– Вярні, – сказала цемра без слоў. – Вярні, вярні, вярні. Смяротная, вярні. Не тваё. Вярні, вярні! Не чапай бруднымі маленькімі лапкамі. Не тваё, смяротная. Вярні. Вярні!

– О? – холадна азвалася Ільга. – Вярнуць? Што вярнуць? Вось гэта?

Цемра засычэла.

– Чула я показку, – загаварыла Ільга, лацвей перахопліваючы цяжкую, як чалавечая доля, вужыную карону. – Што кароль змей за паслугу мусіць выканаць жаданне…

Гэтую показку яна, уласна кажучы, прыдумала толькі што, проста для таго, каб пацягнуць час. Стрэлы яе, мяркуючы па ўсім, асаблівай шкоды пачвары не прыносілі, а хто ведае, калі камяні пад націскам ценяў згаснуць, надоўга разрываючы кола святла.

– Няма справы, – раздражнёна адказала цемра, – нам няма справы да тваіх показак. Вярні тое, што нам належыць, смяротная, зараз жа вярні! Мы зжарэм цябе, задушым і паглынём, нахабную смяротную. Вярні тое, што належыць нам!

– Вось яно што, – расчаравана працягнула дзяўчына. – Ну, калі так, то няма чаго рабіць. Калі мяне ўсё роўна зжаруць…

Яна паклала карону на зямлю і з выклікам занесла над ёю нагу. Цемра зайшлася немым крыкам, а Ільга ўхмыльнулася. Ёй і ў галаву не прыйшло б псаваць нешта настолькі прыгожае, але, падобна, напужаць вужынага караля атрымалася.

– Пагнеш, папсуеш, паломіш, – хвалявалася цемра. – Смяротная! Чакай. Кажы нам пра свае жаданні. Пра свае ўмовы. Мы выслухаем. Так. Выслухаць мы можам. Так.

«Любіш, значыцца, свае цацкі, – насмешліва падумала Ільга. – Добра, буду ведаць». І, паціху прыглядаючыся да поўні, што падпаўзала бліжэй і бліжэй да Вараціш-гары, ужо ўслых адазвалася:

– Мне трэба ўспомніць адно імя. Дапаможаш – аддам табе тваю забаўку.

Цемра забулькала, засіпела, смеючыся на свой лад. Ільга цярпліва чакала, лёгенька пінаючы агністую карону наском бота. Ад гэтага цемра адразу кінула смяяцца, загаварыла таропка і лісліва:

– Канечне, канечне, любое імя, якое шаноўная смяротная пажадае, калі такая цана яе задавальняе, калі ёй гэтак пажадалася – то чаму б і не. Мы ўсёведныя, – дадала цемра не без гонару. – Мы ведаем усё на свеце. Пытай у нас, што пажадаеш, і аддавай нам карону. А пасля мы зробім так, як пажадаем ужо мы.

Вараціш-гару заліло сярэбраным бляскам месяца – нарэшце завершанага, поўнага зіхатлівага кола. Ад гэтага дрогкага святла лініі на стаячых камянях наліліся жывым срэбрам і заспявалі, паўтараючы адзін і той жа сумны трывожны матыў, які плыў па-над лесам, сплятаючыся са змрокам, з ценямі ды шолахамі.

Ільга перавяла дух. Сэрца калацілася шалёна, як бы жадаючы выскачыць з грудзей, шчокі гарэлі, а ў галаве гуло ад спеву чароўных камянёў. Сціскаючы кулакі, яна паўтарала сабе: «Зараз трэба не памыліцца, зараз трэба задаць адзінае правільнае пытанне».

Кола святла набракла асляпляльна-белым, цені ад камянёў папаўзлі ўбок, змарнелі і сталі: ацяжэлая поўня завісла над Вараціш-гарою, шчодра рассыпаючы сваё срэбра.

– Не чакай, – сычэла цемра. – Нам балюча глядзець, нам балюча дыхаць. Пытай у нас пра жаданае імя, а пасля нябеснае вока, што мучыць нас і цягне з нас моц, сыдзе, і тады…

Цемра сычэла, а Ільга хмурылася і кусала вусны. Перабірала ў галаве ўсе магчымыя пытанні, асабліва тыя, што сама задавала сабе ўсе гэтыя дні, калі спрабавала і не магла прыгадаць. Усе нітачкі ўспамінаў, што будзілі нешта ў сэрцы, што трывожылі і не давалі спакою, былі ненадзейнымі. Занадта моцнымі і неадольнымі аказваліся чары, якія так клапатліва спавівалі яе, абараняючы ад усяго, нават ад самой памяці.

Пытанне насамрэч было настолькі відавочным, настолькі простым, што яна, вядома, аніяк не магла падумаць пра гэта адразу. Ільга нават засмяялася – ціхенька, коратка і зусім не весела.

А пасля вельмі роўным голасам спытала ў пачвары за колам сярэбранага святла:

– Як імя таго, хто спавіў мяне чарамі забыцця?

І замёрла ў чаканні. А цемра не адказвала, сіпела і хрыпела, варушылася, звіваючыся, цягнучы па траве цяжкое лускаватае цела. Ільга зрывістым голасам паўтарыла пытанне, сціскаючы кулакі так, што ажно пабялелі касцяшкі.

– Падступная, – гнеўна рычала цемра. – Падступная смяротная! Мы не можам, мы не хочам улазіць у справы жудаснага Зімовага Князя. Мы не можам і не будзем!

– Ты абяцаў! – злосна крыкнула Ільга ў цемру. – Іначай – чуеш, ты? Іначай я зараз жа занясу тваю карону Зімоваму Князю – як мой падарунак! Аддам яму! Ясна табе?

Цемра прыціхла. А пасля – цішэй, чым шэпт травы пад ветрам, – з цемры да яе прыляцела імя. І ўдарыла ледзяной іголкаю ў сэрца, і вылілася з вачэй талай вясновай вадою. Ільга прыкусіла вусны да крыві, не дазваляючы сабе плакаць. А цемра вірыла за зіхоткімі камянямі, стогнучы, скардзячыся, шэпчучы сваё бясконцае вярні, вярні, вярні.

– Лаві, – коратка прагаварыла Ільга. І лёгенька падапхнула карону з вяршыні пагорка ўніз, за кола святла, упрост да закаванай у луску цемры.

А сама, яшчэ ўсхліпваючы, азірнулася цераз левае плячо і пабачыла сярэбраную поўню над клыкамі чароўных камянёў. І стала на імгненне – усім.

І рассыпалася ў халодным бляску месяца.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже