Усцешаны поспехам, Ягор пагладзіў сваю ратаўніцу па плячы. Тая прыпыніла аўто. Павярнулася да яго, з выразным чаканнем зазіраючы ў вочы. І ўжо далей невядома што кіравала ім – радасць ад шанцавання ці харвацкія зоркі над галавой. У пацалунку, што ў сваёй дарозе не затрымаўся, палкасці было больш, чым сяброўскай удзячнасці…

Як прывід пастэльных тонаў, Руткоўскі ў жаночым халаце стаяў каля акна і глядзеў на плошчу Пятра Свачыча. Харватка, сушачы пасля ваннай валасы, тлумачыла, што трэба рабіць далей. Яна нядрэнна паспела вывучыць кухню марсіянскай праграмы «Coböl». Ён гэтаму анічуць не здзівіўся. Назіраючы за перасоўваннем людзей і машын за шыбкай, беларус накручваў на вус парады сваёй сяброўкі. Язык, дарма што за ноч паўдзельнічаў у розных прыгодах, не паварочваўся назваць яе палюбоўніцай. Сяброўскі секс, пане дабрадзею.

Яна нагадала, якія паперы яму варта аформіць у найбліжэйшы час. Асобна ўказала на пытанне пра ганарар. «Coböl» да адлёту экіпажа абавязваўся перавесці належныя грошы на рахунак любога чалавека, чыё прозвішча назаве астранаўт. Улічваючы афёру, дзякуючы якой Ягор аказаўся між удзельнікаў будучай марсіянскай місіі, перавод грошай камусьці ў Беларусь выглядаў бы падазрона.

– Ты хочаш, каб я ім назваў тваё прозвішча?

– Я абяцаю перавесці ўсю суму таму, каму ты пажадаеш. Сабе пакіну толькі адсоткі, якія за гэты час набягуць. Думаю, я заслужыла ўзнагароду не толькі ў выглядзе твайго мімалётнага чэлеса.

Калі б Ядранка сказала, што ёй ніякія грошы не патрэбныя, Ягору гэта здалося б няшчырым. А так яе прапанова выглядала і спраўнай, і сумленнай. І хоць ён усведамляў, што пасля адлёту на Марс праверыць яе сумленнасць будзе цяжка, а то і наогул немагчыма, з прапанаваным варыянтам цалкам пагадзіўся.

– Уся сума павінна з’явіцца на рахунку майго будучага дзіцяці.

– Малайчына. Ты ўжо ведаеш, хлопчык ці дзяўчынка?

– Ведаю, што плод здаровы. Астатняе для мяне не так істотна.

Руткоўскі не сказаў, што пабачыць дзіця яму ўжо не выпадзе: на момант Наставых родаў ён будзе ў трэніровачным цэнтры ў Аўстраліі, а то нават і ў космасе. Тое, што яго могуць адбракаваць на этапе трэніровак, чамусьці не абмяркоўвалася. Ці то ад упэўненасці ў перамозе, ці то ад боязі сурочыць. Шкурай незабітага мядзведзя спрадвеку распараджацца лягчэй – кладзі яе хоць у замку на масніцы, хоць пад працэнты ў банк.

Па вяртанні ў Гомель на працы запатрабавалі справаздачу пра вынікі камандзіроўкі. Замест справаздачы археолаг напісаў заяву, якой паведамляў, што збіраецца з пэўнага дня класціся на лячэнне. Ва ўніверсітэце гэта выклікала шум. Сярод выкладчыкаў і студэнтаў папаўзлі змяюкі самых неверагодных чутак – ад падазрэнняў на рак мозга да нетыповага віду сіндрому татальнай адзіноты. І калі першае пры сучасных дасягненнях медыцыны можна было вылечыць, то другому эскулапы ніяк не далі б рады. «З чым змагаўся, аб тое і зацяўся», – сыкалі злыя языкі, маючы на ўвазе, што песенькай пра возера Ліцвін выратаваць сябе Ягор Сяргеевіч няздатны.

Сябар з універсітэта транспарту дарма спадзяваўся атрымаць тлумачэнні асабіста ад Руткоўскага. Іх безалкагольнае пасяджэнне ў «Фасолі» пакінула болей пытанняў, чым дало адказаў. Па тым, як моцна археолаг ціснуў на развітанне руку і як нешматслоўна раіў сачыць за навінамі, можна было здагадацца, што з яго лячэннем нешта не так. «Эх, Ягорка, ясная зорка…»

Наста сядзела ў дэкрэтным. Жывот акругліўся настолькі, што яе фігуру было цяжка пазнаць. Ягору карцела падысці да яе і, як раней, за шчаслівым часам, апусціцца на калені і прыкласці вуха, каб пачуць будучае жыццё, схаванае ў гэтым дзівосным сасудзе – матчыным улонні. Аднак, у карак гнаўшы жаданне, ён гэтага не зрабіў. Нават не паведаміў жонцы, што блізкім часам цалкам знікне з яе жыцця. Пагатоў не сказаў і пра кірунак, у якім яго грэшнае цела неўзабаве павінна было адправіцца. Абвясціў толькі, што адпісвае кватэру на яе – з умовай, што па дасягненні іх дзіцём паўналецця жытло пяройдзе таму ва ўласнасць. Кватэрнае пытанне. Усе жончыны спробы праясніць сітуацыю Ягор адпрэчваў, баючыся выпусціць з рук хвост ухопленага ў небе жураўля.

Бацька сустрэў прызнанні Ягора без чаканай прахалоды. Але і ўхваляць рашэнне сына Сяргей Яўцехавіч не спяшаўся. У бацькоўскім сэрцы зліліся два супярэчлівыя пачуцці. З аднаго боку, ён хваляваўся за працяг роду Руткоўскіх і хацеў, каб у сына была трывалая сям’я з дзецьмі, ад выхавання якіх Ягор не ўхіляўся б. З іншага боку, старога цешыла, што менавіта яго сын стане адным з першых людзей на Марсе. Пра Марс сын наважыўся расказаць толькі яму і больш нікому. Намагаўся захоўваць сакрэт. Гэты давер дадаткова расчуліў Яўцехавіча. Аднак бацька паводзіўся збольшага стрымана. Не раз без злосці называў будучага астранаўта дурашлёпам, але націск рабіў на тое, што нават дурашлёп мусіць у такім веку прымаць рашэнне самастойна.

– Усё ж ты прыехаў не па бацькаву раду, а каб паставіць мяне перад фактам. Птушка не кінецца ў лёт, зліплыя маючы крылы – гэта ж не пра цябе.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже