Капанне доўжылася тры солы. Вады засталося, што і Дзюймовачка не напілася б. Скафандр адстрэліў палову мочазаборных капсул. Страўнік зводзіла ад голаду. Аднак не гублялася яснасць думкі, а нязводная стойкасць духу не дазваляла забыцца на мэту. Засынаць, праўда, было надзвычай складана. Даводзілася хітраваць, наладжваючы падачу кіслароду так, каб у пэўны момант папросту знепрытомнець. Начное зорнае неба, на якое Ягор удосталь нагледзеўся праз забрала шлема, выклікала і радасць, і тугу. Недзе там, паміж россыпаў зорак і гузікаў планет, пульсавала святло роднай Зямлі. Не ведаючы дакладна, якая менавіта з гэтых зіхоткіх перлінак і ёсць яна, мужчына пачынаў гуляць у здагадкі, падбіраючы аргументы «за» і «супраць», чаму вунь той светлячок мог быць або не быць яго роднай планетай. Занятак і суцяшаў, і дапамагаў наблізіць шчаслівы момант засынання.

На Марыну не наракаў. Сам жа зрабіў так, каб цяжкавоз адвёз яе на «прыстанішча» – далей ад небяспекі. Але цяпер, калі яўных пагроз не было, ён спадзяваўся, што жонка, палічыўшы яго памерлым, захоча выбрацца на пошукі парэшткаў, каб па-чалавечы пахаваць. Насуперак надзеям, яна не з’яўлялася. Ён шукаў ёй апраўданні і не хацеў нават думаць, што яе магла напаткаць бяда. «Можа, там яшчэ бушуе бура». «Можа, у Марынкі фрустрацыя». «Можа, Божанька ахвоты не даў». Апошнюю думку гнаў у плечы, але яна ўсё наравіла вярнуцца – ні ў дзверы, дык у фортку свядомасці.

Калі Ягор не проста здолеў паварушыць нагамі, а вызваліў іх з-пад абломкаў, стала зразумела, што намаганні не былі пустымі. Саслабелы, ён усё ж устаў. Разгледзеўшыся, непадалёк ад крушні каркаса «насавіка» ўбачыў тое, што заўважыў за імгненне да абвалу, калі пашыбаваў шукаць Варгіна. За дні непрытомнасці і цяжкай працы зямлянін папросту забыўся на ўбачанае. Вобраз быў выцеснены на ўзбочыны свядомасці і, цьмяна ўсплываючы, дагэтуль успрымаўся часткаю трывожных сноў, выкліканых кіслародным галаданнем.

Не наважваючыся зрабіць і кроку наперад, мужчына з трымценнем і цікавасцю разглядаў дзіўны аб’ект. Гэта была яміна, накшталт «чорных адтулін» у правінцыі Фарсіды, якія з даўняй зямной завядзёнкі называліся калодзежамі. Аднак, у адрозненне ад даўно адкрытых калодзежаў, гэтага на мапах не было. Відаць, праз значна меншы дыяметр і адметнасці самой мясцовасці. Зрэшты, здзіўляў зусім не калодзеж, а пірамідальнае ўзвышэнне, якое вызірала з яго нетраў. Складана было дапяць, што гэта такое – апрацаваны кавалак скалы ці абломак касмічнага карабля. Нягледзячы на запыленасць аб’екта, у правільнасці яго форм сумневаў не было.

«Няўжо нешта рукачыннае?» Павагаўшыся, Руткоўскі насмеліўся падысці бліжэй. Ступаў вельмі асцярожна. Прырода і структура марсіянскіх калодзежаў заставаліся слаба даследаванымі. Ніхто не мог паручыцца, што чарговы крок не стане апошнім і пад нагамі не абрынецца парода, цягнучы за сабой чалавека ў бездань. Але чалавек працягваў ісці, з кожным новым імгненнем пераконваючыся, што не памыліўся ў сваёй здагадцы.

Не падступаючы зусім блізка, зямлянін абышоў калодзеж па беражку. На дапамогу зноў прыспелі марсіянскія буйны ветрыкі, здзьмуўшы пыл з большай паловы знаходкі. Ягор ясна адрозніў матавую паверхню. Прыкмеціў сіметрычна размешчаныя пукатыя круглякі і ўстаўкі з сонечнымі батарэямі. Сэрца мужчыны шалёна закалацілася. Памылкі быць не магло: у яме знаходзіўся вялізны робат-мех. «Робат-мех – машына, якая перасоўваецца з дапамогаю механічных ног і зазвычай пілатуецца чалавекам з кабіны ўсярэдзіне», – мімавольна зварухнуліся вусны, даючы азначэнне паводле векапомнай «Энцыклапедыі юных суркоў».

«Няўжо і праўда іншапланетнікі?» – даўшы рады адзервяненню, спытаў сябе зямлянін. Зрабіць яшчэ адзін круг, каб больш уважліва разглядзець меха, моцы не заставалася. Праз продзімень боязі Ягор наблізіўся да робата. Абраў месца, дзе агромністае плячо машыны тулілася да краю яміны, нагадваючы мост. На плячы, нібы татуіроўка, красавала эмблема экспедыцыі – сава з раскінутымі крыламі. Нанесеная рознымі адценнямі шэрага, яна не праглядвалася здалёк. Таму своечасова і не зняла пострахі мужчыны, якога ўсхвалявала адкрыццё. Што праўда, палёгка ад апазнання эмблемы – «Гэта ж наша тэхніка!» – была не дужа адчувальнай.

Пра махіну гэтую ні падчас падрыхтоўкі, ні ў палёце ніхто нават словам не абмовіўся. Ягор паспрабаваў усталяваць з мехам сувязь. Сістэма ўвесь час выдавала памылку: «Пратаколы доступу не супадаюць». Выдавала голасам Марыны. Такія налады калісьці дзеля прыклёпу паставіў сам Ягор. Паслухаўшы фразу з дзясятак разоў, ён зразумеў, што ідэя з агучваннем была не самай лепшай. Што цяпер, у няўдалую часіну, гэта толькі раздражняла. Але мусіў трываць. Трываць і перабіраць у памяці варыянты пазыўных, каб адшукаць адзіны слушны.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже