Камень за спінаю быў цёплы, як печка. Ільга, скурчыўшыся ў камячок, прыціскалася да яго, хаваючыся ад халоднага ветру, і, пазяхаючы ды праціраючы вочы, колькі часу змагалася са сном. Паснула незаўважна, бачыла ў невыразнай соннай каламуці спляценне вялізных целаў у залатой лусцэ, якая так і патыхала агнём. І сама ішла па агні, ішла па лусцэ, па звівах і колцах, што ўсё звужаліся ды звужаліся. Пасля прахапілася, таргануўшыся, балюча прыклалася патыліцаю аб камень, ажно іскры з вачэй пасыпаліся.
Сонца ўжо села. Неба на захадзе, за прывідным бярэзнікам, яшчэ дагарала, але над барваю, слой за слоем, цямней і цямней, густа клалася сінь. Сінеў, цяжэючы, змрок, густы і амаль рэчыўны, а вяршыня Вараціш-гары набрыняла белаватым святлом – гэта самі сабой свяціліся, то патухаючы, то ўспыхваючы ярчэй, стаячыя камяні. Насцярожаная Ільга паднялася і ў зменлівым святле камянёў адшукала спуджаную пярэстую. Павагаўшыся, вынула з паклажы стары бацькаў лук, прыладзіла за спінай. Зноў праверыла стрэлы, ад халоднага дотыку жалезных наканечнікаў трохі супакоіўшыся.
Месяц плыў па цёмнай сіні, выкочваючыся з-за хмарнага покрыва, і рассыпаў вакол мяккі серабрысты бляск. Плыў дзівосна, небывала, на вачах выспяваючы: танюткі серп, рухаючыся, усё набіраў вагі, абрастаючы сярэбрана-белай плоццю. Тлустыя чорныя цені папаўзлі ад дрэваў, быццам жывыя павучыныя лапы, быццам змяіныя целы. Падаўжаючыся, станчаючыся, працягнуліся па лузе да самай Вараціш-гары. І тады луг змяніўся, закалыхаўся, пайшоў дробнай рабізной, як вада пад ветрам – і прарос высокаю цёмнай травой, поўнаю летніх сокаў, духмянай, напоенаю жывым сонечным цяплом. З травы пасыпаліся ззяйкія кропачкі светлячкоў, заміргалі ў зменлівых ценях, быццам сотні бяссонных вачэй. Гэтыя вочы Ільгу ў коле камянёў заўважылі, загарэліся ярчэй – ад здзіўлення, ад абурэння і гневу.
Палымяны гнеў загусцеў у паветры, зазыбіўся ў зямлі, зазвінела над цёмнымі травамі разборлівае: «З’ес-с-с-сці». Пярэстая спудзілася, голасна зайшлася іржаннем і пусцілася наўцёкі, не разбіраючы дарогі. Увесь пагорак захадзіў ходырам, так што Ільга, з лукам напагатове, ледзьве ўстояла на нагах. Згледзела ўнізе, ля падножжа, нетаропкі плаўны рух ды шолах, і на злавесны шолах стрэліла. Вугеркаўская страла са злосным свістам прапарола прыцемак – і на свіст яе адтуль, з цемры раз’юшана азвалася нешта на змяіны лад. Нешта, цямнейшае за цемру, рухалася ў травах, звіваючыся агромністымі колцамі – настолькі агромністымі, што яны, здаецца, апаясвалі сабою, сціскаючы ў змяінай хватцы, усю Вараціш-гару.
Ільга злажылася і стрэліла яшчэ раз. І яшчэ, зноў туды, дзе заўважала звівы неймавернага цела і перламутравы пераліў лускавін. Цемра сычэла, шалеючы, біла хвастом, так што трэслася зямля, а над лугам падымаліся, успуджаныя, новыя сузор’і светлячкоў. Цені ўзвіваліся, станавіліся на дыбкі, падпаўзалі бліжэй, і святло на вяршыні цьмянела, а чароўныя камяні заходзіліся ціхім незадаволеным гудам, ад якога трымцела паветра. Кола святла, аднак, для ценяў заставалася недасяжным, яны, хістаючыся, заміралі на самым краі, гублялі чорнае пер’е. Змяіныя колцы цемры, аднак, гусцелі, набліжаліся, усё болей і болей выразныя, усё болей і болей пэўныя, выплывалі з цёмнай травы. На лускавінах – па Ільзінай далоні кожная – успыхвалі кроплі вячэрняй расы, а колцы плылі і плылі, цягнуліся, наплывалі адно на адно. Ільга адступіла назад, з халодным адчаем разумеючы, што асаблівай карысці ад яе стрэлаў няма, і толькі час ад часу паглядала на месяц, які плыў, цяжэючы, над пушчай і ўсё ніяк не мог дарасці да поўні.
Нарэшце, страшэнныя колцы прыпынілі рух, і Ільга ўбачыла, ніякавеючы, як узнімаецца высока над ёю, бліскаючы вачыма і паказваючы атрутнае джала, плоская змяіная галава. А на пачварнай галаве, спярэшчанай касцянымі нарастамі, ззяла чырвоным агнём, быццам кветка папараці, распускала пялёсткі іскрыстая залатая карона.
– Вужыны кароль? – прамармытала Ільга. Святло камянёў амаль ачэзла, і пракрэсленае ім вакол стаячых камянёў кола перарвалася і знікла. Пачвара выскалілася, бліснуўшы доўгімі ікламі, і кінулася наперад усім целам. Ільга, ледзь не змарудзіўшы, няўклюдна адскочыла. Не ўтрымаўшыся на нагах, пакацілася прэч, адчуваючы над сабою шыпенне ды смуроднае дыханне.
Схоў яна знайшла за самым дальнім з камянёў, прытаілася там, намацваючы новую стралу ў калчане. Драпежная цемра вакол, амаль суцэльная, свісцела, шыпела ды хрыпела і раптам успыхнула чырвоным агнём, пад якім выскалялася пачвара. Ільга стрэліла зноў і адкацілася прэч, сыходзячы з-пад удару, і па тонкім металічным звоне зразумела, што патрапіла. Камяні ўспыхнулі з новаю сілай, апісаўшы вакол новае кола абарончага святла. За гэтым колам кідалася ва ўсе бакі, скаланаючы пагорак, знемагаючы ад сваёй атрутнай ярасці, жудаснае спараджэнне начной цемры.
Ля аднаго з камянёў палымнела залатая лілея, збітая трапным стрэлам з галавы пачвары, трохі прымятая падзеннем. Ільга ледзь падняла карону абедзвюма рукамі, разгледзела, дзівуючыся, тонкія залатыя пялёсткі, так падобныя да жывых.