Неўзабаве пасля адсвяткаванай перамогі над
Шумець пра нябачны з Зямлі касмічны карабель перасталі пасля таго, як у Паўднёвай Карэі за тры дні звольніўся мільён высакакласных спецыялістаў з розных галін. Кожны з іх тлумачыў свой крок адчуваннем адзіноты. Кіраўніцтва Сусветнай арганізацыі аховы здароўя сышло ў адстаўку. Некаторым чыноўнікам давялося прымерыць бранзалеты наручнікаў і адправіцца за краты. Сіндром татальнай адзіноты вярнуўся, каб пачаць сваё новае трыумфальнае шэсце па планеце. Нечым гэта нагадвала знакамітыя «100 дзён» Напалеона, толькі цяпер Ватэрлоа ў агляднай будучыні нават і блізка не маячыла.
У «Coböl Engineering» урэшце прызналі, што карабель за плячыма Месяца належыць ім. На ўвесь свет быў кінуты покліч пра набор каманды для палёту на Марс. Па ўсіх каналах сталі трубіць пра важнасць здабычы карыснага для барацьбы з сінтатадзінам марсіянскага мінералу. Актыўнасць добраахвотнікаў была нашмат меншай, чым у часы праекта «Mars One» – расцягнуўшыся на многія гады, той у выніку скончыўся пшыкам. Пра гэты пшык медыя не прамінулі нагадаць забыўліваму чалавецтву. Пайшла скептычная пагалоска, якая стрымала вялікую частку патэнцыйных вандроўнікаў да чырвонай планеты.
Зрэшты, адбор па праграме «Coböl» быў адметны амаль поўнай сакрэтнасцю. У прэс-рэлізах, якія спраўна агучваліся ў навінах асноўных інфармацыйных агенцтваў, звычайна было толькі дзве графы: а) колькі спецыялістаў і якога полу ўжо адабралі; б) колькі яшчэ патрабуецца. Ні імёнаў адабраных, ні краін іх паходжання. Сцвярджалася, што робіцца гэта з клопату пра псіхалагічнае здароўе будучай каманды, якое лёгка падарваць выпрабаваннем вядомасцю. Таму ніякіх здымкаў, інтэрв’ю, удзелу ў ток-шоу.
Грамадская думка пастаянна накручвалася. Жарсці вакол меркаванага палёту на Марс не аціхалі. Гэтая шуміха закранула і Ягора. Ён дзіваваўся некаторым супадзенням: першы ажыятаж вакол знаходкі на Марсе каштоўнага для фармацэўтыкі мінералу; вёска Марс, куды так і не паехала Наста; юравіцкі ідал, які можна было інтэрпрэтаваць як выяву боства, прысвечанага планеце Марс; мінская кнігарня, куды яго занесла перад вяселлем; сакрэтнасць падрыхтоўкі да палёту на Марс.
У гэтым сваім здзіўленні Руткоўскі напісаў для аднаго з папулярных парталаў нізку іранічных артыкулаў
Гомельскі археолаг раз на тыдзень тэлефанаваў Насце. Раз на месяц асабіста перадаваў ёй грошы. Перабіваўся з аспіранткі на лабарантку. Без сур’ёзных намераў. Адно дзеля сексу і назапашвання адмоўнай кармы, каб на судзе шчыра прызнацца, што сістэматычна здраджвае жонцы, але не раскайвацца ў гэтым ані на грам. Але разам з тым… Разам з тым яго часцяком прабівала на развагі, у якіх нярэдкімі госцямі былі думкі пра магчымасць наступіць сваёй песні на горла – жыць далей з Настай, ведаць, што недзе ёсць жывая Марына, змірыцца з гэтымі ведамі і лічыць, што яна існуе ў іншым вымярэнні, з прычыны чаго да яе