гару – узгорак узнімаўся над навакольным лесам, і белыя стаячыя камяні на вяршыні бачыліся выразна. Ільга з палёгкаю выдыхнула: частка яе дасюль не была ўпэўнена, што палёт на крылах івалгі не быў проста дзіўнаватым сном. Яе працяла прахалодным ветрам, і толькі зараз яна раптам адчула, наколькі стамілася, не толькі целам, але і душою.

Часу раздумваць ды адпачываць, праўда, не было: мусіла быць на Вараціш-гары да таго, як прыпадзе цемра, іначай можна доўга блукаць па лесе – густым, незнаёмым, аддаленым ад чалавечага жытла.

Трымаючы пярэстую за аброць, Ільга стала спускацца ў лясную даліну. Вараціш-гара знікла з вачэй, засланёная меднымі стваламі хвояў. У вершалінах, далёка ад зямлі, там, дзе зялёныя іглы залаціла сонечнае святло, цяжка ўздыхаў вецер, голле павольна пагойдвалася з сухім рыпеннем. Чым далей, тым болей вычварнымі рабіліся дрэвы: з ляснога паўзмроку выплывалі насустрач Ільзе гарбатыя, ніцыя, перакошаныя на адзін бок, нібы пераламаныя хворыя вырадкі. Сонечныя промні сюды, на дно вялікай і круглай, як блюда, даліны, даходзілі скупа, і маладыя дрэўцы спачатку выкручваліся, крывіліся, спрабуючы злавіць хоць трохі сонца. А пасля застывалі, касцянелі, падобныя да шматгаловых цмокаў, густа аблепленыя мхамі, што выцягвалі з іх апошнія сілы.

Сухія зараснікі чапляліся за адзенне, валасы, а выродлівыя, перакручаныя дрэвы, быццам наўмысна, заступалі дарогу. Сырое, напоенае вільгаццю паветра глушыла крокі, абляпляла твар – ледзь уздыхнуць. Рэшткі святла, што даходзілі сюды, затрыманыя цесна сплеценымі ўвышыні галінамі, мелі зеленаватае адзенне, як вада ў лясной рэчцы. Ад злавеснай цішыні, што разлівалася вакол, густой і вязкай, закладвала вушы. Ільзе падавалася, быццам і ідзе яна пад вадой, па самым дне – цяжка, з высілкам перастаўляючы ногі, задыхаючыся, пераадольваючы мяккае супраціўленне хваляў. Пробліскі сонечнага дня ўвышыні, там, дзе ўтвараліся прарэхі ў перапляценні кронаў, толькі ўзмацнялі гэта падабенства: Ільга як бы глядзела на неба скрозь тоўшчу вады.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже