– Ты ведаеш, што я не магу зрабіць інакш.
– Нічога я не ведаю. Дакладней, ведаю толькі адно: мы бачымся з табой апошні раз. Нават калі ты адтуль вернешся, то можаш мяне і не заспець жывым.
– Тата, не крыўдуй. Я ўсё цудоўна разумею, але гэтай цязе мне няма чаго проціпаставіць.
– Калі б захацеў, то проціпаставіў бы.
– А калі б ты захацеў, то мог бы яшчэ сына сабе зрабіць. Ты ж у нас такі няўломак.
– Балабол ты, Ягорка. Позна мне ўжо ў такія справы ўвязвацца. А вось унука не кіну. Не будзе знаць бацькаў, дык зазнае дзедаў клопат. Раз ты ў нас увесь з сябе такі марсіянін.
Як падумаць, то варта было б увесці свята Цуду ацалелага скафандра. Ды думаць пра гэта акурат і не выпадала. Ачомаўшыся, Ягор з цяжкасцю прыходзіў да цяму, дзе знаходзіцца і якімі скразнякамі яго туды задзьмула. Паволі высвятлялася, што амаль пяць солаў ён праваляўся пад абрынутымі абломкамі касмічнага карабля. Кволыя спробы вярнуцца яго прытомнасць рабіла за гэты час разоў колькі. Плёну з тым не мела – яе пробліскі натыкаліся на мізэрную колькасць кіслароду і змешваліся з какафоніяй трывожнага сну. Зямляніну ў пэўным сэнсе пашанцавала. Уманціраваны ў скафандр аксігенатар ліпеў, але выхітраўся працаваць на трусачцы энергіі, якую давалі сонечныя батарэі на левым рукаве. Рукаў шчасным выпадкам застаўся па-за завалам. Пылавая бура як наляцела, так і зляцела. Вецер паспеў ачысціць батарэю перш, чым у ёй узнікла сапраўдная патрэба. Аксігенатар, хоць і не беззаганна, але выпрацоўваў неабходны для жыцця мінімум дыхальнай сумесі.
Вецер жа, які разгуляўся раніцай пятага дня, вымеў пыл, у якім патанала другая частка нарукаўнай батарэі. Эфект ад гэтага з узыходам сонца не змусіў сябе чакаць. Прагна дыхаючы, Руткоўскі расплюшчыў вочы. Яму страшэнна хацелася піць. За час непрытомнай «пяцісолкі» звычайны для скафандра аварыйны запас вады нікуды не знік. Прагнаўшы смагу, мужчына разважліва пастанавіў пітво ашчаджаць. Зварухнуцца з месца не атрымлівалася. Болевых адчуванняў, акрамя таго, што жудасна трашчала галава, ён для сябе не адзначыў. Паспрабаваў актывізаваць сувязь. Усведамляў, што гэта адбярэ лішак энергіі, так важнай для работы аксігенатара. Перадатчык не быў пашкоджаны, але выклікаць Марыну не ўдалося. Слабое прыстасаванне. Дый да базы далекавата.
Ведаючы, што вада дзень пры дні скончыцца, а на адной сумесі доўга не пратрываеш, Ягор стаў мазгаваць, як выбавіцца з накінутай абломкамі пасткі. Павярнуць галаву ў адзін ці другі бок не мог. Бакавыя камеры не працавалі. Але працаваў бакавы зрок, які здолеў ухапіць, што леваруч, зусім блізка, нешта ляжала. Мужчына пастараўся скасавурыцца – так, што вочы ледзь не павыпадалі. Але старанне не засталося без узнагароды: разабраў, што прадмет побач з ім – рыдлёўка. Тая самая рыдлёўка, якая да абрушэння дапамагла яму выняць з-пад пылавых замецяў незгаральную шафку. Цяпер шанцы выкараскацца істотна павялічваліся. Загваздка крылася ў драбніцы – дацягнуцца да інструмента. Разважыўшы, зямлянін нетаропка падняў левую руку, пасля чаго паспрабаваў адначасова апусціць яе і, наколькі магчыма, павярнуць корпус у бок знаходкі. Кончыкі пальцаў у пальчатцы скафандра толькі чыркнулі аб дзяржанне рыдлёўкі, не пасунуўшы яе ні бліжэй, ні далей. Змагаючыся з расчараваннем, Руткоўскі вярнуўся ў пачатковае становішча. Вытворчая гімнастыка па-марсіянску.
Праз немалы час супакоіўся. Стабілізаваў дыханне. Сканцэнтраваўся на паўторным дзеянні. Рабіў усё як і папярэднім разам. Але цяпер кожны рух быў больш плаўным і адточаным, быццам у атлета, які прэтэндаваў на алімпійскі медаль у дадопінгавую эру. Старанні апраўдаліся: ён з запасам перасягнуў лінію, дзе ляжала рыдлёўка, грабнуў пясок і схапіў інструмент. Ад радасці, якую адчуў апасля, зямлянін засмяяўся і дазволіў сабе глыток вады па-за графікам.
Моцы было не горы варочаць. Столькі часу без харчу і на мізеры вады не магло мінуць бясследна. Аднак рашучая прага выжыць давала добры лішак напорнасці. Самым цяжкім быў пачатак працы. З рыдлёўкай, якую трымаў у левай руцэ, Ягор ледзь упраўляўся. Перакідваць каштоўную прыладу ў правую руку да часу не мела сэнсу. Завал шчыльна прылягаў да скафандра, і капаць там было праўдаістай марнасцю марнасцей – лязо рыдлёўкі непазбежна натыркалася на абломкі, не дастаючы да грунту.
Але ўлягаць у роспач Руткоўскаму таксама было не з рукі. Паціху абкопваў сябе з левага боку. Праца часам нагадвала спробы вычарпаць мора дзіравай конаўкай. Але плён усё-ткі быў. Дый надвор’е спрыяла: вецер дзьмуў на поўнач, адносячы ўзнятыя зямлянінам пыл і пясок прэч. Гэта натхняла капача – у думках ён заводзіў песню, асобныя словы якой, аднак, зрываліся раз-пораз з вуснаў: «Разбушуйцеся, буйны ветрыкі».