На хвалі такіх разваг Ягор атрымаў па пошце акуратную капэрту з французскім штэмпелем. Зваротны адрас, як ён потым даведаўся, быў пазначаны абы-які (нейкі злавесны Death Coast). Унутры знаходзіўся аддрукаваны на матавай фотапаперы здымак, на якім прыпынілася прыўкраснае імгненне ўсмешлівай пары ў трэніровачных касцюмах з лагатыпам марсіянскай праграмы «Coböl Engineering». Марына і Марку нібыта насміхаліся з гомельскага адрасата, даючы зразумець, што ўсе яго ранейшыя метафары, гіпербалы і літоты вымятаюцца к чорту на ражон. Што сямейная пара здолела сягнуць на такую прыступку, да якой неўтаймоўнаму пераследніку сапраўды ну ніяк не дацягнуцца. Знямелы ад нечаканасці гамяльчанін зірнуў на зваротны бок фотаздымка. Там ад рукі незнаёмым почыркам па-французску выказваўся спадзеў, што адрасата здымак зацікавіць: «Ça pourrait vous intéresser». Ананімны добразычлівец, ятры яго шахматным канём.
Для Руткоўскага было б лепш, каб яны проста ўзялі і зляцелі пад балахонам таямнічасці. Ён успрыняў бы гэта як дадзенасць. Як тое, з чым ужо нічога не паробіш. Але ж балахон нехта сцягнуў. Руткоўскі ад гэтага, быццам з ланцуга сарваўшыся, адкінуў капітулянцкія настроі. Без увагі на сёмы месяц цяжарнасці жонкі ён рынуўся шукаць спосабы трапіць у марсіянскую праграму.
Ягору муляла ад аднаго толькі намёку на думку пра двух надта ж усмешлівых удзельнікаў будучай экспедыцыі на Марс. Ён прачытаў рэгламент адбору добраахвотнікаў. Зразумеў, што не ў стане прайсці праз гэтае сіта. Калі ўзрост яшчэ сяк-так з нацяжкай і заплюшчанымі вачыма адпавядаў правілам, то па ўсіх іншых параметрах нават Дыяген са свечкай не знайшоў бы ў ім прыдатнасці. Не выйшаў ні ростам, ні вагой. Меў спецыяльнасць, якая адсутнічала ў спісе патрэбных. Быў знаёмы з двума ўжо адабранымі ўдзельнікамі экспедыцыі. Сітуацыя іскрылася чысцюткай безнадзейнасцю. Але Ягор упарта не зракаўся свайго невыканальнага намеру. Пакруціўшы і так, і гэтак, ён – о божачкі! – звязаўся з Ядранкай. Казка мусіла нарэшце запрацаваць!
Харватка пазнала Ягора, з мілажальным подзівам успрыняўшы яго ініцыятыву выйсці на сувязь. Пасля наскрозь пустой прэамбулы ён перайшоў да сутнасці, якую стараўся данесці не прамым тэкстам, а паўтуманнымі вобразамі. Яна нічога не зразумела. Беларусу давялося напляваць на асцярожнасць і, умацаваўшы веру ў надзейнасць шыфравання месенджара, спытаць наўпрост: «Ці няма ў цябе магчымасці здабыць дакумент на імя якога-небудзь харвацкага геолага?» Здзіўлення па той бок смартфона прыкметна паболела. Руткоўскі сцісла абмаляваў становішча, чым адчыніў шлюзы, даўшы здзіўленню магчымасць накрыць харватку цалкам. «Ах, анёле мой ненаглядны, няўжо табе ажно так хочацца ўцячы ад мяне?» – толькі і знайшлася яна выдаць, хаваючы за іроніяй нешта іншае. Беларус спадзяваўся, што не каханне. Не пачуўшы ад яго ўцямнага адказу, жанчына сумна ўздыхнула і згадзілася дапамагчы. Адначасова паўшчувала, што Ягор звярнуўся да яе не праз ахвоту, а з нявыкруткі. Археолаг старанна выконваў ролю вінаватага абэлтуха, абы толькі жанчына адным узмахам рукі не ператварыла свае абяцанкі ў цацанкі.
Дакументы яму справілі. Грошай на чарговую камандзіроўку, палазіўшы па сусеках, ён наскроб сам. Ядранка сустрэла яго ў Заграбе. Упершыню ў яе вачах чыталася падкрэсленае абавязкам сяброўства, а не закаханасць. Гэта дазволіла беларусу трошкі разгрузіць сабе галаву. Жанчына з разуменнем выслухала яго гісторыю яшчэ раз. Большая колькасць дэталей, нюансаў і паваротаў толькі ўмацавалі яе рашучасць дапамагчы бедаку. Прынамсі, так яна казала, калі везла яго ў харвацкае аддзяленне касмічных праектаў «Coböl». Цвердзіла, што авантура будзе карыснай і для яе самой. Ягор не зразумеў. «Дапамагаючы табе ў гэтай бязглуздасці, я нібыта скідваю з сябе абрыдлы праклён», – шчыра, але цьмяна патлумачыла яна. Ён моўчкі кіўнуў, з усіх сіл намагаючыся не думаць пра логіку пачутага.
Руткоўскі ўсведамляў авантурнасць задуманага. Шанцаў прайсці тэсты было з антонаву слязу. Нават калі б з гэтым і пашэнціла, высокая верагоднасць правалу на наступных выпрабаваннях нікуды не знікала. Наваспечанага харвацкага геолага Горана Бунціча маглі падлавіць і выкрыць проста на кожным кроку. На веданні харвацкай мовы. На геалагічным тэрміне. На факце з біяграфіі. На бананавай лупіне. Але ён не адступаўся. Лічыў, лепш быць выкрытым падчас адбору, чым сядзець дома і шкадаваць, што так і не наважыўся хаця б паспрабаваць прарвацца ў каманду скаральнікаў Марса. Тым большымі былі яго здзіўленне і радасць, калі спачатку тэсты, а потым выпрабаванні прайшлі даволі гладка. «Сардэчна запрашаем у каманду, Горан».
Іванкавіч, якая чакала яго ў машыне, паведаміла, што найцяжэйшым было перанакіраваць пошукавы запыт экзаменатараў па біяграфіі Горана Бунціча на фэйкавыя старонкі.
– А тэлефанаванне ва ўніверсітэт?
– Міма майго знаёмага яны б не пазванілі.