Госці паводзілі сябе так, нібыта не заўважалі гэтага ступару. Адзін з іх, беручы ініцыятыву на сябе, пацікавіўся: «Ну, як вам працуецца? Не адзінока?» Маладзіца самлела і рухнула на падлогу. Муж кінуўся яе падымаць. Дырэктар заспяшаўся папрасіць у гасцей прабачэння і прапанаваў пайсці з экскурсіяй далей. Аднак цікаўны госць запярэчыў, падручыўшыся дапамагчы самлелай. Дзейнічаў хутка і рашуча, як сапраўды абазнаны ў такіх рэчах. Разгублены Марку нічога не змог гэтаму проціпаставіць. Лішні рух у кірунку госця мог дорага каштаваць. Вылецець з праграмы жадання не было.
Ягор паводзіўся падкрэслена далікатна. Праяўляў клапатлівасць. Даваў парады, як засцерагчыся ад стрэсаў, пераўтомы ды іншых адмоўных праяў. Прынамсі, так усё выглядала для яго спадарожнікаў, якія ўспрымалі пачутае літаральна. Марына ж выдатна разумела, што яе колішні каханак разыгрывае спектакль. Што, сыплючы метафарамі, гіпербаламі і літотамі, ён люта бэсціць яе з мужам. Дае прачуханца. Прабірае за падман і інтрыгі. Жанчыне дужа свярбела выцягнуць на людзі вострую шабельку суворай і з’едлівай водпаведзі. Але Марку позіркамі і поціскамі ўтаймоўваў яе мілітарысцкі сверб.
«Прывітанне. Мяне завуць Марына Руткоўская-Гваздовіч. Я адзіны чалавек на Марсе. І я не разумею, якой трасцы раблю, дастаўшыся да мікрафона. Мне наўрад ці захочацца гэта ўсё пераслухоўваць. Калі ж сюды калі-небудзь завітае хтосьці з Зямлі, а я, стаўшы муміяй ці супавым наборам, не змагу пачаставаць гасцей кампотам з вырашчанай на Марсе садавіны, магчыма, гэтыя запісы… гэты чортавы аўдыёдзённік патлумачыць ім, ці соладка жылося зусім маладой… зямной жанчыне, якая праз дурнога ката, адчайнага мужа і нешчаслівы карагод акалічнасцей занадта рана засталася адна-адзінічанька на чужой непрыязнай планеце. Спачатку я вельмі хацела вярнуцца туды, дзе ўсё разыгралася. Але ж надвор’е раптам ветранае стала. Зноў пылавая бура. Маленькая. Лакальная. Але перашкодзіла мне. Цяпер яна амаль скончылася. Амаль… Аднак страшна ехаць. Страшна знайсці расшкуматаны скафандр з разарваным целам мужа ўсярэдзіне. Навошта яму
«Зямля, як кіслы пастар, зноўку чытае Біблію. Космас па завядзёнцы прапускае на базу толькі некалькі слоўцаў. Гэта так міла, што там думаюць пра нас. Думаюць, не ведаючы, што адзін ужо таго… падняўся ў Вальгалу. Ці куды звычайна, загінуўшы на Марсе, трапляюць людзі? Пра гэта, відаць, і не думаў ніхто. Адключыла я сувязь, каб не даймалі… Такое мулкае, какацістае ўражанне, быццам не ў падтрымку ўсё тое гучыць, а як фантасмагарычнае адпяванне. З музыкай космасу і чатырма словамі з псалма, як парэшткамі ўсялякіх надзей».
«Сёння… Які там у нас умоўны дзень? Зрэшты, якая, да ліхаматары, розніца, калі я тут зусім адна! Тое, чаго баялася больш за ўсё. Пра што не хацела думы снаваць. А калі і снавала, то спадзявалася ці нават малілася, каб яно здарылася як мага пазней. Верыць у іншае – у выратаванне і вяртанне на Зямлю – не выходзіла. А што ўжо казаць цяпер! Выбрыкі лёсу са скокамі і песнямі пад гітару і дуду… Такая падэспань, што хоць пятлю дастань».
«Як Дамп і Гамп? Дзе ўжо ж там…»
«Бура ўсё. Сапраўды лакальная».
«Каб не вярэдзіць сабе сэрца, што я поўная баязліўка, якая не хоча праехаць з дзясятак кэмэ і забраць парэшткі мужа, я ўзялася за самапісец. Гэта, панове, сапраўдны пісец. Толькі націск на іншы склад. Ну, і сэнс іншы. Канешне, там запісы не за ўвесь час палёту. Але што захавалася, слухаецца як нешта дужа і дужа дзіўнае. У размовах між сабою пілоты дазвалялі сабе такія выказванні пра членаў экспедыцыі, быццам і за людзей нас не лічылі.