«Спрабавала ўскрыць сейф. Ані халерачкі не выходзіць. Здаецца, яго намёртва заклініла. Але ж цікава, што там унутры? Навошта яго спрабавалі адчыніць тады, калі касмічны карабель на ўсю пакацістую ліхаманіла? Ліхаманкарабель шустрымціць, благінучы [дзівіцца прамоўленаму], а хтосьці лезе ў сейф. Навошта? Напэўна, мне гэтага ніколі не ўведаць».

«Корпалася ў “цяпліцах”. Бульбачка. Морквачка. Усе дзялы. І раптам злавіла сябе на думцы [хліпае]: навошта мне ўсё гэта патрэбна? Яно так нязвыкла – не проста быць адной, але яшчэ і ўсведамляць абсалютнасць сваёй адзіноты. Мабыць, таму, паўтараючы сабе, што я моцная, што ўсё стрываю, я міжволі разліваю слёзы. Зрэшты [спрабуе смяяцца], заплакаць магу ў любы момант. Заліпну на чым-небудзь – на нейкім успаміне, прадмеце – і пачынаю румзаць. Часам навала безнадзейнасці такая неадольная, што я проста крычу. Станаўлюся пасярод адсека і на ўвесь голас скавычу. Бывае, што адчуваю палёгку. Да наступнага разу. Добра, што мая мікстура [рагоча] трохі залагоджвае. Але ж п’яным на базе не месца. Хмель не вада – краснай дзеваньцы бяда».

«Плачу, як і раней. Але стараюся не напівацца. Гарод амаль закінула. Узялася больш унікліва вывучаць мінерал. Калі з яго сапраўды збіраліся вырабляць лекі ад адзіноты, то я магла б паспрабаваць вырабіць іх для сябе. Мне якраз такіх лекаў і трэба. Але, мяркуючы па ўсім, як я ні старалася адшукаць іншае, дысбуэндый ад адзіноты дапамагчы не можа. Адзінае, што ён удала робіць, – гэта прыгнятае волю. А на чорта мне тут прыгнятаць волю, калі яна і без таго прыгнечаная? Трасца расперазаная».

«Не хачу думаць пра часы, калі я буду тут нямоглай бабуляй, якая калі і ходзіць, дык толькі пад сябе».

«Гэй, гэй! Дыскатэка! Дыскатэка ўсім адсекам! Танцы над возерам! Як сяльцо, так і нараўцо…»

«Гэта самае… Як яго… Што я хацела сказаць?.. А! Увяла я сабе тую хвігнюлю. Якая з мінералу… Ні халеркі не ратуе. Толькі млявасць, згадкі нейкіх старых анекдотаў і неадольнае жаданне атрымаць загад. Ясна? Хочацца, каб нехта мне загадваў. Але няма каму. А сама сабе не магу. Дзіва, што да мікрафона дашлэпала. Бязмэтна швэндалася, а тут мікрафон. І я адразу, як сабака Паўлава, чыста на рэфлексе [крыўляецца]: “Дарагі мой дзённічак”. Доза яўна слабая».

«Я не хачу паміраць старой».

«Ягор, чаму ты мне не снішся? Любы».

«Не разумею, чаму я табе так і не расказала пра Ірландыю і тое, чаму я вырашыла тады цябе кінуць. А кінула я цябе толькі таму, што я ду… [не дагаворвае]. Але каму я гэта кажу? Табе ж гэта як мёртваму прыпаркі… Ой. Ты ж і так мёртвы. А як тады правільней сказаць? Ніяк. На чорта гэта каму ўсё патрэбна».

«Дальнім блуканнем Уліс трывожыў журбу Пенелопы».

«Такая доля, што ў небе столя».

«Марына, ідзі на “дальнякі” і…» [Запіс моцна пашкоджаны.]

<p>23</p>

Бесклапотна Марына і Марку больш сябе не адчувалі. Ні пад чужым прозвішчам, ні за каменнай сцяной лабараторнага мястэчка. Першае, застаючыся, згубіла свой практычны сэнс. Другая толькі пазначала мяжу, за якой магла таіцца яшчэ большая небяспека, чым сярод гэтых дамкоў, корпусікаў, клумбачак і чужых выдуманых гісторый. У горад выбірацца баяліся. А калі выбіраліся, то баяліся ўдубальт. Дакладней, за іх дваіх баялася Марына, а Марку абы з рук падыгрываў. Жонцы паўсюль мірсціўся Руткоўскі. У кавярнях. У парках. У метро. Часам гэта межавала з псіхозам.

Пыркэлаб дужа хацеў бы спаткацца з беларусам у ціхую цёмную ноч і сказаць: «Бачыце гэтае спляценне – вашае сонечнае спляценне, куды я вас б’ю?» Але хоцькі астывалі разам з нарастаннем пагрозы быць выкрытым беларускай міліцыяй. Зярністыя абрысы яго постаці на стоп-кадры з запісу камеры назірання віселі па ўсім Гомелі. Пра гэта дачцэ паведамілі старыя Гваздовічы. Марына ўжо нават і не здзівілася, што каханы мужанёк спанатрыўся цішком напартачыць падчас іх паездкі ў Беларусь. Марку ж не ведаў, як стрэсці з сябе збянтэжанасць. Нахітраваўшы з матацыклетнымі братамі, грэх было здумляцца, што яны ў першы ж грандыёзны шухер здалі яго, як шчарбатую антычную вазу ў пункт прыёму шклатары. Балазе, розуму хапіла не знаёміцца тады з імі па-сапраўднаму. Але ўсё адно наслядзіў. З гэтым збольшага было ясна. Не разумеў жа, бянтэжачыся, Марку іншага – чаму супраць яго ў міліцыю не пайшоў сведчыць жончын колішні, хаця і мог зрабіць гэта вельмі проста? Раней вычапіць нешта можна было праз Ройтшванец. Цяпер не засталося і гэтага. Задавальняўся думкай, што Ягор не бачыў за зваротам у міліцыю поўнай сатысфакцыі. «Хто звяртаецца да закона, часта губляе быка, каб завалодаць катом». Відаць, археолаг быў не з такіх. Тым мацнейшай уяўлялася небяспека, што таілася ў ім.

* * *
Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже